Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бензін патаньнеў, бо людзі выйшлі пратэставаць…»


У сераду канцэрн «Белнафтахім» зьнізіў цэны на аўтамабільнае паліва. Гэтага запатрабаваў Аляксандар Лукашэнка, які напярэдадні публічна крытыкаваў урад і па сутнасьці падтрымаў лёзунгі ўдзельнікаў масавай акцыі аўтамабілістаў «Стоп-бэнзін», якая адбылася ў Менску ў мінулы аўторак вечарам.

Цэны, аднак, не вярнуліся на ўзровень, які быў да іх 30-працэнтнага падвышэньня. Да прыкладу, новы кошт дызэльнага паліва вышэйшы за ранейшы на 14 працэнтаў, бэнзіну «Нармаль» — амаль на 4 працэнты, АІ-92 — на 6,3 працэнта, АІ-95 — на 3,4 працэнта.

На аўтазаправачных станцыях у розных рэгіёнах краіны пабывалі сёньня ўласныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Кошты саляркі найбольш удараць па вяскоўцах

Адкручваньне цэнаў на паліва з адначасовым давядзеньнем кошту саляркі амаль да ўзроўню бэнзіну АІ-95 уладамі падавалася як абарона ўнутранага рынку ад вывазу паліва за межы Беларусі.

Добрускі прадпрымальнік Марк, які сам мае аўтатранспарт, кажа, што і расейцы, і ўкраінцы, калі прыяжджалі ў памежны Добруш па беларускія тавары, то, вядома, запраўлялі свае аўто беларускім палівам. Гэтаксама як і транзытнікі, якія мелі пры сабе беларускія грошы і пакідалі Беларусь:

«Калі прыяжджаюць з Украіны, Расеі для набыцьця нейкіх тавараў, то на зваротным шляху яны запраўляюцца беларускім дызэльным палівам, бэнзінам. Але каб зьбіраліся цэлыя караваны па паліва, масава прыяжджалі, скажам так, нейкімі бэнзавозамі, — такога не назіралася».

Цяперашнія цэны на паліва, і асабліва на салярку, найбольш удараць па вяскоўцах. Соткі ўзараць, дровы прывезьці, збажыну змалаціць — усюды патрэбныя трактары, камбайны, якія працуюць на дызэльным паліве. Натуральна, цэны на ўсе гэтыя вясковыя паслугі падскочаць.

Пра гэта кажа й фэрмэр Ігар з таго ж Добрускага раёну:

«Ня ведаю, дзяржаве выгадна гэта ці не, а нам, вяскоўцам, дакладна нявыгадна, што цана паднялася на паліва — і на дызэльку, і на бэнзін — у сельскай жа гаспадарцы працуюць і бэнзінавыя, і дызэльныя машыны. Цэны паднімаць давядзецца на апрацоўку зямлі, на ўборку збожжавых. Нагрузка ляжа на насельніцтва, прысядзібныя ўчасткі, прыватнікаў, на калгасы, я так думаю».

Спадар Сяргей зь вёскі Ларышчава жыве з падсобнай гаспадаркі. Мае самаробны трактарок, які скарыстоўвае дзеля падвозу кармоў жывёле.

Рост цэнаў на паліва балюча б’е па бюджэце. Але й без такой тэхнікі складана выжываць:

«А як жа ўправіцца без такой тэхнікі, калі няма ніадкуль ніякай дапамогі?! Важу траву каровам — у гаспадарцы трымаю кароў. На ўсю вёску каровы засталіся толькі ў мяне».

Сяргей: «Без трактарка, як бяз рук».

Нэгатыўна ацэньваюць новыя цэны на паліва й перавозчыкі, большасьць якіх запраўляюцца менавіта дызэльным палівам. Гаворыць спадар Аляксей:

«Выходзіць, што з пачатку году цэны ў нас падвысіліся больш як на сто адсоткаў. Гэта не адпавядае рэальнасьці. Якія б там страты ні нёс „Белнафтахім“, гэта ўсё адбіваецца на простых людзях. Нічога станоўчага ў гэтым ня бачу — надзвычай высокае падаражэньне. Я разумею, што ў краіне складанае эканамічнае становішча, але ўсё гэта адаб’ецца на простых аўтамабілістах».


ВІЦЕБШЧЫНА


«Цяперашняя мадэль беларускай эканомікі неэфэктыўная, нешта трэба мяняць»

Цэны на аўтамабільнае паліва былі зьніжаныя адразу з надыходам гэтых сутак, распавёў аўтамабіліст спадар Аляксандар:

«Учора „бацька“ там „шабляй махаў“, што трэба зьніжаць цэны, і вось сапраўды а палове на першую ночы я запраўляўся на запраўцы „Белнафтахіму“, і 92-гі бэнзін каштаваў ужо 4 200… Я думаю, што і надалей трэба вось так, перакрываць дарогі — можа, хаця б тады да ўраду дойдзе, што цяперашняя мадэль эканомікі неэфэктыўная і нешта трэба мяняць».

Другі суразмоўца, жыхар райцэнтру Гарадок спадар Пётар, таксама зьвязвае паніжэньне цэнаў на паліва з грамадзкім пратэстам — маштабнай акцыяй «Стоп бэнзін» у Менску, пасьля якой і прагучаў загад Аляксандра Лукашэнкі:

Яму страшна, што пратэставалі людзі, якія ня зь «пятай калёны.
«Адпусьцілі цэны, слушна. А таму што — што ў Менску было? Ага! Вось гэта яго спалохала! Нават 10 чалавек, якія не зь „пятай калёны“, што сабраліся ў кучку ды пайшлі пратэставаць, — вось гэта яму страшна!».

Спадар Пётар жыве побач з Расеяй: Гарадоцкі раён мяжуе з Пскоўшчынай. Шмат хто з жыхароў Віцебскай вобласьці раней езьдзіў па бэнзін на расейскія аўтазапраўкі. Але гэта было да «валютнага крызісу» і да апошняга падаражэньня паліва. Як зьмянілася сытуацыя цяпер?

«Тут няясна. Была ж сытуацыя , што расейцы сюды езьдзілі запраўляцца — ім было выгадна. А цяпер яно ўсё прыблізна аднолькава. Курс расейскага рубля ў нас усё адно вар’яцкі, так што адно на адно і выходзіць — сэнсу няма».

Падобна, што паездкі ў бліжэйшае замежжа з пустымі каністрамі скончыліся і для тых, і для другіх, лічыць спадар Пётар. Для жыхароў Расеі беларускае паліва па цяперашніх коштах стала дарагім, а ў беларусаў іншая праблема — няма дзе набыць расейскія рублі, а калі купіць іх па неафіцыйным курсе, то выйграць на розьніцы цэнаў ужо і ня ўдасца.
Я спадзяюся, што ўсё гэта ўрэшце перарасьце ў палітычны пратэст.

Уладальнік «Опэль Аскона» Ігар з Воршы некалі адмыслова набываў такое аўто, каб ня дужа траціцца на паліва:

«Я браў дызэль, таму што так таньней. А сёньня дызэльнае паліва каштуе амаль столькі ж, колькі самы дарагі 95 бэнзін. Ну, і дзе справядлівасьць? Цяпер, каб мне дзень езьдзіць па горадзе, дык трэба штодня 10 баксаў выкідаць. Гэта шмат. Я сам столькі ня ем, на колькі давядзецца машыну «карміць».

На пытаньне, што цяпер рабіць, спадар Ігар адказаў так:

«Ну, што рабіць… Купляць каня, прывязваць машыну да каня (сьмяецца). Што рабіць? Я спадзяюся, што ўсё гэта ўрэшце перарасьце ў палітычны пратэст, бо эканоміка даведзеная ўжо да такога стану, што тут поўны каляпс — пры любым раскладзе».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Гэта чарговы папулісцкі крок — лахатрон, як той казаў»

Кіроўцы аўто на Гарадзеншчыне лічаць рашэньне Аляксандра Лукашэнкі зьнізіць цэны на паліва чарговым папулісцкім крокам.

Відавочна, што ўчорашняе рашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі зьнізіць кошты на паліва ня вельмі ўразіла гарадзенскіх кіроўцаў. Вось размаўляю наконт гэтага з таксістамі і проста з уласьнікамі аўто.

Спадар: «А бог яго ведае, што тут пра гэта думаць. Некаму ж так рабіць выгадна…».

Спадар: «Ну, паднялі цэны і апусьцілі — і што? Тут нічога не вядома, бо кожны дзень нешта новае робіцца. Паглядзіце, як у крамах тое, што каштавала 500 даляраў — зараз 800, і гэта дзяржаўныя кошты».

Спадарыня: «Кінуў костку народу, каб усе ізноў падумалі, асабліва пэнсіянэры, і сказалі: во, Аляксандар, малайчына, ва ўсім разабраўся, а то зрабілі за яго сьпінаю. Чыноўнікі, маўляў, дрэнныя, ён іх на ровары пасадзіў і паліва скараціў, а сам — справядлівы «бацька».
Паказуха для народа…

Спадар: «Гэта ўсё паказуха для народа. Хто лох — і вушы свае растапырвае перад ім, не разумеючы, што гэта самае сапраўднае лахатронства. Каб замазаць усіх, а самому быць добрым, і каб пра яго ізноў добра думалі».

Што да таго, чаму цэны на салярку сталі вышэйшыя, чым на бэнзін А-92, ні ў кога няма сумневу, што гэта робіцца, каб спыніць вываз паліва за мяжу. Праўда, мае суразмоўцы ўпэўненыя, што з гэтага нічога ня выйдзе.

Спадар: «Гэта невыпадкова, бо асноўная маса аўтамабіляў у нас на салярцы. Трэба бараніць і свой рынак, бо ня можа быць у нас самае таннае паліва. Але тут такія ўмовы, што нічога не зразумела. І ня будзе зразумела, пакуль даляр нармальна ня стане».

Спадар: «Але тут хто яе вазіў, той і вазіць будзе, колькі б такім чынам ні баранілі, бо выгадна».

Спадарыня: «Я ня ведаю, што трэба рабіць. Але такім чынам рынак не бароняць, таму што беларусам стала нашмат цяжэй жыць».

Пра цяжкое жыцьцё дадае і яшчэ адзін кіроўца таксі:

Спадар: «Я жыву вельмі цяжка, ледзь канцы з канцамі зводжу, нават забыўся, калі нешта новае паесьці купляў. Апранаюся ў „Сэканд-хэндзе“, уяўляеце сабе… Пойдзеш туды, а там увесь народ ужываныя рэчы купляе. Нейкі замежнік джынсы 10 гадоў панасіў, а мы цяпер купляем…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG