Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць строга, каб запалохаць да 3 ліпеня


30 чэрвеня ў менскіх судах судзілі затрыманых падчас акцыі «маўклівага пратэсту». Паводле праваабаронцаў, інфармацыі пра затрыманых не давалі, суды праходзілі хутчэй, а прысуды сталі больш жорсткімі.

З раніцы было вядома пра будучыя суды прыблізна над 30 чалавекамі з тых больш як 150, каго затрымалі на менскіх вуліцах учора, 29 чэрвеня. Дарэчы, гэта звычайная практыка, што да абеду дакладных зьвестак няма, але потым сытуацыя звычайна становіцца зразумелай. Але 30 чэрвеня і пасьля абеду лічба тых, каго судзяць ці будуць судзіць, праваабаронцам і журналістам была невядомая. Казалі пра суды ў Фрунзенскім, Маскоўскім, Ленінскім, Савецкім раёнах, але куды і колькі вязьняў павезьлі з ізалятара на Акрэсьціна, там не тлумачылі. У Ленінскім судзе Менску, куды карэспандэнт «Свабоды» прыехаў аб 11 гадзіне, у гэты час таксама нічога не казалі пра затрыманых. І пазьней нічога не зьмянілася: у канцылярыі спасылаліся на тое, што дакумэнтаў на прывезеных вязьняў «яшчэ не далі», а ў прыёмнай старшыні суду абяцалі вывесіць сьпісы, але не вывешвалі. У калідорах тоўпіліся сваякі і знаёмыя затрыманых, якія ня ведалі, ці тут будуць іх судзіць.

Дзьмітрый Шыманскі распавёў, як затрымалі яго і ягоную сяброўку Вольгу Варфаламееву: «Мы нават ня пляскалі ў ладкі, нічога не крычалі. Да нас падышлі тры чалавекі ў цывільным і сказалі прайсьці зь імі ў аўтобус. „Чаго раптам?“ А вось так, пагаварыць. Запхалі ў аўтобус, прывезьлі ў Ленінскі РАУС і пратрымалі там у падвале гадзіны 4 ці болей. Бралі адбіткі пальцаў, фота, відэа — праз усё прайшлі. Потым прыйшоў нейкі ў спартовым строі і пачаў выклікаць на размову. У выніку мяне выпусьцілі, а маю дзяўчыну — не. Я прачакаў гадзіны да 12-й, але сказалі, што яны застануцца начаваць на Акрэсьціна».

Калі да судзьдзі Міхаіла Хомы міліцыянты правялі адразу трох затрыманых і ўжо павінен быў пачацца першы працэс, сваякі і праваабаронцы запратэставалі. Судзьдзя Хома мусіў правесьці працэс у вялікай залі, але карыстацца дыктафонам забараніў. Затрыманы Юры Бакур сваёй віны ў дробным хуліганстве не прызнаў. Малады чалавек не адмаўляў, што ішоў па вуліцы і разам зь іншымі пляскаў у ладкі, але — толькі гэта. Між тым сьведкі-спэцназаўцы Юры Бальцэвіч і Канстанцін Радзько паказалі, што затрыманы «размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся, а на заўвагі не рэагаваў». Судзьдзя Хома агаласіў матэрыялы справы, зь якіх вынікала, што да 2009 году Юры Бакур адбываў адміністрацыйныя пакараньні за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Рашэньне судзі — вінаваты ў дробным хуліганстве, 15 сутак арышту. Перад тым як яго вывелі з суду, Юры сказаў:

«У нашай краіне бардак. Што зробіш, прыйдзецца пасядзець. Але абвяшчаць галадоўку не зьбіраюся, як і спыняць барацьбу».

Гэтак жа за 5 хвілін асудзілі Яўгена Шыманскага і Аляксея Астапенку. Прычым супраць іх сьведчыў той жа міліцыянт Юры Бальцэвіч. Шыманскі атрымаў 14 сутак, Астапенка — 10. Магчыма, таму меней за іншых, што раней не прыцягваўся да адказнасьці за ўдзел у акцыях.

Праваабаронца зь «Вясны» Алеся Якубоўская адсочвала працэсы ў Ленінскім судзе. Праваабаронца паведаміла, што ўжо пакараныя штрафамі таксама Аляксей Дудар, які атрымаў 25 базавых велічынь, Канстанцін Нячыпар — 20 велічынь і Віктар Хаменя — 25 базавых велічынь. Судзіла іх судзьдзя Навіцкая.

Праваабаронца Алеся Якубоўская
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк

«Гэта яшчэ ня ўсё. Пасьля абеду прывязуць другую частку затрыманых — недзе 6 чалавек, якія пакуль знаходзяцца на Акрэсьціна і пра іх нічога не вядома. Але калі параўноўваць вынікі гэтай серады і мінулай, то варта адзначыць, што прысуды больш жорсткія. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што 3 ліпеня будзе новая маўклівая акцыя і ўлады адмыслова ізалююць актывістаў ды запалохваюць усіх астатніх».

У Ленінскім судзе таксама асудзілі на 10 сутак арышту Дзяніса Ліўковіча і на 8 сутак Дзьмітрова. Яшчэ 6 працэсаў перанесеныя на 1 ліпеня. У судзе Савецкага раёну адной зь першых асудзілі на 15 сутак арышту моладзевую актывістку Паліну Кур’яновіч. Яе судзіла судзьдзя Паўлючук. Вядома, што ня менш як 1 чалавек асуджаны на адміністрацыйны арышт у судзе Фрунзенскага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG