Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў: Суды за Плошчу — праява страху ўлады перад непазьбежнасьцю перамен


Сёньня ў судзе над Андрэем Саньнікавым, Ільлём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Ўладзімерам Яроменкам адбыліся дэбаты бакоў, падсудныя выступілі з апошнім словам. Пракурор запатрабаваў Саньнікаву 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Яроменку, Васілевічу, Мірзаянаву — па 3 гады, Гнедчыку — 4 гады. Прысуд будзе абвешчаны 14 траўня а 16-й гадзіне.

Пракурор Антон Загародзкі не адышоў ні на крок ад папярэдняга абвінавачваньня падсудных. Нават сэнсацыйныя сьведчаньні сьведкі Пятра Кучка пра тое, што пасьля разгону плошча Незалежнасьці была чыстая, бяз розных бутэлек, сякер, каністраў і ледасекаў, і тое, што спадар Кучко нават прадэманстраваў фатаграфіі, не пахіснулі абвінаваўцу. Пракурор заклікаў суд не прымаць пад увагу гэтыя сьведчаньні з-за іх супярэчлівасьці. Тое ж, што адвакаты цягам працэсу знайшлі шматлікія супярэчнасьці ў паказаньнях спэцназаўцаў і нават у трох пратаколах агляду месца падзей, пракурор не заўважыў. Ён заявіў, што ўсе падсудныя вінаватыя ў масавых беспарадках, а Андрэй Саньнікаў — і ў іх арганізацыі, і запатрабаваў для Саньнікава 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, для Яроменка, Васілевіча, Мірзаянава — па 3 гады (гэта мінімум па іхнім артыкуле), для Гнедчыка, які ўжо меў судзімасьці, — 4 гады зьняволеньня.

Выступы адвакатаў не пакінулі каменя на камені ад абвінавачваньняў пракурора. У адзін голас адвакаты заявілі, што ў судзе ня быў даведзены сам факт масавых беспарадкаў. Адвакат Саньнікава Андрэй Варвашэвіч па пунктах агучыў палажэньні артыкула Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі» і аргумэнтавана давёў, што яны не адпавядаюць гэтаму выпадку. Адвакат Мірзаянава Аляксандар Галіеў заявіў, што гвалт 19 сьнежня сапраўды быў, але гэта быў гвалт з боку спэцназу, які жорстка і нематывавана зьбіваў безабаронных дэманстрантаў. «Будучыня любой краіны не за шлемамі і дубінкамі, а менавіта за такімі людзьмі, як Фёдар Мірзаянаў», — сказаў Галіеў і заклікаў суд вызваліць ягонага падабароннага.

У апошнім слове ўсіх абвінавачаных не прагучала ні слова раскаяньня ў тым, што яны прыйшлі на Плошчу, яны прасілі ў суду толькі аднаго — справядлівасьці. Падсудныя самі абвінавачвалі ўладу ў беззаконьні, жорсткім абыходжаньні, гвалце. Уладзімер Яроменак заявіў, што ўжо 16 гадоў у Беларусі пануе адзін чалавек, нішчыцца мова, няма свабоды слова. Менавіта таму ён выйшаў на Плошчу і не шкадуе пра гэта. «Любы рэжым калі-небудзь скончыцца, у тым ліку і беларускі. Жыве Беларусь!». Ягоную прамову ў залі сустрэлі воплескамі.

Воплескамі сустрэлі і апошняе слова Андрэя Саньнікава:

«Я ведаю, што мая сям’я і ўсе людзі ў Беларусі будуць шчасьлівыя, калі настане свабода! Жыве Беларусь!».

Людзі: «Жыве!».

Андрэй Саньнікаў выступіў з сапраўднай палітычнай прамовай, падзякаваў усім тым, хто працаваў у ягонай выбарчай камандзе, хто галасаваў за яго, падзякаваў тым, каго прымушалі сьведчыць супраць яго, а яны адмовіліся і апынуліся ў судовай клетцы разам зь ім. Перасьлед удзельнікаў Плошчы Саньнікаў назваў праявай страху дзейнай улады перад непазьбежнасьцю перамен, помсту асабіста Саньнікаву за тое, што ён склаў Лукашэнку канкурэнцыю.
Я быў і застаюся прыхільнікам рашучых і адкрытых дзеяньняў па зьмяненьні існуючай улады ў Беларусі. Але быў і застаюся прыхільнікам абсалютна негвалтоўных дзеяньняў.

«Я быў і застаюся прыхільнікам рашучых і адкрытых дзеяньняў па зьмяненьні існуючай улады ў Беларусі. Але быў і застаюся прыхільнікам абсалютна негвалтоўных дзеяньняў. Лічу, што ўсё, што адбываецца, — гэта прадуманая маштабная апэрацыя ўлады. Усё, пачынаючы з 19 сьнежня і па сёньняшні дзень».

Саньнікаў заявіў, што ён прайшоў праз катаваньні, прыніжэньні і пагрозы і ведае, што яму зноў давядзецца прайсьці праз выпрабаваньні. Тым ня меней у яго няма пачуцьця нянавісьці і помсты.

Усе 10 дзён працэсу над Саньнікавым у залю прыходзіла ягоная маці Ала Ўладзімераўна. Пасьля ягонага апошняга слова яна сказала «Свабодзе», што ганарыцца сынам:

«Ганаруся, што ён вытрымаў усё і гатовы вытрымаць яшчэ ў імя сваёй Беларусі, таму можна толькі ганарыцца, што такога сына выхавала».

Сам працэс яна назвала абсурдным:

«Гэта злачынства стагодзьдзя. Я вельмі ўдзячная адвакатам, якія разьбілі ўсе довады абвінавачаньня і Андрэя, і гэтых хлопчыкаў. Я лічу, што тут не судзьдзя і пракурор вырашаюць, а вырашае гэты, наш вышэйшы начальнік».

На суд над Саньнікавым з Гародні прыехаў ягоны стрыечны брат Міхал Касьцюшка, інвалід першай групы:

«І вельмі рады, што я прыехаў, цяпер я магу спакойна спаць. Я ведаю, што мой брат сапраўдны чалавек, які ня здрадзіць сваёй справе. Я веру, што ён пераможа. Я рады, што ў нас ёсьць такія людзі і краіна нарэшце пачала прачынацца».

Палітык Лявон Баршчэўскі перакананы, што тыя людзі, якіх пасадзілі на лаву падсудных за Плошчу, трымаліся вельмі годна:

«Асабліва ўразілі апошнія словы падсудных. І гэта якраз абнадзейвае, што гэтая сыстэма павінна рана ці позна забуксаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG