Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіту Ліхавіда вызвалілі з карцэру праз 10 дзён


Актывіста руху «За свабоду» Мікіту Ліхавіда вызвалілі з турэмнага карцэру, дзе юнак адбыў 10 дзён. Абаронцы Андрэя Саньнікава падалі ў суд папярэднюю касацыйную скаргу на прысуд. Зьвесткі пра тое, калі будзе абвешчаны прысуд Мікалаю Статкевічу, стануць вядомыя ад сакратара суду, мяркуе адвакат палітыка.

10 дзён адбыў у турэмным карцэры актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід за тое, што у калёніі кажа пра сябе «незаконна асуджаны», а не называе артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога яго судзілі. Пра гэта Свабодзе паведаміла маці актывіста Алена Ліхавід:

«Ён адбыў 10 дзён, і гэты тэрмін учора закончыўся, яго выпусьцілі. Я яшчэ ўчора тэлефанавала ў калёнію, размаўляла з выхавальнікам атрада. А ў пятніцу мы паедзем з адвакатам у калёнію, адвакат яго наведае».

Падрабязнасьцяў пра тое, як Мікіта Ліхавід адбыў зьняволеньне ў карцэры і як пачуваецца цяпер, у Алены Ліхавід няма. Паводле маці, супрацоўнік адміністрацыі сказаў толькі, што «зь ім усё нармалёва».
27 траўня Ліхавіду спаўняецца 21 год.

27 траўня Ліхавіду спаўняецца 21 год. Ён адзін з самых маладых удзельнікаў падзей 19 сьнежня, якіх пакаралі паводле Крымінальнага кодэксу. Мікіту Ліхавіда судзьдзя Партызанскага суду Натальля Пыкіна асудзіла на 3,5 году зьняволеньня.

23 траўня маці Андрэя Саньнікава далі дазвол на сустрэчу з сынам у ізалятары на вуліцы Валадарскага, дзе трымаюць экс-кандыдата на прэзыдэнта пасьля суду. Гэта будзе першае спатканьне маці з сынам за больш як 5 месяцаў арышту. Дазвол на спатканьне даецца судзьдзёй і дзейнічае тры дні.

Таксама 23 траўня адвакаты Андрэя Саньнікава падалі ў Менскі гарадзкі суд папярэднюю скаргу на прысуд палітыку.

Адвакат Саньнікава Андрэй Варвашэвіч: «Мы сёньня падалі папярэднюю скаргу. Далей будзем больш пільна вывучаць справу, пратаколы судовага паседжаньня і пасьля гэтага будзем рыхтаваць канчатковую скаргу».

Андрэя Саньнікава Партызанскі суд Менску прызнаў вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны былы кандыдат на прэзыдэнта Саньнікаў не прызнаў і заявіў пра катаваньні.
Тацяна Станкевіч сказала, што ў яе адвакацкай практыцы гэта першы падобны выпадак, каб прысуд пераносілі на нявызначаны тэрмін.

Яшчэ два кандыдаты на прэзыдэнта чакаюць сваіх прысудаў. Гэта Мікола Статкевіч і Дзьмітры Вус. Прысуд павінны былі зачытаць 20 траўня. Але, паводле афіцыйнай інфармацыі, захварэла судзьдзя Людміла Грачова. «Пра апошні дзень суду будзе паведамлена дадаткова», — было пазначана ў аб’яве суду.

Адвакат Статкевіча Тацяна Станкевіч сказала, што 23 траўня ёй ніхто не паведамляў пра дзень абвяшчэньня прысуду. Як звычайна паведамляецца інфармацыя пра дзень паседжаньня? Тацяна Станкевіч сказала, што ў яе адвакацкай практыцы гэта першы падобны выпадак, каб прысуд пераносілі на нявызначаны тэрмін.

Спадарыня Станкевіч мяркуе, што сакратар суду мусіць праінфармаваць усіх удзельнікаў працэсу, у тым ліку і адвакатаў, пра дзень агалошаньня прысуду: «Разумею гэтак, што патэлефануюць на працу і паведамяць. На працы мяне заўсёды знойдуць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG