Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Севярынца, Халіп, Марцалева. Першы дзень

абноўлена

11 траўня ў судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся працэс над трыма ўдзельнікамі падзеў 19 сьнежня. Тут судзяць сустаршыню аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, журналістку, жонку былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргея Марцалева.



14:52 Севярынец, калі яму далі магчымасьць задаць пытаньне Халіп, толькі заявіў: "Ірына Ўладзіміраўна – вельмі мужная жанчына".

Судом абвешчаны перапынак да заўтра да 10 гадзін.

14.50
Ірына кажа, што не чытала папярэджаньне яе мужу з генпракуратуры: "Мне б перачытаць Томаса Мана. Гэта была такая дробязь на фоне выбараў, што набліжаліся". Свае 15 сутак за удзел у несанкцыянаванай акцыі я ўжо адсядзела, можа гадоў 10 таму назад. Палажэньні абвінаваўчага заключэньня Ірына назвала надуманымі, тэрміналёгіяй піянэрскага лягеру. У прыватнасьці так яна ацаніла палажэньне абвінавачваньня, што яна сваім прыкладам уцягвала іншых, ідучы наперадзе ў калёне.

"Адзінае, што я прызнаю, гэта тое, што некаторыя пасажыры аўтобусаў даехалі да сваіх прыпынкаў на 15-20 хвілін пазьней. Але гэтаксама прэзыдэнцкія картэжы спыняюць рух на праспэкце".

"Я не прызнаю сябе вінаватай. Я выконвала свае журналісцкія абавязкі, і выканала іх цудоўна. Я не пакідала свайго мужа, і яму са мною было лягчэй".
Ірына паведаміла, што супраць яе складваўся пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, але далейшага ходу ён не атрымаў.

14.40 Халіп:
"Я ж журналіст, як я магла застацца на Кастрычніцкай плошчы, я не магла кінуць свайго мужа, і я лічу, што калі б людзі не выйшлі на праезную частку, магло б быць кепска. Была б другая Няміга. Падзеі на плошчы Незалежнасьці не ўваходзяць у склад абвінавачаньня Халіп, паведаміла адвакат у адказ на роспыты пракурора пра біцьцё шыбаў. Ірына кажа, што бачыла ля Дому ўраду толькі сьпіны калег-журналістаў. Ірына падрабязна распавядае, як зьбілі і затрымалі яе мужа і яе саму. "Затрымлівалі нас незаконна, не адрэкамэндаваўшыся нават. Майго мужа зьбівалі нагамі, калі ён ляжаў на зямлі". Потым толькі ў машыне мне сказалі, што я затрыманая. Да таго незаконна зьбівалі, хаця мы не супраціўляліся.

Абвінавачаньне Ірына назвала абсурдным.

14.30
Пракурор: Для чаго вы заклікалі прыйсьці на плошчу? Халіп: Я наўпрост не заклікала. Згодна з законам і Канстытуцыяй грамадзяне маюць права на выказваньне сваіх думак і меркаваньняў, на мірныя сходы. Калі б мой муж і ня быў палітыкам, я б усё роўна прыйшла на Плошчу. Усе гэтыя гады я хадзіла на мітынгі як журналіст, выконвала заданьні рэдакцыі. Нягледзячы на тое, што я пабывала ў турме, я лічу, што мне пашанцавала, паглядзець працэс знутры – гэта вялікая ўдача для журналіста.

Халіп расказвае, што яна трапіла на плошчу каля 20 гадзін 19 сьнежня разам з мужам. Узьнялася на прыступкі Палаца культуры прафсаюзаў разам з мужам, там, дзе стаялі ўсе кандыдаты. "На гэтым сходзе я не выступала і асабліва не слухала выступоўцаў, бо не было гукаўзмацняльнай апаратуры".

14.20
Дае паказаньні Ірына Халіп. Халіп кажа, што была даверанай асобай А.Санінікава: "Перада мной не было выбару, я была гатовая ва ўсім дапамагаць майму мужу. Спачатку я зьбірала подпісы за ягонае вылучэньне, а потым стала адной з давераных асоб." "Аб тым, што 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы зьбяруцца выбаршчыкі і кандыдаты, я даведалася 1 сьнежня з прамых эфіраў кандыдатаў, якія запрашалі на Плошчу. Я асабіста выступала два разы на перадвыбарчых мітынгах у рамках Выбарчага кодэксу. 6 сьнежня я выступала на Прывакзальнай плошчы. Я наўпрост не заклікала, я казала, што мы прыйдзем на Плошчу 19 сьнежня, я казала за сябе і за свайго мужа. Аналягічна я выказвалася 16 сьнежня, казала, што гэты дзень стане для нас днём вялікіх выпрабаваньняў, што нам давядзецца стаяць і чакаць".

"Я казала, што выбары могуць быць сфальшаванымі. Я гэта не прыдумала, Лукашэнка сам прызнаў, што выбары сфальшаваныя, што ён аддаваў каманду памяняць вынік выбараў. Ня я першая пра гэта сказала, я толькі паўтарыла", – кажа Халіп.

14.05
Пасьля перапынку працягваецца допыт сьведкаў. Севярынец адмаўляецца даваць паказаньні. "Тое, што я скажу, можа быць выкарыстана ня толькі супраць мяне, але і супраць іншых. Гэта не крымінальная справа, а замаскаваная палітычная. Нават наш Госпад Ісус Хрыстос паказаньняў кесараваму суду не даваў, бо ведаў, што суд няправедны. Суд і сьледзтва трымалі мяне пад вартай, не давалі магчымасьці сустрэцца з роднымі, нават паспавядацца і прычасьціцца, таму я ня буду адказваць на пытаньні. Ёсьць відэа, там відаць, што я рабіў", – заявіў Севярынец.

12.50
Ірыну Халіп і Паўла Севярынца на Плошчы Марцалеў ня бачыў. Выказваньняў аб тым, куды павінна рухацца калёна, ён ня чуў. Марцалеў заявіў, што ён не пераконваў людзей прымаць удзел у непадпарадкаваньні міліцыі і непарадках. Ён прызнаў, што праз смс атрымаў зьвесткі пра вынікі экзыт-полу на выбарах ад кампаніі Белсат, але ніяк іх ня выкарыстаў, нікому іх не паведаміў. "Я сьвядома прыняў удзел у гэтым мітынгу, таму што лічу, што людзі маюць права выказваць свае перакананьні, я разумеў, што акцыя несанкцыянаваная", – кажа Марцалеў.

У паседжаньні аб'яўлены перапынак да 14 гадзінаў

12.30 Марцалеў:
апошні раз са Статкевічам размаўляў па тэлефоне ў 23 гадзіны, калі той пацьвердзіў факт свайго затрыманьня. Марцалеў у канцы сваіх паказаньнях прызнаў: 5 сьнежня 2010 году я сапраўды заклікаў грамадзян на Кастрычніцкую плошчу. Заходзячыся там, я сапраўды выйшаў на праезную частку і дайшоў да плошчу Незалежнасьці.

Маці Саньнікава хоча выйсьці з суду, але міліцыянт яе не пускае.

12.20
Марцалеў кажа, што не выключаў непрадбачанага разьвіцьця падзей. "На плошчы можа быць горача. Ты ж яго ведаеш", – напісаў тады Марцалеў сваёй сяброўцы ў скайпе. Марцалеў кажа, што паведаміў Статкевічу аб тым, што ён, магчыма, атрымае вынікі незалежнага апытаньня грамадзкай думкі ад Белсату – вынікі экзыт-полу.

Аб падзеях 19 сьнежня падсудны паведаміў, што сустрэўся са Статкевічам каля 12 гадзін, з 13 да 18 ён знаходзіўся ў яго дома, а потым пайшоў на сустрэчу зь Някляевым. У 19.30 Марцалеў быў у часе інцыдэнту зь Някляевым каля ягонага штабу.

"Пачулася каманда "работаем" і выбухі шумавых гранат, і на групу актывістаў напалі невядомыя ў чорным. Я апынуўся на зямлі, пацярпеў ад людзей у чорным, узьняўся і ўбачыў залітага крывёю Някляева, які быў без прытомнасьці". Пасьля шумавой гранаты цяжка арыентаваўся ў прасторы, але прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, там сустрэў Статкевіча, які кульгаў пасьля інцыдэнту.

"Правядзеньне мірных акцый пратэсту стала традыцыяй у Беларусі, улады ставіліся да іх ляяльна і ніякіх гвалтоўных дзеяньняў не ўжывалі. Я думаў, што так будзе і гэтым разам. Мой удзел у акцыі адпавядаў маім поглядам, майму удзелу ў выбарчай кампаніі, і я адчуваў адказнасьць перад людзьмі, якіх я заклікаў па радыё прыйсьці на Плошчу".

12.10
Марцалеў паведаміў, што выступаў у якасьці даверанай асобы кандыдата на паседжаньні ЦВК, прымаў удзел у лёсаваньні дэбатаў на прэзыдэнта на tut.by, адказваў за падрыхтоўку і разьмяшчэньне ягонай выбарчай праграмы ў СМІ і выступаў у радыёдэбатах у сьнежні. "Я як давераная асоба кандыдата у канцы перадачы запрасіў суграмадзянаў на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў мітынгу з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў". Пракурор: "Вы разумелі, што можа адбыцца ў выніку такога сходу?" Марцалеў: "Іншых сцэнароў, апрача мірнага сцэнару разьвіцьця падзей, я не прадбачыў".

Марцалеў: "Мне не было вядома, ці падаваў хто заяўку на мітынг. Думаў, што хтосьці гэта зробіць, каб акцыя была бясьпечнай. Сам я такой заяўкі не падаваў". Марцалеў распавёў, што сустракаўся з кандыдатамі і абмяркоўвалі варыянты разьвіцьця сытуацыі. Статкевіч казаў, што нешта плянаваць ня мае сэнсу, бо мы ня ведаем, што прадпрымуць улады, магчыма, акцыя будзе сарваная МУС і ўнутранымі войскамі. Ініцыятарам нейкіх іншых сцэнароў разьвіцьця падзей магла быць толькі ўлада, – кажа Марцалеў.

12.00
Адказваючы на пытаньні пракурора, Марцалеў распавядае, як пазнаёміўся са Статкевічам і як дамовіліся супрацоўнічаць, як сустрэўся зь ім у лістападзе ў кавярні і дамовіліся пра сумесны ўдзел у выбарчай кампаніі. Мова ішла, што Статкевіч будзе зарэгістраваны кандыдатам, і абмяркоўвалася, які павінен быць агітацыйны буклет кандыдата. Пракурор: Што мела на ўвазе кіраўніцтва перадвыбарчым штабам? Марцалеў: Я дапамагаў стварэньнем вобразу кандыдата ў СМІ. Я удзельнічаў у тэкставым напаўненьні паліграфічнай прадукцыі кандыдата, якая друкавалася за кошт ЦВК. Пазьней дапамагаў Статкевічу напісаць кандыдацкую праграму. Браў удзел у падрыхтоўцы тэлевыступаў Статкевіча, кажа – "мае парады насілі рэкамэндацыйны характар".

11.50
Суд пачынае допыт падсудных. Першым дапытваюць Марцалева. Севярынец стаіць у часе ўсяго працэсу. Марцалеў паведаміў, што ў часе выбараў быў кіраўніком выбарчага штабу і даверанай асобай кандыдата Статкевіча. Да сакавіка 2010 года ён вучыўся ў Познанскім унівэрсытэце на палітоляга.

Пракурор пытаецца: Чым вы займаліся з сакавіка 2010 года? Марцалеў: На тэрыторыі Беларусі я афіцыйна не працаваў. Пракурор: За кошт чаго вы жылі? Марцалеў: Жыў за кошт ганарараў у СМІ, супрацоўніцтва з грамадзкімі арганізацыямі і за кошт дапамогі сваякоў.

10.43
Марцалеў сваю віну прызнаў цалкам. Севярынец віны не прызнаў. Халіп таксама віны не прызнала.

11.40
Халіп зачытваюць такія ж стандартныя абвінавачаньні. Згадалі яе выступы на перадвыбарчым мітынгу на Прывакзальнай плошчы, тое, што яна неаднаразова заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 19 сьнежня. Знаходзячыся на Кастрычніцкай плошчы, Халіп, не дачакаўшыся абвяшчэньня вынікаў выбараў, падтрымала заявы аб недэмакратычнасьці выбараў, "ішла у галаве калёны і асабістым прыкладам вяла іншых за сабою".

11.35
Павел Севярынец, на думку пракурора, учыніў такое ж злачынства: у лістападзе-сьнежні ён перад выбарцамі выказваўся пра недэмакратычнасьць выбараў і фальсыфікацыю іх вынікаў і неаднаразова заклікаў выбарцаў на Плошчу. "Працягваючы свае злачынныя дзеяньні", 19 сьнежня сустрэўся на вуліцы Ульянаўскай зь іншымі асобамі і накіраваўся на Прывакзальную плошчу, адкуль пайшоў на Кастрычнай плошчу, учыніў актыўныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, зьвязаныя зь непадпарадкаваньнем уладам. Карыстаючыся значнай колькаснай перавагай, адцясьнілі супрацоўнікаў міліцыі і выйшлі на праспэкт... Севярынец і іншыя гучна крычалі, свісталі, скандавалі розныя лёзунгі.

11.25
Пачалося судовае разьбіраньне. Пракурор чытае абвінавачаньне. Сяргею Марцалеву ставіцца ў віну тое, што ў часе выступу па радыё казаў пра недэмакратычнасьць выбараў і заклікаў выбарцаў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і з мэтай залучэньня грамадзянаў рыхтаваў выступы Саньнікава перад выбарнікамі. "Працягваючы свае злачынныя дзеяньні, Марцалеў сустрэўся з Паўлам Севярынцам і накіраваўся на Кастрычніцкую плошчу Менску", – чытае пракурор. У выніку злачынных дзеяньняў Марцалева парушана праца транспарту, устаноў і арганізацыяў – пракурор называе тыя самыя арганізацыі, якія ўжо называліся ў іншых судах і большасьць прадстаўнікоў якіх ужо заявілі, што ня маюць прэтэнзіяў да дэманстрантаў. У тым ліку кажа пра ўпушчаную выгаду "Макдоналдзу" – больш за 8 мільёнаў рублёў.

11.15
Судзьдзя адхіліла хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня Халіп. Судзьдзя пры гэтым спаслалася на Крымінальна-працэсуальны кодэкс і на тое, што ёй ставіцца ў віну злачынства сярэдняй цяжкасьці.

Суд над Севярынцам, Марцэлевым і Халіп
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00
Наўпроставы лінк


10.45
Пракурор выступіў супраць выкліку новых сьведкаў і супраць зьмены меры стрыманьня Халіп. Ён таксама супраць таго, каб агледзець дыплёмы Халіп да пачатку судовага разьбіраньня. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва Севярынца аб выкліку новых сьведкаў, далучыла да справы характарыстыку на Халіп і пагадзілася агледзець дыплёмы Ірыны. Для вырашэньня пытаньня аб зьмене меры стрыманьня Халіп судзьдзя сышла ў дарадчы пакой. Перапынак.

10.35
Адвакат Халіп хадайнічае перад судом – просіць разгледзець журналісцкія узнагароды Ірыны, у тым ліку прэмію імя Завадзкага, а таксама прэміі з ФРГ, Беларусі, Расеі, сярод іншага прэмію БАЖ за тэкст "Эвангельле ад лукавага", а таксама расейскую прэмію за цыкль публікацый аб несудовых расправах у Беларусі. А яшчэ далучыць характарыстыку Халіп зь месца працы – расейскай "Новай газеты".

Адвакат Халіп таксама выступіла з хадайніцтвам аб зьмяненьні Халіп меры стрыманьня з хатняга арышту на падпіску пра нявыезд. Забарона на карэспандэнцыю і сувязь пазбаўляе яе права на выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў, яна пазбаўленая магчымасьці заробку з-за забароны на выхад на вуліцу. Яна пазбаўленая права на перапіску з мужам, якія сядзіць у турме КДБ, – гаворыць адвакатка Халіп. З-за гэтага парушаюцца правы яе трохгадовага сына, які разам з маці адбывае хатні арышт. Прымяненьне хатняга арышту да Халіп зьяўляецца незаконным – заявіла адвакатка.

10.25
Судзьдзя адхіліла адвод Севярынца, бо заяўленыя Севярынцам абставіны не ўваходзяць у пералік абставінаў для адводу суду. Адвакат Севярынца хадайнічае перад судом дапытаць наступных сьведкаў: Шурхай, Садоўскі, Севярынец Тацяна, Каменева, Кабанчук, Чарморцава, Георгі Дзмітрук, Клімовіч, Анішчанка, Мелінец.

10.10
Падсудным патлумачылі іх правы. Севярынец кажа што ня верыць, што суд будзе справядлівы. Не давяраю судовай сыстэме ў цэлым, зыходзячы са свайго жыцьцёвага досьведу, кажа ён. Севярынец заявіў адвод суду: "Я маю права заявіць, што не давяраю сыстэме правасудзьдзя Беларусі ў цэлым". Пракурор ня бачыць падставаў для адводу суду. Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой для вырашэньня пытаньня аб адводзе.

10.05
Суд устанаўляе асобы падсудных. Севярынец адказвае на пытаньні судзьдзі па-беларуску. Севярынец кажа пра месца працы – пісьменьнік. Кажа, што быў адзін раз незаконна асуджаны і вызвалены датэрмінова. Голас у Паўла вельмі спакойны.

Ірына Халіп, уласны карэспандэнт "Новай газеты", раней не судзімая, пад хатнім арыштам з 29 студзеня. Ірына ня ў клетцы, але побач зь ёю ахоўнікі.

10.00
У залю прайшлі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Польшчы, ФРГ, Літвы, сваякі і прэса. Прадстаўнік абвінавачаньня Жукоўскі, адвакаты: Марцалева – Чычкова, Севярынца – Мушынскі, Халіп – Бахціна.

9.56 Пасьля фатаздымкаў усю прэсу выгналі з залі. Сказалі, што спачатку запусьцяць сваякоў і сьведкаў, журналістаў пасадзяць, калі будзе месца.

9.52 У залі суду зьявілася Ірына Халіп у атачэньні двух ахоўнікаў

9.45 Заля суду зьмяшчае 45 месцаў. Тут ужо знаходзяцца бацькі і сваякі Паўла Севярынца, Ірыны Халіп, Сяргея Марцалева. Паступова прапускаюць астатніх. Але прысутных нашмат болей, чым можа зьмясьціць заля.

Судзьдзя Жана Брысіна.
Суды за Плошчу

Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG