Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Займаю кіраўнічую пасаду — а на зарплату бялізны сабе купіць не магу"


Два тыдні таму ўлады паабяцалі зьнізіць цэны на асноўныя прадукты харчаваньня. Распараджэньнем ураду краіны да 1 ліпеня на шэраг такіх тавараў зьніжаныя гандлёвыя надбаўкі. Цягам 90 дзён цэны на іх павінны рэгулявацца. Аднак прадаўцы ўнівэрсамаў і пакупнікі заяўляюць, што дэкляраванага зьніжэньня коштаў амаль не заўважылі.

Вітрыны харчовых крамаў гэтымі днямі напаўняюцца сэзоннай прадукцыяй — садавіной і гароднінай, як беларускай, так і замежнай вытворчасьці. У вітрынах шматлікія абвесткі: "Зьніжаныя гандлёвыя надбаўкі". Як істотна — цікаўлюся ў загадчыцы адной зь менскіх крамаў Галіны Іванаўны:

"Мы пайшлі на тое, каб зьнізіць кошты. Калі да нас паступаюць тавары, то калі раней мы ўсталёўвалі гандлёвую надбаўку ў 30%, то цяпер — толькі 20%. Да прыкладу, такія тавары, як лімоны — мы ведаем, што іх кожны чалавек хоча набыць, таму мы надбаўку таксама зьменшылі. Таксама соль, таксама воцат, у нас гэта нічога не дарагое".

Карэспандэнтка: "Для вас як для прадпрыемства гэта азначае што — страты?"

"Вядома. Мы таксама баімся за свой заробак. Калі, ня дай бог, мы спрацуем са стратамі, то я не змагу даць прэміі сваім работнікам. Але каб ня страціць сваіх кліентаў, то на сацыяльна значныя тавары мы не "накручваем" кошты. Да прыкладу, на малако мы "накручваем" 11% надбаўкі, на мяса — 12%, але мы ўсё роўна спрацуем добра. Я думаю, што ўсё ж да нас пойдуць пакупнікі, і магчыма, што больш у нас набудуць. А на абароце гэтага тавару мы ізноў-такі выйграем сабе гэты прыбытак".

Паводле распараджэньня ўраду краіны часова рэгуляванымі застануцца цэны на 13 найменьняў прадуктаў, у тым ліку каўбасы, рыбу, гародніну, бакалейныя тавары. Ці адчулі гэта спажыўцы, цікаўлюся ў наведнікаў крамы:

Карэспандэнтка: "У розных аддзелах крамы напісана, што зьніжаныя гандлёвыя надбаўкі на прадукты. Ці вы заўважылі зьніжэньне коштаў?".

Спадар: "Не нашмат. Зусім. Розьніца неістотная. Калі тавар у межах сарака тысяч, то прыкладна тысяч на пяць ад сілы".

Карэспандэнтка: "Ці гэта рэальна дапаможа людзям паправіць бюджэт?".

Спадар: "Пакуль — так, я лічу, што так".

Спадарыня: "Наконт паніжэньня цэнаў — я не адчула, бо толькі забягаю, каб набыць хлеб, малако. Таму ня ведаю".

Карэспандэнтка: "Якраз на гэтыя тавары кошты і зьніжаныя. Ці заўважылі вы гэта?".

Спадарыня: "Ну, так, на гэтыя нібыта так. Але, каб заўважна, то я б не сказала, што надта ўжо — крышачку. Я вось паглядзела — на гуркі зьніжаныя кошты і на памідоры таксама — у асноўным на гародніну. А вось на мяса — нават ня ведаю. Дарэчы, сода была сем тысяч, а стала ўжо чатыры — гэта тое, на што я заўважыла. І, нібыта, соль — я паглядзела, дык, здаецца, ніжэйшыя кошты. А агулам — садавіна і гародніна, нібыта, так".

Карэспандэнтка: "Ці вы заўважылі зьніжэньне коштаў?".

Спадар: "Не, я не заўважыў. Кошты павялічыліся, а заробак фактычна зьменшыўся — розьніца ў чатыры разы".

Карэспандэнтка: "Як вы гэта адчулі на сваім бюджэце?".

Спадар: "Заробак ідзе толькі на харчаваньне, і тое ў рамках разумнага. Прадукты не вышэйшай якасьці, а сярэдняй".

Карэспандэнтка: "Ці заўважылі вы зьніжэньне коштаў?".

Спадарыня: "Натуральна, што не. Яны былі ў гэтулькі разоў завышаныя, што калі ў мяне заробак быў, умоўна кажучы, 800 даляраў у 2000 годзе, то зараз апусьцілі да 200 даляраў. А я маю кіраўнічую пасаду, то гэта брыдка, проста брыдка — бялізны сабе купіць нельга".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG