Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарсуд разгледзіць касацыйныя скаргі на прысуды Статкевічу і Вусу


Дзьмітры Вус
Дзьмітры Вус
Менгарсуд разгледзіць у аўторак касацыі экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі Статкевіча і Вуса, а таксама журналісткі Халіп.

Менскі гарадзкі суд 19 ліпеня разгледзіць касацыйныя скаргі на рашэньне суду Ленінскага раёну, які зьняволіў экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса.

Мікалаю Статкевічу прысудзілі шэсьць гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а Дзьмітрыю Вусу — 5,5 года, перадае Інтэрфакс.

Экс-кандыдатаў абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня ў Менску. Разам зь імі 26 траўня былі асуджаныя Аляксандар Класкоўскі — на 5 гадоў пазбаўленьня волі, Аляксандар Квяткевіч — на 3,5 года, Дзьмітрый Буланаў — на 3 гады, Арцём Грыбкоў — на 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму. Іх касацыйныя скаргі таксама плянуецца разгледзець 19 ліпеня.

У гэты ж дзень будзе разгледжана скарга, пададзеная на прысуд журналісткай, жонкай экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірынай Халіп, якая асуджаная на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

Таксама будзе разглядацца касацыйная скарга на прысуд сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу, які пакараны трыма гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Раней Менгарсуд адхіліў скаргі на прысуды шэрагу палітвязьняў, асуджаных за ўдзел у акцыі апазыцыі 19 сьнежня мінулага году.
XS
SM
MD
LG