Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзеш на дзяржслужбу – здай карту паляка


Грамадзяне Беларусі ня будуць мець права карыстацца льготамі і перавагамі, якія даюцца замежнымі дзяржавамі ў сувязі зь іх палітычнымі ці рэлігійнымі поглядамі і нацыянальнай прыналежнасьцю. Такая норма, як паведамляе Інтэрфакс, зьмяшчаецца ў законапраекце, працоўная назва якога гучыць як "Аб забесьпячэньні абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь".

Як стала вядома карэспандэнту агенцтва Інтэрфакс з крыніцаў у міністэрстве юстыцыі Беларусі, у бліжэйшы час мяркуецца карэкціроўка шэрагу заканадаўчых актаў, у тым ліку -- "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях", "Аб грамадзянстве". Неабходнасьць прыняцьця законапраекту афіцыйныя асобы тлумачаць выдачай беларускім грамадзянам карты паляка.

Са словаў супрацоўніка Мінюсту, "у выпадку, калі грамадзянін Беларусі -- дзяржаўны службовец, які атрымаў карту паляку альбо аналягічны дакумэнт ад іншай замежнай дзяржавы, ня верне яго органам краіны, якая яго выдала, гэта паслужыць падставай для спыненьня зь ім працоўных пагадненьняў".

Прадстаўнік Мінюста спаслаўся на палажэньне польскага закону "Аб карце паляка", якое, на яго думку, "абцяжарвае грамадзян Беларусі, якія атрымалі карту паляка, абавязкам улічваць інтарэсы Польшчы ў сваёй дзейнасьці, а выдача карты паляка знаходзіцца ў залежнасьці ад пэўных паводзінаў гэтых грамадзян адносна суседняй краіны. У сваю чаргу, такія паводзіны беларускіх грамадзян могуць нэгатыўна адбіцца на нацыянальных інтарэсах Беларусі", -- заявіў прадстаўнік міністэрства.

Ён падкрэсьліў, што "норма названага польскага закону ня ўзгодненая з прынцыпамі міжнароднага права, такімі як прынцып сувэрэннай роўнасьці і неўмяшаньня ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы".

7 верасьня 2007 парлямэнт Польшчы прыняў закон "Аб карце паляка" які пачаў дзейнічаць 31 сакавіка 2008. Карта пацьвярджае прыналежнасьць этнічных палякаў, якія жывуць у СНД і краінах Балтыі, да польскага народу, і дае ім палёгкі ў афармленьні віз пры наведваньні Польшчы, гарантуе падтрымку пры вядзеньні бізнэсу, працаўладкаваньні і паступленьні на вучобу ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG