Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будзе жыць Беларусь пасьля судоў за Плошчу?


Юрыдычны каток працягвае свой няўмольны рух, спараджаючы новых і новых палітвязьняў, асуджаных на вельмі салідныя тэрміны. Да закону гэта мае, скажам так, апасродкаванае дачыненьне: 19 сьнежня было ня першым выпадкам недазволеных масавых акцый, ня першым выпадкам сутычак дэманстрантаў зь сіламі правапарадку. Але раней пакараньне абмяжоўвалася артыкуламі адміністрацыйнага кодэксу, хіба ня першым званочкам узмацненьня пакараньняў стаў прысуд Аляксандру Казуліну ў 2006 годзе.

А цяперашняе абвінавачаньне ў масавых беспарадках, як кажуць адмыслоўцы, наагул ніколі не ўжывалася ў найноўшай гісторыі Беларусі нават у савецкія часы.

У выніку – беспрэцэдэнтна цяжкія прысуды мноству людзей: ад палітычных генэралаў да ледзь не выпадковых удзельнікаў Плошчы.

І гэтая новая рэчаіснасьць распаўсюджваецца, ахопліваючы новыя сфэры грамадзкага жыцьця, пагроза закрыцьця «Народнай волі» і «Нашай нівы» - яскравая праява гэтага.

Што можа спыніць гэты каток? Валютны крызіс спараджае незадавальненьне народу, якое аднак пакуль не выліваецца ні ў які публічны пратэст і тым больш у акцыі падтрымкі людзей, якія за народ перад судом і паўсталі.

Складана сказаць, калі зьменіцца гэтая сытуацыя. А тады застаецца адзіны фактар, які ў каротка- ці сярэднетэрміновым пэрыядзе можа зьмяніць сытуацыю – гэта Эўропа, Захад.

Але тут усё складана. Пасьля «казлоў», адрасаваных кіраўнікам ЭЗ, у бліжэйшы час крокі насустрач уяўляюцца малаімавернымі, хіба толькі Лукашэнка шырокім жэстам памілуе ўсіх асуджаных па працэсах 19 сьнежня. Тут шмат што залежыць ад пазыцыі Расеі, ад гатоўнасьці Захаду да тых ці іншых формаў ціску, нарэшце ад дынамікі эканамічнага крызісу.

Так што па шчырасьці спадзяваньняў няшмат.

І гэта робіць пэрспэктыву надзвычай сумнай. Грамадзкая актыўнасьць сапраўды ператвараецца ў дысыдэнцтва савецкага ўзору. Жахлівая гісторыя з Вольгай Класкоўскай сьведчыць пра тое, што іншадумцам пагражае просты, ужо ніякімі законамі не абмежаваны фізычны гвалт.

Але тым самым улада сама зачыняе сабе шлях у будучыню. Абвяшчаючы грамадзтву вайну на зьнішчэньне, яна рыхтуе сабе ў будучыні такі ж адказ.

Пара з запаянага з усіх бакоў катла ня можа выйсьці паволі, яна ў рэшце рэшт узрывае кацёл.

Як будзе жыць Беларусь пасьля судоў за Плошчу?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:40 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG