Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікабрытанія: Затрыманьне Бяляцкага яшчэ адзін абуральны выпадак перасьледу праваабаронцаў


Затрыманьне Алеся Бяляцкага афіцыйны Лондан расцаніў "як яшчэ адзін абуральны выпадак перасьледу праваабаронцаў у Беларусі". Пра гэта гаворыцца ў заяве брытанскага міністра па справах Эўропы Дэвіда Лідынгтана, якую распаўсюдзіла 6 жніўня пасольства Вялікабрытаніі ў Менску.

"Я глыбока заклапочаны зьвесткамі аб арышце вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, старшыні паважанай праваабарончай арганізацыі "Вясна" і віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Ён быў затрыманы ў мінулы чацьвер паводле падазрэньня ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры — пакараньне за такога кшталту злачынства прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўленьня волі", — гаворыцца ў заяве.

"Мы разглядаем гэта як яшчэ адзін абуральны выпадак перасьледу праваабаронцаў у Беларусі", — заявіў Лідынгтан.

"Я заклікаю беларускія ўлады забясьпечыць належную павагу да правоў і свабод праваабаронцаў у адпаведнасьці з міжнароднымі дагаворамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь. Вялікабрытанія будзе ўзьнімаць пытаньне аб пагаршэньні сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі падчас перамоў з партнэрамі па Эўразьвязе", — гаворыцца ў заяве міністра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG