Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскія будаўнікі дабіліся выплаты заробку


Каля 30 рабочых будаўнічага ўпраўленьня № 187 горада Слоніма адмовіліся сёньня выходзіць на працу з-за таго, што ім затрымліваюць выплату заробку. Пасьля гэтага ўжо ў абед заробак ім выплацілі.

З раніцы рабочыя прыехалі ў пракуратуру раёну са скаргай. Да будынка пракуратуры прыехаў намесьнік старшыні Слонімскага райвыканкаму Анатоль Вянскоўскі і размаўляў зь імі. Рабочыя выказвалі свае прэтэнзіі.


Намесьнік страшыні Слонімскага райвыканкама Анатоль Вянскоўскі выступае перад рабочымі і просіць іх вярнуцца на працоўныя месцы. Фота — «Газета Слонімская»

Людзі казалі, што падобныя затрымкі з заробкам здараюцца ня першы раз, хоць згодна з працоўнай дамовай заробак павінны выплочваць да 15-га, а аванс — да 25-га кожнага месяца. Яны казалі, што апошнім часам іхні заробак і так значна схуднеў пасьля дэвальвацыі рубля і росту цэнаў, а яго яшчэ і не выдаюць своечасова.

Таксама рабочыя казалі, што не давяраюць болей кіраўніцтву будаўнічага ўпраўленьня, таму пакінулі працу і прыйшлі ў пракуратуру. Кажа спадарыня, якая працуе ў будаўнічым упраўленьні аддзелачніцай.

Спадарыня: «Тут і за садзікі трэба плаціць, і крэдыты, і за ўсё на сьвеце — таму людзі і абурыліся. Дый наагул падманвае нас кіраўніцтва ўсіх, а людзям накіпела і набалела да сьлёз. Старэйшым па пары гадоў да пэнсіі, і яны дарабіць ня могуць, а маладым дзяцей падымаць — а як?».

Дырэктар будаўнічага прадпрыемства № 187 Віктар Брайтчук прызнаў, што апошнім часам яны маюць праблемы з заказчыкамі, якія несвоечасова зь імі разьлічваюцца. Як ён кажа, ягонай віны ў затрымцы заробку няма — маўляў, прычына тэхнічная:

«Маёй віны ў гэтым няма, бо мы за ўсё разьлічыліся, бухгальтары ўсе дакумэнты падрыхтавалі і грошай хапала. Але адбыліся нейкія збоі ў банкаўскім кампутары. Сёньня выклікалі да старшыні райвыканкаму ўпраўляючую банка, і яна пацьвердзіла».

Спадар Брайтчук сказаў, што ў абед грошы ўжо былі налічаныя. А рабочыя, зь іх слоў, лічаць, што дамагліся гэтага толькі дзякуючы таму, што прыйшлі ў пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG