Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз разгледзіць дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі


23 траўня Рада міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу разгледзіць пытаньне аб увядзеньні дадатковых санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Як паведамляе прэс-служба ЭЗ, гэтае пытаньне ўключана ў парадак дня пасяджэньня ў Бруселі, перадае БелаПАН.

Пра якія менавіта санкцыі можа ісьці гаворка, у паведамленьні не ўдакладняецца. Чакаецца, што вынікі пасяджэньня стануць вядомыя на прэс-канфэрэнцыі, якая пройдзе ў другой палове дня.

Нагадаем, 11 траўня вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан заявіла, што адзіным магчымым адказам Эўразьвязу на дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца ўвядзеньне жорсткіх санкцыяў у дачыненьні да яго і прадстаўнікоў яго рэжыму.

16 траўня бэльгійскае выданьне EUobserver са спасылкай на свае крыніцы ў Брусэлі паведаміла, што ЭЗ вывучае магчымыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Адзначалася, у прыватнасьці, што кіраўнікі пасольстваў краін ЭЗ у Менску накіравалі ў Брусэль папярэдні сьпіс асоб і прадпрыемстваў, у дачыненьні да якіх разглядаецца магчымасьць увядзеньня новых абмежавальных мер. Сярод іх — дзяржканцэрн "Белнафтахім", група кампаніяў "Трайпл", кампанія "Белтэхэкспарт" і ААТ "Беларуськалій". Новыя санкцыі, падкрэсьліваў EUobserver, закліканыя "ўдарыць па дзяржаўным бюджэце прэзыдэнта Лукашэнкі, не прыносячы крызісу ў кволую эканоміку краіны".

20 траўня агенцтва AFP са спасылкай на дыпляматычную крыніцу ў Брусэлі паведаміла, што 27 дзяржаваў Эўразьвязу дамовіліся аб унясеньні ў сьпіс беларускіх афіцыйных асоб, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць санкцыі, 13 новых імёнаў. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра судзьдзяў і пракурораў, якія былі задзейнічаныя ў працэсах над удзельнікамі акцыі апазыцыі 19 сьнежня 2010 году.

Візавыя санкцыі ў дачыненьні да 157 службовых асоб Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, былі ўведзеныя ЭЗ 31 студзеня 2011 году.

21 сакавіка Эўразьвяз пашырыў сьпіс "у сувязі з пагаршэньнем у Беларусі сытуацыі з правамі чалавека", папоўніўшы яго прозьвішчамі яшчэ 19 чалавек.

22 сакавіка прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што Беларусь у якасьці меры ў адказ падрыхтавала сьпіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны, аднак апублікаваны ён ня будзе. У яго "ўключаныя асобы, якія прадпрымаюць дэструктыўныя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі і наносяць шкоду міжнароднаму супрацоўніцтву", сказаў прэс-сакратар.

12 траўня агенцтва Інтэрфакс-Захад са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі паведаміла, што ў выпадку ўвядзеньня Эўразьвязам у дачыненьні да Беларусі эканамічных санкцыяў улады РБ у адказ могуць прапанаваць паслам шэрагу дзяржаваў ЭЗ пакінуць межы краіны, а таксама забараніць выезд за мяжу 200 прадстаўнікам апазыцыі.

Аднак у беларускім МЗС заявілі, што "гаварыць сёньня аб увядзеньні Беларусьсю мер у адказ супраць ЭЗ ня толькі заўчасна, але і не канструктыўна". "Асноўная пазыцыя беларускага боку заключаецца ў тым, што Беларусь і ЭЗ маюць магчымасьць вярнуцца да нармальнага дыялёгу, заснаванага на прынцыпах добрасуседзтва і ўзаемнай павагі", — падкрэсьліў прэс-сакратар зьнешнепалітычнага ведамства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG