Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі затрыманых: "Ад нас хаваюць інфармацыю"


Затрыманьні каля турмы ў Горках
Затрыманьні каля турмы ў Горках
Чатырнаццаць актывістаў, якіх затрымалі 2 жніўня каля Горацкай папраўчай калёніі № 9, другія суткі застаюцца ў зьняволеньні без суду. Іх затрымалі за пікет у абарону лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча, які адбывае пакараньне ў гэтай турме. Сёньня чакалася, што разгляд адміністрацыйных спраў адбудзецца ў Горацкім раённым судзе. Суды, аднак, не адбыліся.

Сёньня раніцай стала вядома, што затрыманых актывістаў з Горацкага ізалятара часовага ўтрыманьня перавезьлі ў суседні райцэнтар Дрыбін. У Дрыбіне, куды прыехалі журналісты й бацькі затрыманых, у мясцовым райаддзеле міліцыі паведамілі, што да іх прывезьлі толькі дзесяць актывістаў, у тым ліку чатырох дзяўчат. Яшчэ чацьвёра хлопцаў застаюцца ў Горках. Калі й дзе іх будуць судзіць, заставалася таямніцай да 18 гадзіны.

Высьветлілася, што суды адбудуцца ўсё ж у Горках. Неабходнасьць падзелу групы затрыманых дрыбінскія міліцыянты патлумачылі тым, што ў Горках ізалятар перапоўнены. Яны таксама паведамілі, што адміністрацыйна затрыманыя могуць знаходзіцца ў няволі да суду 72 гадзіны. Тыя, хто прыехаў на суды, каб падтрымаць зьняволеных актывістаў, зьвязалі раптоўную зьмену ізалятараў і адтэрміноўку судоў з прыездам на Гораччыну Лукашэнкі.

Увесь дзень чакалі суду ў Дрыбіне бацькі журналісткі Тацяны Шапуцькі — Ганна й Віктар:

"Мы ня можам сказаць, што зь імі ўсё ў парадку. Інфармацыю мы
Мы ня можам сказаць, што зь імі ўсё ў парадку.

атрымліваем толькі ад супрацоўнікаў аддзелу міліцыі пра тое, што яны знаходзяцца ў ізалятары й што іх пакармілі. І наагул у іх усё добра. Што далей зь імі будзе, невядома.

І хаваюць ад нас інфармацыю. І самі ня ведаюць інфармацыі, пакуль нехта зьверху яе не прышле. Усе чакаюць, каб нехта ім нешта прыслаў. Ніхто тут ні за што не адказвае. Усе чакаюць высокага дзядзьку".

Чакалі судоў больш за дзесяць чалавек. Акрамя журналістаў і бацькоў затрыманых, былі актывісты незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". Некаторыя зь іх пераяжджалі з Горак у Дрыбін па некалькі разоў — між райцэнтрамі дваццаць кілямэтраў.

2 жніўня больш за тры дзясяткі актывістаў прыехалі ў горацкую турму, каб дамагчыся сустрэчы адваката са Зьмітром Дашкевічам. Пасьля таго як кіраўніцтва не дазволіла адвакату сустрэцца са зьняволеным актывістам, яго паплечнікі зладзілі пікет. Фармальная прычына адмовы — маўляў, Дашкевіч пісьмова не паведаміў кіраўніцтву, што хоча сустрэцца з адвакатам. Перш чым пікет разагналі, актывісты перадалі адміністрацыі турмы ліст, у якім выказалі асьцярогу, што з Дашкевічам у турме адбываецца нешта нядобрае, і ўсклалі віну за гэта на турэмшчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG