Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў папрасіў набыць турэмную робу


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў папрасіў сваякоў набыць яму турэмную робу. Разгляд касацыйнай скаргі Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава адбудзецца 17 чэрвеня: напярэдадні «Малады фронт» агаласіў зьвесткі пра пазаштатнага супрацоўніка міліцыі, які сьведчыў супроць Дашкевіча і Лобава. Мікіту Ліхавіда мусяць вызваліць з карцэра 13 чэрвеня. Зьвесткі пра нядзельны этап з Валадаркі мінімальныя.

Паводле Ірыны Халіп, яе муж, экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў застаецца на «Валадарцы». «Андрэй не напісаў заяву аб пераводзе ў калёнію да разгляду касацыйнай скаргі, вывучае пратаколы працэсу, рыхтуецца да касацыі. Але думае і пра калёнію. Папрасіў набыць яму адмысловую робу, каб насіць у калёніі — лепш прывезьці сваю. Праўда, замовіў на 2 памеры меншую, чым раней насіў вопратку. Відаць, гэтак схуднеў», — распавяла Ірына Халіп «Свабодзе».

Данька кожную раніцу просіць мяне, каб мы пайшлі да паштовай скрыні і паглядзелі, ці не даслаў тата чарговы ліст з чарговай казкай.
Сын Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава 4-гадовы Данік вельмі чакае ад таты казак, якія той дасылае ў лістах з турмы. Аднак ліставаньне з татам-вязьнем нерэгулярнае, зазначае Ірына Халіп:

«Данька кожную раніцу просіць мяне, каб мы пайшлі да паштовай скрыні і паглядзелі, ці не даслаў тата чарговы ліст з чарговай казкай. І калі там нічога няма, калі скрыня пустая, Данік крыўдуе. Але, на шчасьце, не на тату, а на паштальёнаў, якія вельмі марудна ходзяць і не прыносяць яму штодня лістоў ад таты».

Андрэй Саньнікаў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле артыкула аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Паводле такога ж артыкула асуджаныя на 6 і 5,5 гадоў экс-кандыдаты на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус. У ноч на нядзелю іх этапавалі з «Валадаркі» ў калёніі: Статкевіча — у шклоўскую, Вуса — у «Магілёў-15». Разам зь Міколам Статкевічам этапавалі ў Шклоў былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага. Бацька палітвязьня Аляксандар Класкоўскі-старэйшы падзяліўся зьвесткамі, што нібыта за адзін дзень яны ўжо даехалі да шклоўскай калёніі:

«Статкевіч нейкім чынам сваёй жонцы паведаміў, што яны ўжо там, пад Шкловам: забралі ўначы і ў той жа дзень завезьлі. Статкевіча з Сашам разам этапавалі».

Сваякі Аляксандра Класкоўскага чакаюць ад яго ліста пра тое, у які атрад яго зьмясьцілі. Згодна з правіламі, былых міліцыянтаў мусяць трымаць у асобным атрадзе.

Зьмітра Дашкевіча ў выходныя таксама перавялі з «Валадаркі» ў іншае месца. Як стала вядома пазьней — у Жодзінскі сьледчы ізалятар. Лідэр «Маладога фронту» адмовіўся пісаць заяву на перавод у калёнію ў Горках да касацыі, у выніку яго адправілі ў Жодзіна, дзе ізалятар мае яшчэ горшую рэпутацыю, чым «Валадарка».

Уяўляеш, я заўтра недзе буду, а дзе, ня ведаю.
Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка: «Сказалі яму пісаць заяву на калёнію ў Горкі. Ён адмовіўся зноў, але ўсё роўна чакаў этапу. І людзі, якія сядзелі зь ім, падказалі яму, што зараз ідуць этапы ці то ў Навасады, ці то ў Жодзіна. І вось ён у апошніх радках ліста піша: уяўляеш, я заўтра недзе буду, а дзе, ня ведаю».

Тым часам прэс-служба «Маладога фронту», спасылаючыся на кампэтэнтныя крыніцы, зьмясьціла зьвесткі пра асобаў, якія нібыта «пацярпелі» ад рук Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава ў сьнежні мінулага году.

Гэта Канстанцін Савіцкі і Алег Малышаў, сьцьвярджае сайт «Маладога фронту». У судзе гэтыя людзі заявілі, што нібыта нідзе не працуюць, аднак «Малады фронт» сьцьвярджае, што яны — пазаштатныя супрацоўнікі Заводзкага РУУСа Менску. Малышаў, як піша прэс-служба «Маладога фронту», нібыта раней быў судзімы за распаўсюд наркотыкаў.

Разгляд касацыйнай скаргі Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава прызначаны на 17 чэрвеня ў Менгарсудзе. Актывісты вінаватымі сябе не прызнаюць і кажуць пра правакацыю, арганізаваную спэцслужбамі.

Маці актывіста Мікіты Ліхавіда Алена мяркуе, што яе сына сёньня, 13 чэрвеня, мусяць вызваліць з карцэра. Зьвестак пра сына ў Наваполацкай калёніі Алене Ліхавід не даюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG