Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп зьвернецца ў ААН


Ірына Халіп (у цэнтры) пасьля касацыйнага разгляду скаргі
Ірына Халіп (у цэнтры) пасьля касацыйнага разгляду скаргі
Менскі гарадзкі суд сёньня пакінуў бязь зьмены прысуды журналістцы Ірыне Халіп, сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу і Сяргею Марцэлеву, кіраўніку штабу кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Усе яны падавалі касацыйную скаргу на рашэньні суду Заводзкага раёну сталіцы. 16 траўня раённы суд прысудзіў Ірыне Халіп два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады, Паўлу Севярынцу — тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем на так званую "хімію", Сяргею Марцэлеву — два гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады.

Ірына Халіп пасьля вынясеньня сёньняшняга прысуду сказала, што нічога іншага і не чакала:

"Усё адбывалася як звычайна. У нас ужо ёсьць пэўныя судовыя традыцыі. Гэта нават прыемна, таму што ведаеш, што будзе заўтра. Адчуваеш сябе ўсёмагутным, паколькі ты ўсё дакладна ведаеш. Ведаеш, які будзе прысуд, і што будзе потым, і што скажа судзьдзя, і што скажа пракурор".

Такой жа думкі прытрымліваецца і Павал Севярынец:

"Усе прысуды па падзеях 19 сьнежня — гэта беззаконьне. І паколькі цяперашні рэжым у нашай краіне захоўваецца, то і беззаконьне працягваецца".

Уладзімер Халіп, бацька Ірыны, прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні. Тое, што адбылося ў судовай залі, ён пракамэнтаваў для "Свабоды" так:

"Пакорлівыя людзі выконваюць загады. Дразды могуць спакойна есьці крадзеныя дранікі. Створаная гэтым чалавекам карная сыстэма працуе бездакорна. Яны расправіліся з намі. Але бяз працы яна не застанецца. Цяпер яны возьмуцца за іншых. А калі іншыя скончацца, возьмуцца за сваіх. Гэта ўсё ўжо было ў 37-м годзе, у іншыя гады. Гэта — рэха той жа сталінскай сыстэмы".

А маці Паўла Севярынца Тацяна сказала "Свабодзе", што ўпершыню пабачыла, як пракурор чытаў на працэсе Біблію:

"Што было чакаць ад гэтых ганебных прысьпешнікаў рэжыму? Нічога іншага. Сёньня ў пракурора дрыжалі рукі, голас. Я ўпершыню на судзе пабачыла, што пракурор чытае Біблію. Ці ён шукаў сабе там нейкага апраўданьня? Ці ён шукаў падтрымкі моцы ў слове Божым, каб рабіць такую ганебную, несправядлівую справу?

Мы і сёньняшняе вытрымаем. Няхай не спадзяюцца, што нехта будзе кланяцца, будзе прасіць, будзе біцца ў ножкі. Не. Міласьці можна прасіць толькі ў Бога, а ня ў гэтых уладаў".

Павал Севярынец цьвердзіць, што "хіміі" ён не баіцца, бо ўжо ведае, што гэта такое:

"Прывяду ў парадак усе хатнія справы. Адпішу лісты тым, хто зараз на зонах. І буду гатовы да адпраўкі".

А Ірына Халіп будзе абскарджваць сёньняшняе рашэньне ў Вярхоўным судзе Беларусі. І не таму, што верыць у ягоную справядлівасьць:

"Ёсьць Вярхоўны суд. Ёсьць Камітэт па правах чалавека ААН. І гэта адзіная міжнародная інстанцыя, у якую мы можам зьвяртацца. Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. І таму Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры для нас закрыты. Застаецца ААН, куды мы абавязкова зьвернемся.

А Вярхоўны суд патрэбны не таму, што мы спадзяемся, як мой муж Андрэй Саньнікаў, што там раптам нейкі раб паўстане. Не, вядома ж. Але мы пройдзем усю гэтую працэдуру, каб мець поўны пакет дакумэнтаў для ААН. І для наступнай рэабілітацыі".

Халіп, Севярынец і Марцэлеў асуджаныя ў межах справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году паводле абвінавачаньня ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG