Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор робіць заўвагу і маніфэстантам, і міліцыі


Напярэдадні новай акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” генэральны пракурор Рыгор Васілевіч зрабіў мяккую заўвагу міліцыі адносна жорсткага разгону “маўклівых рэвалюцыянэраў” і яшчэ раз папярэдзіў і тых і тых аб недапушчальнасьці парушэньня закону.

Ён адзначыў, што закон павінны выконваць як самі арганізатары акцый, так і міліцыя, якая потым прымае да іх занадта жорсткія і не заўсёды адэкватныя меры.

Заяўны характар правядзеньня масавых мерапрыемстваў ўласьцівы шэрагу сучасных дзяржаў, – заявіў генпракурор.

На думку Рыгора Васілевіча, флэш-мобу, як загадзя сплянаванай масавай акцыі, дзе ўдзельнікі выконваюць загадзя абумоўленыя дзеяньні, нават у краінах з даўнімі дэмакратычнымі традыцыямі звычайна процідзейнічае паліцыя, выкарыстоўваючы і сілавыя мэтады. Так было пры правядзеньні першых флэш-мобаў у Нью-Ёрку ў чэрвені 2003 году, у сучасны пэрыяд у Расеі (Масква – чэрвень 2011 году, Краснадар - травень 2011 году), Украіне (Львоў – люты 2011 году), Казахстане (Алма-Ата – красавік 2011 году). Парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах ва ўсіх краінах цягне юрыдычную адказнасьць, напрыклад, адміністрацыйную, у тым ліку ў Беларусі.

“Хацелася б, каб грамадзяне выкарыстоўвалі законныя спосабы вырашэньня праблем, а арганізатары разумелі, што яны таксама нясуць адказнасьць за свае правакацыйныя дзеяньні”, – адзначыў Р. Васілевіч.

“У сваю чаргу супрацоўнікі праваахоўных органаў, прымаючы меры па забесьпячэньні грамадзкага парадку, самі таксама абавязаны няўхільна выконваць дзеючае заканадаўства, у тым ліку ведамасныя акты, быць максымальна карэктнымі, папярэдне, калі дазваляе сытуацыя, прадстаўляцца і патрабаваць ад грамадзян спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў, растлумачваць заканадаўства і наступствы яго невыкананьня”, – папярэдзіў Васілевіч і міліцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG