Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў адвярнуўся ад Раманчука


перапынку працэсу да Раманчука падышла маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая.
перапынку працэсу да Раманчука падышла маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая.
4 траўня ў Менску ў судзе Партызанскага раёну на працэсе супраць экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзімера Яроменка сьведкамі выступілі два іншыя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты: Віталь Рымашэўскі і Яраслаў Раманчук.

Першага сьведку на працэс прывялі ў кайданках і турэмнай робе. Новы палітвязень Зьміцер Новік, асуджаны за Плошчу на 3,5 году турмы ўзмоцненага рэжыму, сьведчыў у абарону іншых удзельнікаў падзей 19 сьнежня.

Жорсткі прысуд не зьмяніў погляды Зьмітра Новіка на тыя падзеі. Ён па-ранейшаму лічыць мінулыя выбары прэзыдэнта фальшывымі, а акцыю пратэсту мірнай. Разьбітыя шыбы Дома ўраду называе правакацыяй:

«Мне сумленьне не дазволіла 19 сьнежня адседзецца на печцы».
Мне сумленьне не дазволіла 19 сьнежня адседзецца на печцы.


Апрача яго ў судзе выступілі яшчэ два ўдзельнікі Плошчы, якія знаходзяцца пад падпіскай пра нявыезд і якіх пачнуць судзіць 5 траўня: актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка і экс-кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі. Яны таксама ў адзін голас казалі пра несумленныя выбары, пра мірны характар пратэсту людзей, пра тое, што ніякіх масавых беспарадкаў 19 сьнежня не было, заклікалі да сумленьня судзьдзяў ды пракурораў.

Віталь Рымашэўскі пры гэтым прызнаў, што каардынацыі штабоў апазыцыйных кандыдатаў наконт Плошчы не было, як не было і адзінага сцэнару, што ўвечары 19-га на Кастрычніцкай плошчы вырашылі атачыць жывым ланцугом будынак адміністрацыі прэзыдэнта, з тым каб не дапусьціць правакацый у гэтым месцы. Але правакацыі адбыліся ў іншым.

Рымашэўскі актыўна бараніў Саньнікава і яшчэ чатырох падсудных у Партызанскім райсудзе. 5 траўня ў Фрунзэнскім судзе Менску ён будзе вымушаны бараніць сябе:

«Я лічу, што якія б там палітычныя разыходжаньні ні былі, зараз усе знаходзяцца ў аднолькавым стане і павінны кожны адзін аднаго бараніць. Гэта адзіная правільная і маральная пазыцыя на сёньня».

А вось разыходжаньні іншых экс-кандыдатаў на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і Яраслава Раманчука сёньня пераадоленыя не былі, хутчэй наадварот. Увесь час допыту Раманчука Саньнікаў дэманстратыўна сядзеў за кратамі, павярнуўшыся да яго сьпіною. А калі ў яго зьявілася магчымасьць задаць пытаньне Раманчуку, Саньнікаў толькі сказаў, што ў яго няма пытаньняў да чалавека, які шмат зрабіў, каб ягоная жонка Ірына Халіп села ў турму.

Сёньня ў адрозьненьне ад свайго выступу па БТ 20 сьнежня, Раманчук не абвінавачваў Саньнікава і іншых апазыцыйных кандыдатаў у «правакаваньні беспарадкаў», а заявіў, што яму нічога невядома наконт таго, што Саньнікаў мог рыхтаваць нейкія беспарадкі, таксама як і іншыя кандыдаты.

У перапынку працэсу да Раманчука падышла маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая:

«Я яму сказала: „Вам ня сорамна?“. А ён мне кажа, што ратаваў людзей. Ад чаго ён іх ратаваў? Я яму кажу: „Вы ратавалі сябе“».

Тым ня меней Яраслаў Раманчук упершыню пасьля таго, як ён нэгатыўна выказаўся пра ролю Ірыны Халіп у падзеях 19 сьнежня, папрасіў прабачэньня ў яе маці. Хоць думку пра свой учынак, у выніку якога застаўся на волі, не зьмяніў:

«Гэта проста розныя погляды на тое, што гэта было. Самае галоўнае, што гэта была спроба ўратаваць жыцьцё людзей, у тым ліку тых, якіх сёньня судзяць. У мяне не было думак, каб прыкрыць сябе. І я не хачу, каб гэтую думку яны зразумелі і прынялі, а проста каб ведалі, што ні адно дзеяньне, якое я зрабіў ні пасьля 20 сьнежня, ні вось сёньня, ня можа быць інтэрпрэтаванае як здрада, як тая сытуацыя, якая пагоршыць стан і Андрэя, і Ірыны, і ўсіх людзей, якія праходзяць па крымінальных справах».

Яраслаў Раманчук сёньня пазнаёміўся і з маці аднаго з маладых выбаршчыкаў, які галасаваў 19 сьнежня за яго, а зараз сядзіць у судзе за кратамі разам з Саньнікавым — Фёдара Мірзаянава. Фёдар, студэнт-эканаміст БДЭУ, як і Яраслаў, падтрымлівае лібэральную мадэль разьвіцьця эканомікі, кажа ягоная маці Людміла Мірзаянава:

«Ён чытаў кнігі Яраслава Раманчука, ягоныя кнігі ляжаць у нас на палічцы дома. Таму ён аддаў свой голас за Яраслава Раманчука. І калі Фёдар быў арыштаваны, мой старэйшы сын прыехаў да яго дадому. Партрэтамі гэтага палітыка быў заклеены ўвесь балькон. І ўсе партрэты глядзелі на вуліцу».

У судовай залі падсудны студэнт-эканаміст Фёдар Мірзаянаў не задаў ніякага пытаньня свайму навуковаму куміру Яраславу Раманчуку, які быў на ягоным працэсе сьведкам.

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень першы
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень другі
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Трэці дзень
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень чацьвёрты
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG