Дашчынскі: «На нарадзе Лукашэнку не змаглі адказаць на пытаньне, які рэальны курс рубля. Пра што гэта сьведчыць? Хто вінаваты ў такой сытуацыі?»
Багданкевіч: «Я бачу, што ва ўлады няма пазыцыі, няма сыстэмнай, комплекснай праграмы. Няма разуменьня велічыні абменнага курсу. У мяне таксама яго няма, бо я не пры ўладзе. Калі б мы былі пры ўладзе, то мы гэты курс вызначылі б за адны суткі. Для гэтага трэба проста правесьці сэсію на беларускай валютнай біржы і вызначыць курс попыту і прапановы. Што тут за слабасьць такая? І на базе не адміністрацыйнага нейкага рашэньня, а на базе попыту і прапановы вызначыць. Потым ужо падтрымліваць гэты курс з дапамогай інтэрвэнцый. Але гэтага нічога ня робіцца. Чаму ня робіцца? Няма волі, няма разуменьня, няма рашэньня. Усе чакаюць каштоўных указаньняў. А калі Лукашэнка бачыць, што яго апарат дрэнны, то чаго ён яго прызначае?
Калі б мы былі пры ўладзе, то мы гэты курс вызначылі б за адны суткі.
Дашчынскі: «Лукашэнка заявіў, што сытуацыя на валютным рынку стабілізуецца да 1 студзеня. Гэта рэальна зрабіць?»
Багданкевіч: «Яна можа стабілізавацца і празь месяц. Для гэтага трэба вызначыць рэальны курс, які будзе адпавядаць попыту на валюту. А ўсё астатняе будзе збалянсавана. Меней купім газу, нафты. Але гэта будзе балянс, роўнасьць. Будзем жыць бядней — ну і што, калі мы ня ўмеем кіраваць эканомікай? Трэба жыць па сродках. Таму не да 1 студзеня, можна яго заўтра ўсталяваць. Але для гэтага патрэбныя воля і прафэсійнасьць».
Дашчынскі: «Лукашэнка вырашыў урад перасадзіць на ровары: загадаў напалову ўрэзаць ліміт расходу паліва службовага транспарту ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта».
Багданкевіч: «Правільна, гэта і мы прапануем у сваёй праграме. Трэба на 30% скараціць дзяржаўныя выдаткі. Скараціць колькасьць бюракратыі, чыноўнікаў, найперш ва ўрадзе, адміністрацыі прэзыдэнта, міліцыю, усялякую „вэртыкаль“. Мы прапануем прадаць рэзыдэнцыі, якія будуюцца і ёсьць у кожнай вобласьці, на кожным возеры. Жыць па сродках, эканоміць. Нічога новага ён не сказаў. Але замест таго каб сыстэмна, мець комплексную праграму, як скараціць выдаткі бюджэту, скараціць рублёвую масу, ён гэта робіць адміністратыўна, папулісцкім чынам, нешта адмяняе, некага ўшчувае. Гэта несур’ёзна. Гэта на ўзроўні базару можна рабіць».