Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скобла: «Сто адрасоў свабоды» — неацэнны дапаможнік для краязнаўцаў і чыноўнікаў"


Міхась Скобла
Міхась Скобла
«Сто адрасоў свабоды» — так называецца новая кніга Вячаслава Ракіцкага, што зьявілася ў выдавецкай сэрыі нашага радыё. 30 чэрвеня а 18-й яна будзе прэзэнтавацца ў Менску ў сядзібе БНФ. Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра новае свабодаўскае выданьне дзеліцца паэт Міхась Скобла — адзін з ініцыятараў мэмарыялізацыі месцаў, зьвязаных з Ларысай Геніюш і іншымі дзеячамі нацыянальнай культуры.

«Краязнаўцы ведаюць — каб павесіць мэмарыяльную шыльду, трэба мець на тое дастаткова сур’ёнае абгрунтаваньне. Беларускія чыноўнікі з заўсёднай насьцярогай успрымаюць любую спробу ўшанаваць памяць выдатных дзеячаў нашай гісторыі. Прыкладам, шыльда на зэльвенскай хаце Ларысы Геніюш правісела ўсяго пяць дзён, пасьля чаго яе зьнялі раённыя ўлады і цэлы год трымалі пад арыштам у мясцовым пастарунку. На мой пратэст галоўны зэльвенскі ідэоляг на поўным сур’ёзе заявіў, што паэтка ня вартая шыльды, бо перапісвалася з Гітлерам…

Кніга Вячаслава Ракіцкага «Сто адрасоў свабоды» — неацэнны дапаможнік і для энтузіястаў-краязнаўцаў, і для цяперашніх надта пільных чыноўнікаў. Дакладней, для тых, хто прыйдзе ім на зьмену ў будучай Беларусі. На той час перавыдадзеныя масавым накладам «Сто адрасоў свабоды» ляжацьмуць на сталах усёй уладнай вэртыкалі — ад старшыні сельсавету да прэзыдэнта, бо, напрыклад, ператварэньне ўрадавай рэзыдэнцыі «Віскулі» выключна ў музэй будзе толькі ў ягонай кампэтэнцыі. Скульптары будуць начаваць у майстэрнях, а ліцейнікі — пры плавільных печах, маючы дзяржаўную замову на 100 мэмарыяльных шыльдаў. Зрэшты, іх будзе значна больш, паколькі Вячаслаў Ракіцкі да таго часу адшукае новыя адрасы — у Беларусі і за яе межамі: у Вільні, Празе, Беластоку, паўсюль, дзе сёньня творыцца беларуская гісторыя. Ведаючы неверагодную энэргічнасьць і «радыёактыўнасьць» аўтара кнігі, хочацца ўсё ж пажадаць яму пільнавокіх і хутканогіх паплечнікаў, якія разам зь ім вызначаць месцы пад зацьверджаныя ў нацыянальнай памяці новыя Знакі Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG