Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальны тэрмін за віртуальны заклік


Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Анатоль Сотнікаў пакараў 36-гадовага інжынэра Зьмітра Шаўчэнку 3 суткамі адміністрацыйнага арышту. Падставай для пакараньня стаўся ягоны запіс у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте", якім Шаўчэнка нібыта парушыў парадак арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

У судзе спадар Шаўчэнка вінаватым сябе не прызнаў і нават ня змог патлумачыць, за што яго затрымалі й пасадзілі ў ізалятар.

Судзьдзя: "То бок вы наагул ня ведаеце, чаму вас затрымалі?".

Шаўчэнка: "Вось вы патлумачылі, у сувязі з чым. Мой адказ: я да гэтага ня маю дачыненьня".

У пратаколе, перададзеным у суд з Чыгуначнага райаддзелу міліцыі, сказана, што 2 жніўня ў 18.55 Зьміцер "праз правайдэра "Белтэлекам" у сетцы "ВКонтакте" заклікаў грамадзянаў сабрацца на несанкцыянаваны збор, пікетаваньне для абмеркаваньня дзейнага ўраду, чым парушыў парадак арганізацыі масавага мерапрыемства".

Гэта пацьвярджалася раздрукоўкай з інтэрнэту, якая была ў адміністрацыйнай справе. Судзьдзя, аднак, разглядаючы справу, не азнаёміў Шаўчэнку з гэтай раздрукоўкай.

Ён зачытаў таксама вытрымку з запісу Зьмітра ў інтэрнэце: "Я гатовы, што мяне пасадзяць, аштрафуюць, пакалечаць, заб’юць за тое, што мы выказваем свой пункт гледжаньня адно толькі прысутнасьцю на кавалачку асфальту плошчы".

Іншых абвінавачаньняў у судзе не прагучала. І паколькі Шаўчэнка адмаўляў сваё аўтарства, то судзьдзя Сотнікаў пацікавіўся: ці ёсьць у каго-небудзь іншага, апрача Зьмітра й ягонай жонкі, ключы ад кватэры?

Пачуўшы адмоўны адказ, Сотнікаў пастанавіў пакараць спадара Шаўчэнку 3 суткамі арышту.

Судзьдзя: "Суд угледзеў у вашых дзеяньнях склад адміністрацыйнага правапарушэньня, які прадугледжаны артыкулам 23.34, і накладае на вас спагнаньне, з улікам непрызнаньня вамі вашай віны й адсутнасьцю зьмякчаючых вашу віну абставінаў, — адміністрацыйны арышт тэрмінам 3 сутак".

Пытаньне Зьмітра: "А як жа з доказамі?" павісла ў паветры.

Пасьля агалошваньня выраку ахоўнікі зноў зашчоўкнулі кайданкі на руках Шаўчэнкі й хуценька павялі яго з кабінэту судзьдзі на вуліцу, каб адвезьці назад у ізалятар адбываць рэшту адміністрацыйнага пакараньня.

У калідоры Шаўчэнка толькі й змог сказаць: "Памылка! Памылка!".

Сястра Зьмітра Алена, якая прысутнічала ў судзе, дзіву даецца гэткім абвінавачваньню й пакараньню:

"Узялі, незразумела за што ўзялі. У судзе тое, што было зачытана, не адпавядае абвінавачаньню. І калі чалавека неабгрунтавана садзяць за краты, то, пэўна ж, гэта парушэньне Канстытуцыі".

Зьмітра Шаўчэнку міліцыянты затрымалі 6 жніўня пад вечар на лецішчы блізу Гомеля, дзе ён быў са сваякамі й дзецьмі. Ягоная жонка Ала даведалася пра арышт мужа праз колькі гадзін якраз ад сваякоў:

"Я патэлефанавала ў той жа вечар у РАУС, спачатку Цэнтральнага раёну. Мне адказалі, што мужа ў іх няма. Потым у Чыгуначны. Там таксама сказалі, што такога не затрымлівалі. Пытаюся: "Дык куды мне тэлефанаваць, каб даведацца?". Чую, дзяжурны ў супрацоўнікаў пытаецца: "Як прозьвішча чалавека, якога прывезьлі?". І затым ужо дзяжурны адказаў, што мужа прывезьлі і адпраўляюць у ізалятар на вуліцу Міжгароднюю і што суд будзе ў панядзелак". І больш нічога не паведаміў. Раніцай я ў ізалятар тэлефанавала. Сказалі, што перадачаў нельга".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG