Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі аўтарынак замёр у чаканьні


Гарадзенскі аўтарынак сёньня.
Гарадзенскі аўтарынак сёньня.
Пасьля падвышэньня мыта на ўвоз аўта з-за мяжы на гарадзенскім аўтарынку назіраецца зацішша: рынак паменшаў, цэны падрасьлі, пакупнікоў няшмат — усе ў чаканьні.

Сёньня першы дзень пасьля падвышэньня мыта на ўвоз аўта з-за мяжы. Аўтамабілі на рынку стаяць ня так шчыльна адзін да аднаго, як раней. Па дарозе можна спакойна праходзіць і нават нікога не зачэпіш, бо пакупнікоў няшмат.

Пытаюся ў прадаўцоў, што зьмянілася на рынку пасьля падвышэньня мыта на аўта?

Спадар: «Пайдзіце паглядзіце на цэны, мыта ж вырасла на ўвоз аўта».

Карэспандэнт: «А што з цэнамі?»

Спадар: «Цэны вырасьлі прыкладна на тысячу даляраў, ёсьць і болей».

Іншы спадар: «Будзе даражаць тэхніка».

Іншы спадар: «Адназначна будзе даражаць. Да восені, думаю, добра цэны падымуцца».

Карэспандэнт: «Нешта пакупнікоў не відаць на рынку».

Спадар: «У людзей грошай няма, даляраў няма, вось і ўся бяда».

Іншы спадар: «От, ходзяць, глядзяць, прыглядаюцца, але ніхто нічога не купляе, хаця ня ўсе прадаўцы паднялі цэны, нехта трымае тыя самыя».
От, ходзяць, глядзяць, прыглядаюцца, але ніхто нічога не купляе.

Урэшце знайшоў чалавека, які аглядае аўта і відавочна хоча яго набыць. Пытаюся — чаму раней не набывалі, калі было меншае мыта?

Спадар: «Так атрымлівалася, што грошай не было, вось паціху на нешта сярэдняе сабраў, а ці атрымаецца нешта купіць — ня ведаю».

Карэспандэнт: «Ну вы нешта сабе прыглядзелі?»

Спадар: «Калі тут і ёсьць нешта прыстойнае, то і цана прыстойная, а ўсё астатняе вывезены мэталалом, альбо тое, што ўжо тут праезьдзіла. Вось з усяго рынку ў адным шэрагу тры аўта прыстойныя, ну і каштуюць яны 16-17 тысяч даляраў, праўда, 2007 году выпуску».

А вось бачу пакупнікоў з Казахстана. Пытаюся, ці выгадна ім набываць аўта ў Беларусі?

Спадар: «Па-праўдзе, вам выгадна купляць аўта ў Казахстане і прыганяць сюды».

Карэспандэнт: «А чаму вы тады сюды прыехалі?»

Спадар: «Ну, мы ня ведалі, прыехалі і ўжо 12 дзён катаемся па ўсёй Беларусі».

Карэспандэнт: «А што ў вас там за машыны, што таньнейшыя, чым у Беларусі?»
Цяпер да вас ніхто не паедзе.

Спадар: «У нас Амэрыка і Дубай блізка і таму шмат адтуль машынаў. А тут, прабачце, цэны на палову вышэйшыя, чым у нас. Цяпер да вас ніхто не паедзе, а мы проста ня ведалі, нам усе кажуць: вось Беларусь, Беларусь…, а тут…».

Пытаюся ў перагоншчыкаў , чым яны цяпер зоймуцца, калі гэты бізнэс практычна сканчаецца?

Спадар: «Цяжка сказаць, усе чакаюць, што можа нешта зьменіцца…»

Другі спадар: «А дзяржава колькі згубіць зараз на гэтым мыце… Нічога добрага нас не чакае».

Іншы спадар: «Нечым людзі будуць займацца, але на завод болей ня пойдуць — гэта адназначна».

Спадар: «Трэба ў „бацькі“ спытаць, чым нам далей займацца».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG