Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Праваабаронца просіць пакараць судзьдзю


Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны
Гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны зьвярнуўся да генэральнага пракурора Беларусі з просьбай распачаць крымінальную справу супраць судзьдзі Цэнтральнага раёну Алены Цалковай.

4 ліпеня судзьдзя Цалкова пакарала спадара Паплаўнага 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства. Праваабаронца нібыта брыдка лаяўся пасьля акцыі маўклівага пратэсту, хоць насамрэч ён фатаграфаваў беспадстаўныя затрыманьні пратэстоўцаў міліцыяй.

Адседзеўшы паўмесяца за кратамі, Анатоль абскардзіў пастанову на арышт. Абласны суд адмяніў яе, угледзеўшы шматлікія парушэньні Працэсуальна-выканаўчага кодэксу.

У заяве генэральнаму пракурору спадар Паплаўны піша, што судзьдзя Цалкова не зрабіла прававой ацэнкі пратаколу, які быў складзены на яго ў міліцыі з грубымі парушэньнямі. У прыватнасьці, у пратаколе № 0196793 няма зьвестак пра грамадзянства, адукацыю, месца працы Паплаўнага, адсутнічаюць прозьвішчы сьведак. Не дададзены да пратаколу іншыя неабходныя матэрыялы. Арыгінал пратаколу і копія яго, выдадзеная на рукі Анатолю Паплаўнаму, істотна розьняцца. Тым ня менш на падставе "пустога" пратаколу судзьдзя вынесла максымальна жорсткае пакараньне.

Праваабаронца лічыць, што судзьдзя Цалкова вынесла заведама неправасудную пастанову на адміністрацыйны арышт, і гэта цалкам падпадае пад прыкметы часткі 1 артыкула 392 Крымінальнага кодэксу.

Апрача таго, Анатоль Паплаўны зьвярнуўся зь лістом да пракурора Цэнтральнага раёну Гомеля. У лісьце ён просіць даць прававую ацэнку дзеяньням участковага інспэктара Цэнтральнага РАУСу капітана міліцыі Зура, які складаў адміністрацыйны пратакол, і разабрацца, чаму копія пратаколу й арыгінал істотна адрозьніваюцца.
XS
SM
MD
LG