Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Умовы ў Мытным зьвязе дыктуе Расея


У Маскве прэм'ер-міністры Расеі, Беларусі і Казахстану падлічваюць дывідэнды ад дзейнасьці Мытнага зьвязу ды прыкідваюць выгады ад сяброўства ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Аднак экспэрты кажуць, што калі Масква і Астана сапраўды атрымалі пэўныя эканамічныя перавагі, то Менску хваліцца асаблівымі прыбыткамі не выпадае.

Відавочнымі плюсамі Мытнага зьвязу для Беларусі аналітыкі лічаць:

— скасаваньне надгляду грузаў і дакумэнтаў на межах паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам, у выніку чаго зьніклі аўтамабільныя чэргі;

— вырабленыя ў краінах-сябрах Мытнага зьвязу тавары атрымалі выхад на агульны 170-мільённы рынак бяз квотаў і абмежаваньняў;

— сыравіна і камплектацыя, у тым ліку нафта і газ, павінны стаць для Беларусі істотна таньнейшымі.

Галоўнае, што падштурхнула беларускае кіраўніцтва ўступіць у Мытны зьвяз, — разьлік атрымліваць бязмытныя энэргарэсурсы з Расеі. Аднак вось ужо паўтара году ад пачатку дзейнасьці міждзяржаўнага новаўтварэньня Масква не сьпяшаецца рабіць саступкі — і нафта, і газ застаюцца ў рэжыме так званага вынятку ў сфэры энэргетыкі. Ільготныя кошты абяцаюць увесьці толькі ў 2012 годзе, як запрацуе Адзіная эканамічная прастора. Пакуль жа, як кажа фінансавы кансультант Сяргей Чалы, умовы ў энэргетычнай галіне для Беларусі толькі пагаршаюцца:

"Стаўка адпачатку была на тое, што ад нафты мы атрымаем удвая больш. Найперш зыходзілі з уваходнага кошту, які можна было разьлічваць, і велічыні мыта. Але ў параўнаньні з тым, на што разьлічвалі яшчэ год таму, сытуацыя для Беларусі істотна пагоршылася. Умовы, у якіх цяпер працуе энэргетычны сэктар, прыкметна горшыя. Кіраўніцтва спадзявалася, што проста будзе зьнятае экспартнае мыта. І, вядома ж, ужо падлічвалі барышы — тады размова вялася пра дадатковыя 3,5—4 мільярды даляраў на год. Але з-за таго, што ўведзеныя: а) прэмія пастаўшчыкам і б) экспартнае мыта на нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты, — у выніку выгада атрымалася прыкладна ў 2—2,5 разу меншая за тую, на якую разьлічвалі".

Згодна з падлікамі экспэртаў МВФ, увядзеньне Расеяй экспартнага мыта на пастаўку нафты азначала для беларускага бюджэту страту 2 мільярдаў даляраў. На дадатак да гэтага была ўведзеная прэмія для расейскіх дастаўцаў, якую ў канцэрне "Белнафтахім" наўпрост называюць прыхаванай пошлінай.

Аналягічная сытуацыя — у справе газавых паставак. Беларускі бок намагаецца ўвязаць унутрырасейскія цэны на газ з набыцьцём "Газпрамам" 50% акцыяў "Белтрансгазу", аднак у газавым канцэрне такі сцэнар катэгарычна адхіляюць. У выніку, як лічаць экспэрты, непаразуменьні паміж Менскам і Масквой будуць толькі абвастрацца.

Пры такім раскладзе, на думку казаскага палітоляга Дасыма Сатпаева, ня выключана, што кіраўніцтва Беларусі будзе намагацца ўтварыць з Казахстанам своеасаблівы антырасейскі альянс, каб разам чыніць ціск на Маскву. Апошнія падзеі паказваюць, што ў Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева няма прынцыповых разыходжаньняў; мала таго, ня так даўно менавіта перад казахстанскім калегам Лукашэнку было сорамна за ўласны народ, які спачатку спарадзіў ажыятаж на валютным рынку, а пасьля кінуўся скупляць алей ды цукар:

"Улічваючы здольнасьць Назарбаева з усімі сябраваць, я ня думаю, што ў яго цяпер існуюць нейкія прэтэнзіі да Беларусі, да Лукашэнкі. Больш за тое, падазраю, што і сам Назарбаеў хоча, каб Менск максымальна ўдзельнічаў у Мытным саюзе, бо застаецца верагоднасьць ствараць гэткі дуэт у супрацьвагу Расеі. Усе ж ведаюць пра непрадказальнасьць Расеі, якая можа ў самы нязручны час "націснуць на газ", таму Менск і Астана, аб'яднаўшыся, могуць скласьці больш-менш рэальную супрацьвагу Маскве. Таму я думаю, што для Назарбаева таксама вельмі важна, каб Беларусь усё ж не адсоўвалася ад Мытнага зьвязу".

Тым часам кіраўніцтва Расеі не пакідае намаганьняў далучыць да супрацы ў Мытным зьвязе Ўкраіну. Апошнім часам прапануецца аблегчаная формула 3+1, пры якой Кіеву не абавязкова быць паўнавартасным сябрам аб'яднаньня, але агульныя правілы выконваць усё ж давядзецца. Украінскі дэмакратычны палітык Тарас Чарнавол у гэтай сувязі кажа, што нават вышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны пэсымістычна ставіцца да такой ідэі. І асабліва ахаладзілі інтэграцыйныя настроі нядаўнія заявы Лукашэнкі, які спачатку назваў украінскую ўладу "вашывай", а пасьля заявіў пра поўную залежнасьць Кіева ад Брусэлю:

"Думаю, што ўсе апошнія заявы Лукашэнкі нам будуць толькі на карысьць. Паколькі гэта толькі лішні доказ таго, якія норавы пануюць у Мытным зьвязе, куды Ўкраіну вельмі актыўна спрабавалі зацягнуць рукамі прэм'ер-міністра Расеі Пуціна. Таму, яшчэ раз паўтару, мы ад гэтых заяваў толькі выйгралі. Зь Беларусьсю як з рэгіёнамі, зь бізнэсам і г.д. эканамічныя, гандлёвыя адносіны ў нас вельмі добрыя, і, мяркую, тут губляць нічога ня трэба. Але ў палітычным сэнсе, мабыць, неабходна паставіць кропку і для сябе зразумець: аб'ядноўвацца і з Расеяй, і зь Беларусьсю пры цяперашніх іх кіраўніках, напэўна, Украіне ні ў якім разе ня варта".

Ці не галоўны мінус удзелу ў Мытным зьвязе для Беларусі — падзел прыбыткаў. На 92% яго аснову складаюць расейскія пошліны, што азначае саступкі беларускага боку па цэлым шэрагу пазыцыяў. Па падліках эканамістаў, калі эканамічны эфэкт ад стварэньня Мытнага зьвязу для Расеі ацэньваецца прыблізна на 500 мільярдаў даляраў прыбытку, то для Казахстану і Беларусі — паўтара дзясятка мільярдаў на дваіх.

І гэта ня кажучы пра тое, якія сумнеўныя "выгады" атрымалі ад Мытнага зьвязу беларускія аўтааматары. Ад 1 ліпеня, з уніфікацыяй мытных пошлінаў на расейскі ўзор, памер пошліны стаў вышэйшы, чым кошт уласна аўтамабіля. Машына для вялікай часткі насельніцтва зноў ператварылася ў мару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG