Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы Алесь Бяляцкі

абноўлена

4 жніўня супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. На кватэры і лецішчы Бяляцкага, а таксама ў офісе арганізацыі прайшлі ператрусы. Бяляцкага вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу "ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйных памерах".

22.40 Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч паведаміў "Свабодзе", што Алеся Бяляцкага затрымалі на 3 сутак, на працягу якіх будзе вызначацца статус Бяляцкага.

21.15 Алеся Бяляцкага вывелі з офісу і павезьлі на допыт у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, дзе яго ўжо чакае адвакат.




21.04 З праваабарончага цэнтру "Вясна" выйшлі панятыя, якія прысутнічалі падчас ператрусу ў офісе. Алесь Бяляцкі і супрацоўнікі спэцслужбаў застаюцца ў памяшканьні.

20.49 Калегі Алеся Бяляцкага баяцца, што ўжо сёньня праваабаронца можа быць узяты пад варту. Зьміцер Лаеўскі, адвакат Алеся Бяляцкага, цяпер знаходзіцца ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і ад яго стала вядома, што пасьля ператрусу Бяляцкі будзе дастаўлены туды на допыт.

19.55 Артыкул Крымінальнага кодэксу, па якім, паводле папярэдніх зьвестак, Алесь Бяляцкі абвінавачваецца нібыта ва "утойваньні прыбыткаў у асабліва буйных памерах", прадугледжвае максымальнае пакараньне – пазбаўленьне волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

19.50 Людзі ў цывільным знайшлі двух панятых – мужчыну і жанчыну. Іх прывялі ў офіс "Вясны". Туды ж увялі Бяляцкага, астатнім уваход забаронены. Яшчэ адзін супрацоўнік спэцслужбаў здымае на відэакамэру ўсіх, хто сабраўся ля офісу – перадусім гэта журналісты і праваабаронцы.

19.36 Тры супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным выйшлі з офісу "Вясны" і накіраваліся ў суседні дом.

19.32 Да офісу "Вясны" прывезьлі Алеся Бяляцкага. Ён пасьпеў сказаць, што яго абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкулу за нібыта "утойваньне прыбыткаў у асабліва буйных памерах". У офісе пачаўся ператрус. Жонку з сынам павезьлі на лецішча ў Ракаў, дзе таксама будзе ператрус.

18.55 Ля офісу "Вясны" па-ранейшаму дзяжураць людзі ў цывільным.

Людзі ў цывільным на ганку дому, дзе месьціцца офіс "Вясны"

Паводле зьвестак, вобшук у кватэры Алеся Бяляцкага працягваецца, пасьля яго заканчэньня праваабаронцу павінны прывезьці ў офіс, дзе гэтаксама будзе праведзены ператрус, а жонку Натальлю – на лецішча ў Ракаў.

18.25 Тацяна Равяка паведамляе, што каля офісу "Вясны" стаяць пяць чалавек у цывільным:

"На колькі мне вядома, гэта супрацоўнікі КДБ і Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Яны чакаюць, калі сюды прывязуць Алеся Бяляцкага, каб правесьці ператрус і на офісе. Пакуль ніякіх дзеяньняў няма, толькі чакаюць".


17.57 Ператрус у кватэры Алеся Бяляцкага працягваецца. Людзі ў цывільным не дазваляюць праваабаронцу і ягонай жонцы Натальлі кантактаваць з журналістамі, забараняюць размаўляць па тэлефоне.

17.47 Жонка спадара Бяляцкага Натальля пасьпела паведаміць журналістам БелаПАН, што людзі ў цывільным прад'явілі пастанову на ператрус. Аднак яна так і не разабралася, кім канкрэтна папера падпісаная і якая структура праводзіць ператрус.

Як паведаміў “Белсату” праваабаронца Ўладзімер Лабковіч, затрыманьне Алеся Бяляцкага зьвязанае з ягонай грамадзкаю дзейнасьцю, а перадусім з той матэрыяльнай дапамогай, якую праваабарончы цэнтр аказваў палітзняволеным і ахвярам рэпрэсіяў.

17.28 “Ён быў затрыманы ў раёне плошчы Перамогі, па папярэдняй інфармацыі – на загад Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Куды ён дастаўлены – пакуль нам не вядома, зараз гэта будзе высьвятляць адвакат. І вядома, што ў кватэры Алеся Бяляцкага зараз праводзіцца ператрус. Я думаю, гэта зьвязана з тым, што мы аказвалі ня толькі прававую, але і матэрыяльную падтрымку ахвярам рэпрэсій. Думаю, зьвязана менавіта з гэтым”, – заявіла супрацоўніца “Вясны” Тацьцяна Равяка.

Раней мэдыі паведамлялі, што ў цывільным пачалі зьбірацца ля менскага офісу праваабарончай арганізацыі "Вясна" сёньня ў сярэдзіне дня. У двары прыпаркаваліся дзьве машыны зь невядомымі, а пад пад’ездам дзяжурыў участковы. Супрацоўнікі арганізацыі пакінулі офіс, не чакаючы магчымай сілавой акцыі.

Алесь Бяляцкі - кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Вясна", віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Некалькі год таму Бяляцкага вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” – няўрадавая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году. Уяўляе сабой рэспубліканскае аб’яднаньне з цэнтрам у Менску і рэгіянальнымі арганізацыямі ў большасьці буйных гарадоў Беларусі. Па ўсёй краіне колькасьць сябраў складае каля 200 чалавек. Рашэньнем Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 году за ўдзел у назіраньні пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” было безпадстаўна пазбаўленае дзяржаўнай рэгістрацыі. 6 сакавіка 2004 году ПЦ “Вясна” быў прыняты ў Міжнародную Федэрацыю Правоў Чалавека (FIDH).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG