Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД ладзіць сэрыю праваабарончых канфэрэнцыяў


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
Аргкамітэт па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" абвясьціў аб правядзеньні шэрагу праваабарончых канфэрэнцыяў. Найперш яны будуць арганізаваныя ў тых рэгіёнах, дзе адбываюць пакараньні палітвязьні. Першая такая канфэрэнцыя адбудзецца 17 жніўня ў Магілёве — менавіта ў калёніях Магілёўскай вобласьці адбывае пакараньне большая частка асуджаных за падзеі 19 сьнежня.

Магілёў, Віцебск, Горадня — адрасы першых праваабарончых канфэрэнцыяў. Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні БХД, кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Віталь Рымашэўскі распавёў:

Усе без выключэньня дэмакратычныя сілы рыхтуюць сёньня маршы пратэсту
"Фактычна мэтаў канфэрэнцыяў дзьве. Першая — данесьці да тых людзей, хто непасрэдна адказвае за ўціск, за рэпрэсіі супраць беларускіх палітвязьняў, што яны будуць несьці пэрсанальную адказнасьць за тое, што цяпер адбываецца, што яны ня здолеюць прыкрыцца загадамі вышэйшага кіраўніцтва, беларускім заканадаўствам, якое яны трактуюць па-свойму. Кіраўнікі калёній, адказныя людзі за гвалт, за зьдзекі над палітзьняволенымі павінны ведаць, што яны панясуць пакараньне за гэта, што яны панясуць поўную адказнасьць. І беларускае грамадзтва за гэтым сочыць".

Другая мэта канфэрэнцыяў — актывізаваць рэгіянальныя арганізацыі, рэгіянальную дэмакратычную супольнасьць дзеля салідарнасьці з палітзьняволенымі:

"Усе без выключэньня дэмакратычныя сілы рыхтуюць сёньня маршы пратэсту, удзельнічаюць у сацыяльных акцыях пратэсту. Але мы ня будзем мець поўнага маральнага права праводзіць гэтыя сацыяльныя акцыі, калі будзем забывацца, я лічу, на галоўную маральную праблему, самую актуальную праблему, якая сёньня ёсьць у беларускім грамадзтве — наяўнасьць палітвязьняў. Калі мы ня будзем іх бараніць. Таму задача — актывізаваць і даць імпульс мясцовай салідарнасьці, новы імпульс надаць".

Адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў, што першая такая канфэрэнцыя пройдзе ў Магілёве 17 жніўня ў офісе грамадзкай арганізацыі "Кола сяброў".

"Мы пачалі ўжо запрашаць праваабаронцаў, палітыкаў, адвакатаў, сваякоў палітвязьняў (у першую чаргу тых, што сядзяць у Магілёўскай вобласьці), дыпляматаў, журналістаў. На гэтым праваабарончым форуме найперш юрыдычны аспэкт будзе закрануты. Безумоўна, важны аспэкт — міжнародны. Тут нам неабходна вызначыцца з нашым агульным пасланьнем эўрапейцам — што мы кажам эўрапейцам, якія аказваюць ціск на беларускі рэжым. Трэці аспэкт — праваабарончы. Наступны пункт, які мы зьбіраемся абмеркаваць, — пытаньні салідарнасьці: магчымыя акцыі, сеткавая салідарнасьць".

Алесь Бяляцкі арыштаваны, вядома, не за фінансавыя махінацыі. Ён сядзіць за сваю грамадзянскую пазыцыю
Кіраўніцтва БХД выказала на прэсавай канфэрэнцыі і сваё стаўленьне да арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага. На думку Віталя Рымашэўскага, тое, што зрабілі з Алесем Бяляцкім, — гэта ўдар па ўсёй беларускай апазыцыі:

"Праваабарончы цэнтар "Вясна", і ў прыватнасьці Алесь Бяляцкі, нават сярод іншых палітыкаў, дэмакратычных актывістаў, — іх пазыцыя заўсёды адзначалася прынцыповасьцю, сьмеласьцю ў дачыненьні да дзейнай беларускай улады. Яны заўсёды былі ў авангардзе, яны першымі ўздымалі голас за палітвязьняў, яны першымі далі даволі жорсткую, але справядлівую ацэнку выбарам, фальсыфікацыям. І Алесь Бяляцкі арыштаваны, вядома, не за фінансавыя махінацыі. Ён сядзіць за сваю грамадзянскую пазыцыю, за абарону людзей, і нават больш за тое — ён сядзіць за тое, што ён небясьпечны для сёньняшняй улады".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG