Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 сутак ні за што. Турэмны дзёньнік незалежнага журналіста (1)


Незалежны журналіст з Магілёва Алесь Асіпцоў адбыў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня. У турме ён вёў дзёньнік. Сёньня мы прадстаўляем першую зь пяці частак гэтага нявольніцкага летапісу. Алесь называе свой дзёньнік «Абразкамі журналіста ў няволі». У ім размова пра людзей, якія ўдзельнічалі ў магілёўскіх маўклівых акцыях пратэсту 3 і 6 ліпеня і былі іх сьведкамі. Гэта простыя людзі, журналісты, міліцыянты — беларускія грамадзяне.

3 ліпеня: Іду са сквэру. Зь яго міліцыянты выцесьнілі маўклівы пратэст. На мне журналісцкі бэдж.

6 ліпеня. Дзень як дзень. Чакаю позвы на суд у справе «3 ліпеня». Мне інкрымінуюць удзел у несанкцыянаваным шэсьці. Паводле міліцэйскага пратаколу: «Ішоў у арганізаванай калёне, сынхронна рукапляскаў, чым прыцягваў увагу грамадзян». Апоўдні тэлефануе мой калега Ўладзімер Лапцэвіч. «У цябе, кажа, суд сёньня». «Ды не, — адказваю, — позвы няма. Зараз спраўджу ў судовай канцылярыі». Там слухаўкі не бяруць. Набіраю нумар старшыні Ленінскага суду Кужалевай. Тая заяўляе: «Вашых спраў у нас яшчэ няма». Троху пазьней тэлефануе праваабаронца Барыс Бухель і паведамляе: у судовай канцылярыі яму заявілі, што позваў чакаць ня варта. Нас усіх, затрыманых 3 ліпеня, на суд прывязе міліцыя.

А сёмай вечара ў двары, на дзіцячай пляцоўцы, зьяўляецца малады чалавек. Ён зь непрыхаванай цікаўнасьцю разглядае мой балькон. Убачыўшы на ім мяне, адводзіць позірк. Прыкладае да вуха тэлефон. Гэта паўтараецца некалькі разоў. Бяру фотаапарат і фіксую наглядача. Фатаўспышка выдае маё дзеяньне. Маладзён ускоквае і сыходзіць. Хвілін празь дзесяць суседзі папярэджваюць, каб сядзеў дома. Ля крамы «Эўраопт», за сто мэтраў ад майго дома, двое маладых хлопцаў маюць аркуш паперы з маім фота і прозьвішчам «Осипцов». Ахвоты быць затрыманым другі раз за тое, што нібыта мачыўся ля «Эўраопта», як тое было 24 сакавіка, няма. Нічога не парадзіш — прыслухоўваюся да засьцярог суседзяў. Пра тое, што ў аблозе, паведамляю начальству й калегам зь іншых СМІ. Даю інтэрвію «Эўрапейскаму радыё для Беларусі». А палове на восьмую на парозе госьці — капітан і старлей.
Які ізалятар, — з абурэньнем заяўляе капітан. — Дааформім паперы, і вы дома.

Капітан неяк няўпэўнена мармыча: «Аляксандар Якаўлевіч, трэба праехаць з намі ў аддзел — дааформіць паперы па «Трэцім ліпеня». Зьбіраюся. Даю парады жонцы. Абавязкова, кажу, пакладзі ў перадачу кніжку пра Францішка Аляхновіча. Сёньня не чакай — у ізалятары буду. «Які ізалятар, — з абурэньнем заяўляе капітан. — Дааформім паперы, і вы дома». На вачах у зьдзіўленых суседзяў сядаю ў міліцэйскія «Жыгулі». Спалоханую меншую дачку супакойваю: «Ня бойся».

Ленінскі аддзел міліцыі. Актавая заля. Старлей афармляе паперы. Капітан пры ім. Тлумачыць: паколькі я часова затрыманы, неабходна адключыць тэлефоны й правесьці агляд маіх рэчаў. «Як вас хоць завуць, капітан?» — пытаюся ў ахоўніка правапарадку. — «Іваноў Аляксандар Іванавіч», адказвае. Ну, Іваноў дык Іваноў. Прыводзяць зьбянтэжаных двух спадароў з рэзкім пахам алькагольнай парфумы. «Гэта панятыя», заяўляе капітан. Позіркі ў іх без прыкметаў асаблівай цікаўнасьці да таго, у чым удзельнічаюць. Капітан бярэ Канстытуцыю. Надыктоўвае старлею: «Кніжка «Канстытуцыя». Да мяне: «Канстытуцыю варта ведаць, а ня толькі мець пры сабе. А пра што 22 артыкул?». Пракручваю ў галаве, што адказаць Іванову — прадэманстраваць сваё веданьне Канстытуцыі альбо пакпіць зь міліцыянта? Думаю сабе: «Дык што толку з таго, што паводле кніжкі „Канстытуцыя“ ўсе роўныя перад законам? Усё роўна давядзецца начаваць у турме». Пакуль гутарым з капітанам пра законнасьць, старлей аформіў вопіс. Дае азнаёміцца. Праглядаю: «Усё маё, кажу, лішняга няма». «Хіба панятыя дапусьцяць парушэньні?», зьвяртаюся да грамады ў актавай залі. Панятыя шморгаюць насамі. Маўчаць. Паслухмяна падпісваюцца.

Пакуль старлей карпеў над «паперамі», а капітан бегаў па панятых, я разглядаў аздобу актавай залі. Тут дошка гонару зь перадавікамі міліцэйскай вытворчасьці аддзелу. Яго кіроўны склад. Тут жа плякат з наборам правілаў, як стаць добрым беларускім міліцыянтам. Пад плякатам подпіс. Панявечаны, праўда. Бальшыні літар няма, аднак прачытаць можна. Разьбіраю: «Генерал… Наумов». «Што ж вы не паважаеце былога міністра», падколваю капітана Іванова. — «А што, ён жа ўжо не міністар», парыруе праваахоўнік з БРСМаўскім значком на лацкане.

Заводзяць у дзяжурную частку Ленінскага аддзелу міліцыі. Вітаюся. На маё «Добры дзень» — кпіны, ёрнічаньне. «Ого, затрыманыя, якія выхаваныя», — адказвае на вітаньне адзін зь міліцыянтаў дзяжуркі. Да яго з пытаньнем: «Я ня тое нешта сказаў?». Міліцыянт адводзіць вочы, мітусіцца. Робіць выгляд, што дужа заняты, каб адказваць. Капітан Іваноў зьніякавела: «А што, законапаслухмяны грамадзянін. Культурны». Потым да мяне: «Тут такія „аўтарытэты“ бываюць, што нагамі дзьверы адчыняюць». Падумалася: «Мо варта выйсьці і гэтак зрабіць, як тыя аўтарытэты».
Дзяжурны ізалятара вітае: «А, я вас памятаю. Вы тут, здаецца, нядаўна былі».

У ізалятар вязуць зноў на «Жыгулях». Кіроўца — міліцыянт у цывільным. Замест штаноў — трусы-шорты. Акрамя яго, капітан Іваноў і ягоны напарнік па маім арышце — старлей. Дзяжурны ізалятара вітае: «А, я вас памятаю. Вы тут, здаецца, нядаўна былі. Пры вас быў дыктафон і яшчэ нешта журналісцкае». Усьміхаюся. Зноў перапісваюць мае рэчы. Капітан Іваноў расьпісваецца ў нейкім журнале. Супрацоўнік ізалятара ў яго пытаецца, таксама нешта пазначаючы ўжо ў сваім журнале: «А як тваё прозьвішча». Ад капітана Іванова чую — Марозаў. Падумалася: «Ну навошта міліцыянту ўтойваць імя, калі дзеяньні законныя?». Вось табе й 22 артыкул «кніжкі «Канстытуцыя».

Завялі ў камэру на восем чалавек — столькі ў ёй ложкаў. Яны ў два ярусы. У камэры — двое хлапцоў. Іх, як і мяне, затрымалі трэцяга ліпеня. Аднаго, Аляксандра, узялі проста з працы. На вачах у калегаў. Як і мяне, павезьлі даафармляць дакумэнты. Другі, Віталь, — газэтчык. Апынуўся ў няволі паводле той жа схемы. Вітаемся. Згадваем спэцапэрацыю міліцыі трэцяга ліпеня.

На афіцыйны Дзень незалежнасьці Аляксандар у сквэр насупраць плошчы Леніна прыйшоў зь цяжарнай жонкай. Яго затрымалі першым. Жонка засталася на волі. Потым чакала пяць гадзін мужа ля Ленінскага аддзелу міліцыі. Віталя затрымалі на скрыжаваньні Ленінскай і Пажарнага завулка. Тут гвалтоўна хапалі людзей. Ён кінуўся бараніць дзяўчыну, якую бугаі ў цывільным зацягвалі ў чэрава свайго аўтобуса.

За гутаркай час ляціць імкліва. 22 гадзіна. Адбой. Наглядачы выключаюць дзяржаўнае радыё. Гутарку не прыпыняем. На жарты голасна рагочам. Адчыняецца акенца ў дзьвярах: «Хлопцы, цішэй. У нас адбой». Сярод ночы камэра папаўняецца трыма маладзёнамі. Іх затрымалі на маўклівай акцыі 6 ліпеня. Хлапцам гадоў па васямнаццаць. Яны паведамілі, што гэтым разам на маўклівым пратэсьце затрымалі васьмярых удзельнікаў.

Шэсьць гадзін раніцы 7 ліпеня. З рэпрадуктара захрыпеў гімн. З акенца: «Хлопцы, пад’ём». Неахвотна падымаемся. Даюць венік і анучу са швабрай. Бяром, ставім да сьцяны. Адчыняюцца дзьверы: «Ня хочаце прыбіраць. Парушаеце рэжым. Я вам устрою», страшыць прапар. Прынесьлі сьняданак. Каша-размазьня ды гарбата. Маладыя хлопцы на кашу: «Што гэта?». Сьняданак, адказваем. Пратэстоўцы корпаюцца ў кашы. Смакуюць. Моршчацца, але ядуць…

Працяг будзе.

Рукапіс дзёньніка з арыштанцкім сувэнірам — ранішняй пайкай хлебу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG