Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Дзьмітрыю Бандарэнку зрабілі апэрацыю


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
Палітвязень Дзьмітрый Бандарэнка знаходзіцца ў менскім шпіталі № 5 пасьля апэрацыі на хрыбетніку. Былому кандыдату на прэзыдэнта Дзьмітрыю Вусу не перадалі мэдычную пасылку ад жонкі. Сваякі іншых палітвязьняў чакаюць сустрэчы перад этапаваньнем у калёнію.

Палітвязьню Дзьмітрыю Бандарэнку праведзена апэрацыя на хрыбетніку ў пятым шпіталі Менску. Учора яго зьмясьцілі ў шпіталь, потым вярнулі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Аднак у той жа дзень ізноў перавезьлі ў хірургічнае аддзяленьне менскага шпіталя № 5, дзе сёньня і праапэравалі, паведаміла "Свабодзе" Вольга — жонка Дзьмітрыя Бандарэнкі:

"Я ўвесь час сядзела ў шпіталі і малілася. Калі яго правозілі міма на каталцы, то ён ня спаў, убачыў мяне і паказаў мне знак вікторыі. Лекар, які рабіў апэрацыю, сказаў, што яна прайшла пасьпяхова. Мне таксама дазволілі перадаць яму ваду і сродкі асабістай гігіены".

Як паведаміла Вольга Бандарэнка, Дзьмітрый знаходзіцца ў звычайнай палаце на тры месцы, але пад аховай. Супрацоўнікі спэцслужбаў знаходзяцца ў палаце непасрэдна, а таксама на калідоры — усяго іх трое. Жонка палітвязьня таксама кажа, што зараз будзе змагацца за тое, каб Дзьмітрый атрымаў неабходную рэабілітацыю, якая ў звыклых умовах складае ня менш за 10 дзён.

Яўгенія Вус
А Яўгенія Вус — жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса — паведаміла, што яе мужу не перадалі ад яе мэдычную пасылку. Пра гэта ён паведаміў падчас учорашняй сустрэчы, кажа Яўгенія Вус:

"Выглядае ён ня вельмі добра: па-першае — сьпёка, па-другое — яго перавялі ў камэру, разьлічаную на чатыры чалавекі, а насамрэч іх там пяць. Таксама ў яго часта падымаецца ціск, але лекары на гэта амаль не глядзяць і ніхто ім там не дапамагае. Паперы аб прызнаньні сваёй віны і аб памілаваньні Дзьмітрый падпісваць не зьбіраецца — пра гэта ён адразу сказаў, бо тэрмін ён атрымаў ні за што і прасіць памілаваньня яму няма за што".

Яўгенія Вус паведаміла, што ў калёнію ў Магілёве Дзьмітрыя Вуса перавядуць у бліжэйшую пятніцу.

Наймалодшы сярод палітвязьняў, 19-гадовы Сяргей Казакоў чакае выхаду з карантыну ў бабруйскай турме. Маці, Ганна Казакова, спрабуе атрымаць дазвол на сустрэчу з сынам перад яго пераводам у калёнію пасьля безвыніковага перагляду касацыйнай скаргі. А пакуль навіны пра сына даведваецца ад сваякоў іншых палітвязьняў. Гаворыць Ганна Казакова:

"Пра магчымасьць атрымаць такую сустрэчу я нават і ня ведала. Але мне патэлефанавалі Федаркевічы і паведамілі, што я магу ўзяць такі дазвол. Тыя ж самыя перадачы — куды адпраўляць, колькі, што — гэта вельмі вялікая справа, што мы кантактуем, і я вельмі гэтаму радая".

21 ліпеня павінен быў выйсьці з карцэру, у якім апынуўся чацьвёрты раз, яшчэ адзін палітвязень — Мікіта Ліхавід. Ягоная маці Алена разам з адвакатам мела намер наведаць сына. Аднак цяпер за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" Алена Ліхавід адбывае 10-суткавае зьняволеньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG