Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьмены прысуд лідэрам "Маладога фронту" Зьмітру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву. Неўзабаве Зьмітра Дашкевіча павінны перавезьці ў калёнію ў Горках. Эдуард Лобаў ужо ў калёніі ў Івацэвічах.
Разгляду касацыйных скаргаў на прысуд Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў чакалі з канца сакавіка, калі Маскоўскі раённы суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і асудзіў Дашкевіча на 2 гады, Лобава — на 4 гады зьняволеньня.
17 чэрвеня калегія Менскага гарадзкога суду ў складзе судзьдзяў Камісарава, Хрыпача і Назаранкі прысьвяціла разгляду справы маладафронтаўцаў паўгадзіны. Столькі часу занялі агалошваньне сутнасьці справы і скаргаў, выступы адвакатаў Сямешкі і Аўсяньнікавай і кароткая прамова пракурора Ігнатовіч-Мішневай, якая заявіла, што віна Дашкевіча і Лобава цалкам даказаная.
Паводле пракурора, доказы — паказаньні пацярпелых Малышава і Савіцкага, якіх маладафронтаўцы, нібыта, зьбілі за дзень да выбараў. Адвакаты даводзілі, што пра інцыдэнт распавялі і іншыя сьведкі, якія словаў пацярпелых не пацьвердзілі. Але гэтыя паказаньні Маскоўскі суд у сакавіку не ўлічыў. Не зьвярнуў на іх увагі сёньня і Менскі гарадзкі суд.
Маці Эдуарда Лобава Марына, якая была на мінулым працэсе і 17 чэрвеня прысутнічала на разглядзе касацыі, кажа:
"Тады адхілілі хадайніцтва абароны пра тое, каб заслухалі сьведак, якія бачылі інцыдэнт з удзелам майго сына і Дашкевіча. Не патрэбныя ім былі такія паказаньні. Як адхілілі хадайніцтва аб правядзеньні экспэртызы крыві на месцы здарэньня. Гэта мой зьбіты сын сплюнуў крывёй — навошта ім такая экспэртыза? Вось і сёньня іх нават у суд не прывезьлі — не зьбіраліся, значыць, аб'ектыўна разглядаць справу і, магчыма, вызваляць".
Намесьніца старшыні "Маладога фронту" Наста Палажанка мяркуе, што судзьдзі выканалі чарговы загад улады. Але такое рашэньне толькі пагоршыць сытуацыю ў краіне, мяркуе Палажанка:
"Мала часу засталося, каб вызваліць палітвязьняў і стабілізаваць сытуацыю ў краіне. Каб была магчымасьць, хоць малая, для дыялёгу з эўрапейскімі краінамі, якія адны могуць працягнуць нам руку дапамогі".
Наста Палажанка прасіла ў судзе дазволу на сустрэчу са Зьмітром Дашкевічам, зь якім яе зьвязваюць і асабістыя адносіны, але судзьдзі дазволу не далі. 17 чэрвеня са Зьмітром Дашкевічам у ізалятары ў Жодзіна, дзе яго пакуль трымаюць, мелася сустрэцца адвакат Мар'яна Сямешка. Паводле зьвестак, Дашкевіча могуць ужо 18 чэрвеня адправіць па этапе ў калёнію ў Горках, дзе яму прызначана адбываць тэрмін.
Прадстаўнікі Дашкевіча і Лобава заявілі пра намер абскардзіць рашэньне Менгарсуду.