Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хто адседзеў 15 сутак, ці заплаціў штраф, ужо не даруе гэтай уладзе"


Наколькі ўдалым можна назваць новы фармат правядзеньня акцыі маўклівага пратэсту, які быў ажыцьцёўлены 6 ліпеня? Ці гатовыя ўдзельнікі гэтых акцыяў да нагэтулькі жорсткіх рэпрэсіяў улады? Як рух "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" будзе разьвівацца надалей?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і рэдактар інтэрнэт-выданьня "Мы" Кірыл Пазьняк.

"Фактычна гэта зноў вяртаньне ў сваю ракавіну"


Цыганкоў: Ці можна назваць удалым новы фармат правядзеньня акцыяў "маўклівага пратэсту"? Ці можна сказаць, што арганізатары вымушана перайшлі да такога фармату з-за рэпрэсіяў уладаў? Ці можа такая форма прывесьці да актывізацыі людзей ці яна была абраная "не ад добрага жыцьця"?

Класкоўскі: Канечне, гэта робіцца не "ад добрага жыцьця". На фоне масавага хапуна арганізатары вымушаныя неяк манэўраваць. Паводле ідэі, такая дэцэнтралізацыя павінна даваць нейкі эфэкт і мець свае плюсы, бо ўдзельнікам акцыі лягчэй манэўраваць, а сілавікам цяжэй, бо даводзіцца расьцярушваць сілы.

Але разам з гэтым расьцярушваюцца і сілы саміх удзельнікаў, не такія і шматлікія. Аслабляецца задума, візуальны эфэкт. Глядзіце – дайшлі да ўзроўню ЖЭСаў, і тут ужо застаецца два крокі да ўзроўню кухняў. А "кухонны пратэст" традыцыйны для беларусаў. І фактычна гэта зноў вяртаньне ў сваю ракавіну. Да таго ж гэты новы фармат усё роўна ня выратаваў ад хапуну.

Іншая рэч, што гэта ўжо выглядае трагікамічна, калі пачынаюць хапаць інвалідаў, пэнсіянэраў. Таму і хапаюць журналістаў, бо "карцінка" атрымліваецца вельмі брутальная. Улада ўвогуле і сілавікі ў прыватнасьці такімі дзеяньнямі канчаткова сябе дыскрэдытуюць.

Цыганкоў: Але ці хвалюе гэта самую ўладу? Аналітыкі заўсёды меркавалі, што Лукашэнка сочыць за грамадзкімі настроямі, сацыялягічнымі дасьледаваньнямі. Няўжо тут ён ня лічыць, што падзеньне рэйтынгу сілавых структураў ня ўдарыць па ягоным рэйтынгу?

Класкоўскі: Улада таксама гэта ўлічвае ў пэўнай ступені. Калі раней на вуліцы выходзілі "людзі ў чорным", спэцназаўцы, то гэта нагадвала часы акупацыі. Відаць, наверсе дапялі, што гэта надта жудасна. Таму зьявіліся "людзі ў цывільным". Але гэта ўсё адно выклікае эфэкт, што дзейнічаюць нейкія "браткі", "гопнікі". Нават Генпракурор мусіць нешта сказаць, і падчас апошняй акцыі яны ўжо тыцкалі свае пасьведчаньні.

Улада разумее, што яна перагінае палку. Але калі ўзважваць на шалях, што для яе важней, то, вядома, утрыманьне сытуацыі для яе важней. Таму яна гатовая ісьці на пэўныя "іміджавыя" выдаткі.

Пазьняк: Натуральна, новая тактыка стала наступствам таго, што папярэднія акцыі ў сталіцы прайшлі ня вельмі ўдала. Магчыма, яшчэ зарана ацэньваць новы фармат. Давайце ўзгадаем, што першыя акцыі ў старым фармаце пачыналіся зь некалькіх дзясяткаў чалавек.

Мне здаецца, пэўная рацыя ў новым фармаце ёсьць. Збор шматэтапны, і задума, я так разумею, у тым, каб умацоўваць гарызантальныя сувязі ў грамадзтве, каб людзі адзін аднаго ведалі. Каб узьнікалі невялічкія пратэставыя ячэйкі.

Карысьць таксама ў тым, што на раёнах гэтыя акцыі пратэсту і паводзіны міліцыянтаў бачыць больш людзей. Інтрыга тут у тым, ці прымусяць людзей гэтыя брутальныя хапуны спалохацца, сядзець на кухнях, ці наадварот, праз абурэньне людзі будуць далучацца. Трэба пачакаць некалькі акцыяў у гэтым фармаце, каб зразумець тэндэнцыю.

"Недахоп маўклівай рэвалюцыі
ў незавершанасьці ідэі"


Цыганкоў: На гэтых акцыях, як сьведчаць праваабаронцы і актывісты апазыцыі, часта затрымлівалі людзей, якія ўпершыню выйшлі на такія акцыі. Ці гатовыя гэтыя людзі вытрымаць такі націск уладаў, ці не адвернуць рэпрэсіі іх ад палітыкі?

Класкоўскі: Я думаю, што на сёньняшні дзень улады дабіліся пэўнага пералому. Яны пачалі душыць гэты пратэст, прымяняючы тую самую мэтодыку, што і для здушэньня пратэстаў традыцыйнай апазыцыі. За шмат гадоў яны здолелі зьвесьці да мінімуму значнасьць гэтых цыклічных акцыяў традыцыйнай апазыцыі. І "Дзень волі" і "Чарнобыльскі шлях" з кожным годам станавіліся меней эфэктнымі, меней масавымі.

Недахоп маўклівай рэвалюцыі ў незавершанасьці ідэі. Гэта такая прыгожая журналісцкая мэтафара – "маўклівая рэвалюцыя" – на самой справе рэвалюцыя заўжды наступае і бярэ ўладу за горла.

Цыганкоў: Але магчыма, арганізатары якраз мелі на ўвазе рэвалюцыю не ў канкрэтным сэнсе, а ў аспэкце "рэвалюцыя сьвядомасьці", пазбаўленьне ад страху.

Класкоўскі: Так, але рэвалюцыю ня робяць паводле жарту "у выпадку кепскага надвор'я рэвалюцыя адбудзецца ў вэстыбюлі". А тут атрымліваецца прыкладна так, і мы бачылі, як дождж шмат у чым сапсаваў задуму 3 ліпеня.

Вядома, я аддаю належнае мужнасьці гэтых маладых людзей, маладога кампутарнага пакаленьня, якое выходзіць на вуліцы якраз з-за ідэйных матываў. Не таму, што падскочылі цэны на нешта, а таму, што дастала гэтая сыстэма. Аднак калі няма канчатковай мэты, то, вядома, ж ніхто не камікадзэ. Гэта маладыя людзі, якія вучацца, іх могуць павыкідаць з інстытутаў, будуць ціснуць на бацькоў, тыя будуць казаць "атрымай спачатку дыплём, ня лезь на ражон". Пакуль ва ўлады дастаткова сілаў і рэсурсаў, каб перамалоць гэты працэс.

Іншая справа, гэта ў тым ліку і новыя людзі. І зараз, скажам проста, нянавісьць да гэтай улады будзе назапашвацца. Хто адсядзеў 15 сутак, ці заплаціў штраф, ужо не даруе гэтай уладзе. Рана ці позна гэты прастэставы патэнцыял спрацуе. Ёсьць сетка, ёсьць тэхналёгіі, і калі да гэтага далучыцца пратэст, які выльецца праз прахадныя заводаў, гэта можа даць выбуховы эфэкт у выніку спалучэньня.

"Гэта спроба заявіць пра сябе
новай генэрацыі апазыцыйных лідэраў"


Цыганкоў: Акцыі маўклівага пратэсту сталі галоўнай палітычнай падзеяй лета. За імі на інтэрнэт-сайтах сачылі сотні тысячаў людзей. Але тут назіралася звычайная беларуская зьява апошніх гадоў – назіраюць сотні тысяч, удзельнічаюць сотні. Якую пэрспэктыву на сёньня можа мець гэты рух?

Пазьняк: Галоўнага посьпеху гэтая кампанія дасягнула на інфармацыйны полі. Але, па шчырасьці, увага і камплімэнты на адрас гэтай кампаніі пераважна авансавыя. У прынцыпе, і саму гэтую кампанію і яе арганізатараў нельга лічыць нечым новым, нельга казаць, што туды прыйшло вельмі шмат новых людзей. Хаця б таму, што як мы бачым, нарастальнай прагрэсіі ўжо не назіраецца на апошніх акцыях.

Збольшага гэта людзі з апазыцыйнага і каляапазыцыйнага асяродзьдзя. Гэтыя акцыі – гэта спроба заявіць пра сябе новай генэрацыі апазыцыйных лідэраў шляхам камуфляжнага фармату вулічных пратэстаў з выкарыстаньнем модных тэхналёгіяў.

У гэтым – плюс і мінус кампаніі. Мінус у тым, што ёсьць "столь" у сэнсе удзельнікаў, і гэта ўжо выяўляецца. А плюс у тым, што максымум, што могуць атрымаць удзельнікі – гэта адміністратыўныя арышты.

Калі разважаць пра пасьпяховасьць ці не, то тут усё адносна. Сапраўды, лета – мёртвы палітычны сэзон, і гэта падзея для Беларусі, што нешта адбываецца, нешта варушыцца. Усе чакаюць восені. Маўляў, восеньню ўздымецца хваля працоўных і гэтак далей. Але, зь іншага боку, калі гэта і адбудзецца, то гэта будзе ўжо іншы рух, іншыя лідэры, лёзунгі. І на фоне гэтага ўсе могуць і забыцца на "інтэрнэт-рэвалюцыю".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG