Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабковіч: гэта здрада і саўдзел у палітычных рэпрэсіях у Беларусі


Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
Польская пракуратура перадала беларускаму боку інфармацыю, датычную арыштаванага старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага.

Гэта пацьвердзіў сябра Рады праваабарончага цэнтру "Вясна" Ўладзімер Лабковіч:

"Мы пацьвярджаем, што такая інфармацыя перададзеная. У нас гэта выклікае абсалютнае асуджэньне. Гэта нельга назваць іншымі словамі, як здрада і саўдзел у палітычных рэпрэсіях у Беларусі. Бо польскі бок перадаў гэтую інфармацыю 27 чэрвеня, калі польскаму боку ўжо была вядомая сытуацыя вакол літоўскіх рахункаў. Таму гэта нельга сьпісваць на працу бяздушнага чынавенскага апарату, бо за гэтым стаяць лёсы людзей. І гэта цалкам дэвальвуе ўсе выказваньні наконт адданасьці дэмакратыі і прынцыповай пазыцыі некаторых польскіх палітыкаў адносна беларускага рэжыму. Безумоўна, гэтыя сродкі, як і сродкі літоўскія, калі яны і былі, то, безумоўна, гэта была частка праграмаў па праваабарончай дзейнасьці цягам шматлікіх гадоў".

Камэнтуючы дзеяньні польскага боку, намесьнік старшыні руху "За свабоду" Віктар Карняенка сказаў:

Віктар Карняенка

"Вельмі цяжка паверыць, што гэта выпадкова і што гэта людзі, якія пачуваюць сябе грамадзянамі сьвету. І ў той жа час скрупулёзна выконваюць толькі законы сваёй краіны, нягледзячы на тыя наступствы, якія гэта можа выклікаць. Я ня веру, што гэта выпадковыя здарэньні, калі яны насамрэч ёсьць. Хочацца спадзявацца, што насамрэч гэтага няма. Ня думаю, што такі бардак можа быць у дэмакратычнай краіне. Чынавенская большасьць у маладых краінах Эўразьвязу вельмі хутка забылася, што было ў іх і якім коштам гэта дасягалася. Гэта вельмі непрыемна.

Я думаю, што гэта найперш небясьпечна для беларускім грамадзян, якія падпадаюць пад жорсткія рэпрэсіі за сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць. Каму гэта выгадна — мне цяжка сказаць. Навошта аддаюць чыноўнікі гэтыя дадзеныя недэмакратычным беларускім уладам, калі яны ня могуць узважыць усе наступствы? Мне цяжка сказаць, каму гэта выгадна. Больш важна тое, хто ад гэтага цярпіць".

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў адзначыў, што бюракратычныя мэханізмы маглі быць запушчаныя раней і толькі зараз гэта выплыла. "Але дзіўна, што ніхто з польскага чынавенства, ведаючы сытуацыю, не паставіў перагародку на шляху гэтай інфармацыі", сказаў Някляеў.

Уладзімер Някляеў

"Ёсьць сэнс задумацца, што ня толькі далёкаму, але і бліжэйшаму Захаду мы не далі адказу, што мы ёсьць такія і што тут адбываецца. Пасьля літоўскіх падзеяў я б вельмі глыбока задумаўся пра нас саміх у стасунках з Захадам".

Спадар Някляеў перакананы, што выдачы рахункаў дамагаліся беларускія спэцслужбы.

"І рабілася гэта дзеля таго, каб перакрыць магчымасьці фінансаваньня дапамогі палітвязьням. І тое, што адбылося сёньня, памілаваньне 9-ці чалавек, — я перакананы, што гэтыя дзевяць чалавек даціснутыя проста ў турэмных карцэрах. І апошнюю ролю тут магло адыграць якраз тое, што адбылося зь Бяляцкім. Ім данесьлі інфармацыю, што ніякай дапамогі вашым родным ужо ня будзе, усё скончана, усе рахункі арыштаваныя. І я на месцы любога зь іх моцна задумаўся б. Бо зусім розныя чалавечыя сытуацыі ў турме. Адна сытуацыя, калі ты ведаеш, што твае родныя — а чалавек найбольш баіцца за сваіх родных і блізкіх — неяк абаронены, што ў іх ёсьць за што хлеб купляць. І зусім іншая сытуацыя, калі ты ведаеш, што яны абсалютна нікому не патрэбныя за сьценамі тваёй турмы. І тады ты ня проста будзеш рвацца з гэтай турмы на волю. А будзеш проста імкнуцца вызваліцца, каб самому ім дапамагчы. Вось дзе сышліся гэтыя дзьве лініі, якія нібыта паралельныя. І не выключаю, што гэта, па сутнасьці, дзьве фабулы аднаго сюжэту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG