Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя твары беспрацоўя


Чарга на беларуска-польскай мяжы
Чарга на беларуска-польскай мяжы
Валютны крызіс у Беларусі рэзка абвастрыў сытуацыю на рынку працы. Афіцыйна прызнана, што амаль 600 тысяч чалавек за апошні час вымушаныя былі "часова прыпыніць сваю дзейнасьць". Незалежныя экспэрты мяркуюць, што насамрэч гэта лічба значна большая.

Як новыя беспрацоўныя шукаюць спосабы выжыць ва ўмовах крызісу? Адказы на гэта пытаньне высьвятлялі рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Расповеды пра адсутнасьць беспрацоўя і высокія заробкі — гэта фарысэйства"

У Гомелі беспрацоўе мае выразны "жаночы твар". Менавіта жанчыны больш за ўсё зьвяртаюцца ў гарадзкі цэнтар занятасьці, каб уладкавацца хоць дзе-кольвечы на працу.

Апавядае маладая спэцыялістка з вышэйшай адукацыяй, але невялікім досьведам працы:

"Працавала ў Беларусбанку. Адбылося зьліцьцё філіялаў. Вызваліліся людзі — так і апынулася на вуліцы. Маю вышэйшую тэхнічную адукацыю".

Дзяўчына кажа, што спрабавала знайсьці працу самастойна, але вельмі была зьдзіўлена ўзроўнем аплаты:

"Хадзіла ў некалькі кампаній на гутарку, каб уладкавацца. Але такія сьмешныя
Прапаноўваюць заробкі нават ніжэйшыя за пражытачны мінімум
заробкі прапануюць — 250 тысяч аклад — гэта ж нават ніжэй за пражытачны мінімум".

Маладая адзінокая маці цяпер у адпачынку. Фармальна яна яшчэ лічыцца на працы рабочай у жыльлёва-камунальным прадпрыемстве "Чыгуначнае". Аднак адміністрацыя папярэдзіла ўжо яе, што кантракт ня будзе падоўжаны:

"Рабочай працую. Ня хочуць са мною працягваць кантракт. Прычыны яны не тлумачаць. Я адзінокая маці, я ня ведаю, якое яны маюць права не працягваць са мною кантракт? У прынцыпе — гэта зьверства".

44-гадовая жанчына вымушана была звольніцца зь дзяржаўнага прадпрыемства ЗЛІН, якое ўваходзіць у аб’яднаньне "Гомсельмаш". Кажа, што з-за нізкіх заробкаў:

"Я працавала на дзяржпрадпрыемстве ЗЛІН, апэратарам. Там заробкі былі ў мяне вельмі маленькія, таму я й звольнілася. У мяне ўжо ўзрост перадпэнсійны — 44 гады. Цяпер мне тут прапануюць ісьці прыбіральшчыцай, пасудамыйкай".

"Дэкляраваны нядаўна ўладамі заробак у эквіваленце 500 даляраў цяпер выклікае горкую ўсьмешку"

Спадар Вадзім таксама працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве "Гідрааўтаматыка" наладчыкам станкоў зь лічбавым кіраваньнем, але звольніўся. Заробкі не дацягвалі да мільёна, а працаваць даводзілася вельмі шмат. Дэкляраваны ўладамі заробак у эквіваленце 500 даляраў у рабочага выклікае толькі ўсьмешку:

"Гэта ўсё фарысэйства. Расцэнкі панізілі, і нічога ня скажаш — не даюць зарабіць. Аднаму высачэзныя заробкі, усім астатнім — мізэр. І атрымліваецца сярэдні заробак. Лукашэнка кажа, што на Захадзе фарысэйствам займаюцца. Ён і сам фарысэй".

Афіцыйна на Гомельшчыне ўзровень беспрацоўя вагаецца ў межах 1%. Аднак афіцыйная статыстыка ня ўлічвае дзясяткі тысяч людзей, якія не ідуць на біржу працы, а едуць на заробкі ў суседнія краіны, і найперш у Расею.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Нельга ўладкавацца нават на працу з абмежаваным заробкам

На працоўным рынку Гарадзеншчыны людзі скардзяцца, што ўжо ня могуць уладкавацца на працу, зь якой можна жыць і ўтрымліваць сям’ю.

Побач з Цэнтрам занятасьці ў Горадні пазнаёміўся са спадаром, які шукае працу шафёра. Працоўны стаж гэтага чалавека — амаль 20 гадоў. Фірму, у якой ён працаваў, распусьцілі, больш за 30 чалавек звольнілі.

Пытаюся ў спадара — ці ўдалося яму знайсьці тут тое, што ён шукае?

Спадар: "Шафёра цяпер за чалавека ня лічаць, нідзе нікому ты не патрэбен. Гэта раней шафёр лічыўся чалавекам, а зараз кожны мае правы…".

Карэспандэнт: "І колькі можна зарабіць з таго, што прапануюць у Цэнтры занятасьці?".

Спадар: "Мільён, максымум адзін мільён дзьвесьце. А за кватэру заплаці, за вучобу дзіцяці, а калі яшчэ крэдыт маеш, то і на чарку ня хопіць".

У пасёлку Бярозаўка людзі страчваюць працу на адзіным тут прамысловым прадпрыемстве

У раённых цэнтрах сытуацыя з працаўладкаваньнем і заробкамі выглядае яшчэ больш складанай. У невялічкім гарадку Бярозаўка Лідзкага раёну адно буйное прадпрыемства — гута, адкуль шмат каму даводзіцца звальняцца на ўласнае жаданьне. Вось што мне распавядае спадар, зь якім ужо некалькі месяцаў таму прыпынілі кантракт.

Спадар: "Але людзі самі адтуль звальняюцца і разьбягаюцца, паколькі ў аб’яўках адміністрацыя абяцае заробак у паўтара мільёна, а там немагчыма зарабіць і блізка мільёна".

"Беспрацоўныя з райцэнтру Масты шукаюць магчымасьць зарабіць у іншых гарадах і нават у іншых краінах"

Яшчэ адзін спадар, з Мастоў, дадае, што тутэйшыя людзі, нягледзячы на абмежаванасьць працоўных месцаў, ня вельмі імкнуцца ўладкоўвацца на дзяржаўныя прадпрыемствы зь нізкімі заробкамі. Зь яго слоў, пераважная большасьць тых, хто ня мае працы, шукаюць заробку ў іншых гарадах і краінах.

Спадар: "Большасьць выяжджаюць у сьвет на заробкі, шмат хто займаецца перагонкай машынаў, езьдзяць у Польшчу па тавар — гэта нас ратуе. Шмат хто займаецца рамонтамі, выяжджае дзеля гэтага ў Горадню і Менск, а некаторыя нават езьдзілі працаваць у гіпэрмаркет "Алмі", што ў Горадні".

"Людзей прымусілі напісаць заявы на адпачынак за свой кошт"

Воранава лічыцца ў вобласьці сельскагаспадарчым раёнам, і таму ў раённым цэнтры толькі некалькі невялікіх прадпрыемстваў. Тутэйшы жыхар распавядае, што ўжо дзевяць год сам знаходзіць заробкі ў іншых гарадах, бо тут выбару няма — толькі рабіць, як ён кажа, задарма.

Спадар: "Ну вось побач райсельгастэхніка, дык тут людзей прымусілі напісаць заявы за свой кошт і працы няма. Калі раней яшчэ пару месяцаў там маўчалі, то зараз бухцяць людзі паўсюль: плююцца, мацюгаюцца, праклінаюць і ўсё што хочаш".


ВІЦЕБШЧЫНА


"Нічога канструктыўнага людзям улада не прапаноўвае — яны самі шукаюць, як выжыць".

Спадара Міколу давялося засьпець на баранскім кірмашы, дзе ён прадаваў бульбу з уласнага гароду. У мястэчку Барань пад Воршай ёсьць адзінае дзяржаўнае прадпрыемства — фірма "Лёс", якая пэрыядычна праводзіць скарачэньні працаўнікоў. Апошнім часам у беспрацоўныя трапляюць і работнікі прыватных прадпрыемстваў. Выжываюць у такіх умовах хто як можа, гаворыць спадар Мікола:

"У мяне лішкі бульбы былі, я во прынёс два вядры, прадаю. У мяне ўласная
Беспрацоўныя наймаюцца ў "батракі": гароды ўскопваюць, платы робяць, дах майструюць"
хата з гародам, я саджу бульбу, сею моркву й буракі. Беспрацоўных у Барані шмат, і бальшыня зь іх мае гароды — каб зусім ужо не паміраць з голаду".

З надыходам вясны беспрацоўныя бараньцы наймаюцца ў батракі або аб’ядноўваюцца ў працоўныя брыгады:

"Шукаюць часовай падпрацоўкі — у батракі наймаюцца. Людзі іх так і завуць: "батракі". Яны гароды ўскопваюць, ім за гэта даюць грошы і бульбу. Агароджы робяць. Вось нядаўна брыгада хлопцаў такіх на суседняй вуліцы дах рабіла жанчыне адной, пэнсіянэрцы — за 900 тысяч накрылі дах утраіх".

"Для каго ў вёсцы Андрэеўшчына будуюць гандлёвы цэнтар і платныя аўтастаянкі?"

Людзі самі шукаюць, як выжыць ва ўмовах беспрацоўя. Бо ўлады нічога канструктыўнага ў гэтым сэнсе не прапануюць, кажа актывіст кампаніі "Наш дом" Мікалай Петрушэнка. Ён пабываў на сходзе ў вёсцы Андрэеўшчына Аршанскага раёну, дзе якраз абмяркоўваліся праблемы сацыяльнага разьвіцьця:

"Калі актывісты кампаніі "Наш дом" задалі пытаньне наконт беспрацоўя, то прагучаў вельмі цікавы адказ. Маўляў, там пабудуюць шматпавярховы гандлёвы цэнтар, платныя стаянкі для аўтамабіляў і платныя спартовыя пляцоўкі. Такое ўражаньне, што ўлады лічаць нашых людзей дужа багатымі, быццам яны толькі й думаюць, як хутчэй занесьці грошы ў дзяржаўную кішэню".

Стварэньне новых працоўных месцаў на такіх аб’ектах ня вырашыць праблемы беспрацоўя, бо гэтыя аб’екты ня будуць прыбытковыя, кажа спадар Петрушэнка.

Апошнім часам людзі неахвотна нясуць грошы нават у краму ці на кірмаш, кажа спадар Васіль з райцэнтру Гарадок. Таму ў беспрацоўныя ўжо трапляюць прадпрымальнікі:

" У нас тры ралеты прадаецца ўжо. А што? Мае сябры прадалі 100 бутэлек алею, да прыкладу, а на гэтыя грошы змогуць набыць ужо толькі 90. Паедуць зноў — ужо 70 будзе… Тавар увесь амаль замежны, гуртавікі закладаюць кошт з улікам даляра. А які цяпер курс? Ніхто ня ведае! Мінулым разам набылі тавар па адным кошце, прадалі, а па новы паехалі — там кошты ўжо зусім іншыя… Дык прасьцей ужо дома сядзець! Якраз во і траўка пайшла — падножны корм" (сьмяецца).

З Гарадоччыны, якая мяжуе з Пскоўскай вобласьцю, беспрацоўныя масава едуць у Расею, і гэта пакуль адзіны паратунак, гаворыць спадар Васіль:

"А як ты інакш уратуесься? Нам тут крыху прасьцей: едуць у Маскву, Піцер, яшчэ куды. Расея ратуе, будоўлі… Затое ў нас — "стабільнасьць".


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Жыхары беларускага памежжа зарабляюць на вывазе дызэльнага паліва, цыгарэтаў і алькаголю

На ўсіх без выключэньня берасьцейскіх памежных пераходах чэргі пры перасячэньні мяжы расьцягваюцца на кілямэтры. Для многіх мясцовых жыхароў памежны гандаль — адзіная крыніца існаваньня.

Калі месяц таму значную частку чэргаў на памежных пераходах складалі аўтамабілі на транзытных нумарах, то цяпер іх толькі адзінкі. У кілямэтровай чарзе на памежным пераходзе Славатычы 12 траўня толькі чатыры аўтамабілі былі з транзытнымі нумарамі. Многія берасьцейцы, якія ня маюць працы, вязуць у Польшчу дызэльнае паліва, цыгарэты і алькаголь, зарабляючы на гэтым.

"Прадаючы дызэльнае паліва, магчыма зарабіць. Асноўны заробак тут палягае ў розьніцы курсаў валюты. Набываючы паліва за беларускія рублі, яго можна прадаць за польскія злотыя, набыць даляры і прадаць валюту ў Беларусі. На блёку цыгарэт магчыма зарабіць каля 10 даляраў. Некалькі даляраў можна атрымаць за бутэльку алькаголю".

"Лукашэнка можа адмяніць павышэньне мыта на ўвоз іншамарак"

Многія берасьцейцы перасякаюць мяжу кожны дзень. Заробак у месяц можа дасягаць каля 1000 даляраў. Праўда, пэрспэктывы такога бізнэсу даволі сумнеўныя, кажа жыхар Берасьця Ўладзімер:

"Хто яго ведае, што тут далей будзе. Гэтак жа невядома, што будзе і з аўтамабільным мытам. Магчыма, што Лукашэнка наагул скасуе павышэньне мыта. Тады шмат каму будзе зусім нявесела".

Для таго каб праехаць мяжу, у сярэднім трэба каля пяці гадзін. Яшчэ месяц таму, як кажа берасьцеец Вячаслаў, гэта займала гадзін дзевяць.

"Памежнікі маюць плян прапускаць каля 60 аўтамабіляў за дзень. Вось яны гэта і робяць. Такое ўражаньне, што адбіваюць ахвоту ў людзей перасякаць мяжу. Няма пэўнай арганізаванасьці пры перасячэньні мяжы".

На памежным пераходзе Славатычы — вялізныя чэргі

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Прычына звальненьня — незадаволенасьць памерам заробку

На прадпрыемствах Магілёўшчыны людзі, незадаволеныя памерамі заробкаў, звальняюцца. Некаторыя з працаўнікоў спрабуюць дамагчыся ад адміністрацыі выплаты заробленага ў судовым парадку.

Адпрацаваўшы на Магілёўскім вагонабудаўнічым заводзе не адзін год, звольніўся зваршчык Дзьмітры. Ён вінаваціць адміністрацыю ў тым, што ня выкананыя абяцаньні па аплаце яго працы. Спадар Дзьмітры апавядае:

"За пяцьсот-шэсьцьсот тысяч я працаваць не зьбіраюся. Абяцалі да трох мільёнаў. Пастаянная цякучка. Чалавек крыху папрацаваў, пабачыў, разьвярнуўся, сышоў. Усе старыя працаўнікі пазвальняліся. У нас жа расцэнкі ідуць украінскія. Ва Ўкраіне аўтаматы зварваюць. А мы ўручную. За капейкі проста працуецца, і ўсё".

Рабочы судзіцца з адміністрацыяй


Незадаволенасьць аплатай працы стала падставай для звароту ў суд працаўніка вагонабудаўнічага заводу Валадара Цурпанава. Ён заяўляе, што адміністрацыя рэгулярна недаплачвае яму і яго калегам.

"Прадмет разгляду насамрэч — сыстэма аплаты, якая ня ўлічвае ўнёсак кожнага працаўніка. Вельмі нізкія расцэнкі. Людзі прыходзяць зарабляць, а як жа плянаваць, калі ты ня ведаеш, колькі ты можаш зарабіць? Усё ссыпаецца ў агульны кацёл. Нехта можа не працаваць і зарабіць столькі, колькі за ўдарную працу. Людзі незадаволеныя сыстэмай. У адказ на гэта людзі звальняюцца", — зазначае Валадар Цурпанаў.

Паводле суразмоўцы, суд пасьля двух паседжаньняў прызначыў на прадпрыемстве судовую бухгальтарскую экспэртызу. Яна можа зацягнуцца на паўгода. Тым часам да заканчэньня працоўнага кантракту адміністрацыі з Цурпанавым засталося пару месяцаў. Кіраўніцтва заводу ня мае намеру працягваць са мной працоўныя адносіны, кажа Валадар Цурпанаў.

За два апошнія месяцы некаторыя цэхі вагонабудаўнічага заводу прастойвалі чатыры тыдні. Прычына — адсутнасьць камплектуючых.

Вагонабудаўнічы завод не адзіны, які мае праблемы. Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка тым, як спрацавалі гарадзкія прадпрыемствы ў першым квартале году, незадаволены. Ён зьдзіўлена пытаецца:

Ужо на 200 прадпрыемствах рэгіёну заробкі не дацягваюць да мільёна

"На канец году выйшлі па стратных прадпрыемствах на шэсьць. Зь першага студзеня стала 25. Каму гэта трэба? Заганялі мы, заганялі, і што сталася зь першага студзеня? Або ўмовы гаспадараньня зьмяніліся?".

Тыповыя сытуацыі на прадпрыемствах Магілёва — запазычанасьць перад банкамі, праца на склад і праблемы з выплатай заробкаў. Замежных інвэстыцыяў няма. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 200 прадпрыемствах Магілёўшчыны працаўнікі атрымліваюць у сярэднім 900 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG