Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьверы зь відам на Беларусь – яшчэ не адкрытыя, але зьлёгку прачыненыя


Праца Марыны Напрушкінай – складзены з кветак і камянёў герб КДБ РБ
Праца Марыны Напрушкінай – складзены з кветак і камянёў герб КДБ РБ
Герб КДБ расквітнеў перад будынкам нацыянальнай мастацкай галерэі «Zachęta» ў Варшаве. Гэта частка выставы незалежных беларускіх мастакоў. Адкрыцьцё -- у аўторак, паведамляе газэта «Rzeczpospolita».

Выстава «Адчыняючы дзьверы? Беларускае мастацтва сёньня» дагэтуль была паказаная толькі ў Вільні ў 2010 годзе. У роднай краіне творцаў для яе няма шанцаў. Чаму?

-- Па-першае, у Менску ўвогуле рэдка паказваецца сучаснае мастацтва, -- тлумачыць літоўскі куратар Кястуціс Куізінас, які разам зь беларускімі мастакамі стварыў экспазыцыю. -- Па-другое, прэзэнтаваныя тут працы досыць крытычныя што да палітыкі РБ. Большасьць іх зьвязаныя з праблемамі тамтэйшага грамадзтва. А некаторыя наўпрост ставяць пытаньні, пра якія ў Беларусі гаварыць нельга.

У галерэі «Zachęta» можна будзе ўбачыць ня толькі творчасьць мастакоў, якія жывуць у Беларусі, але таксама і тых, якія пакінулі краіну і твораць за мяжой. Сярод 18-ці прэзэнтаваных праектаў – два творы Марыны Напрушкінай, якая жыве ў Нямеччыне. Ужо некалькі дзён перад будынкам галерэі разьмясьцілася яе праца «Дарога сонца» -- складзены з кветак і каляровых камянёў герб КДБ РБ.

Мастачка Аксана Гурыновіч пакажа дзьве працы, якія нагадваюць мапы. На іх можна будзе ўбачыць маршруты міграцыі беларускіх творцаў.

-- Дыяграмы ілюструюць узровень зьявы – выездаў і вяртаньняў. Зь іх бачна, што нашмат болей асобаў пакідаюць краіну, чым у яе вяртаюцца, -- кажа куратар.

Афіцыйна выстава адкрываецца ў аўторак. Але ўжо сёньня адбудзецца яе прэм'ера і канцэрт (а 17.30) гуртоў «Срэбнае вясельле», Nagual і Drum Ecstasy.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG