Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя Ўладзімера Някляева палепшаў


Экс-кандадыт на прэзыдэнта Уладзімер Някляеў прайшоў курс лячэньня. Ала Саньнікава: «Закон мусіць дзейнічаць, а ў нас яго ўжываюць».. Актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава будзе абараняць іншы адвакат. Эдуард Лобаў напісаў пра Івацэвіцкую калёнію. Алесь Атрошчанкаў у турме пашыў першыя рукавіцы.


Уладзімер Някляеў
Трэцяга траўня Вольга Някляева паведаміла «Свабодзе» пра паляпшэньне стану здароўя мужа:

«Здароўе лепей. Мужу паставілі 10 уколаў, сьпіна зараз лепей. Прывезьлі яму адмысловую дошку, на якой ён сьпіць. А так справы як звычайна — рыхтуемся да суду».

Працэс над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым пачнецца 5 траўня ў Фрунзенскім судзе Менску. Уладзімеру Някляеву пагражае да трох гадоў зьняволеньня за арганізацыю групавых дзеяньняў, які груба парушылі грамадзкі парадак. Разам зь Някляевым будуць судзіць таксама экс-кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага і яшчэ 4 актывістаў перадвыбарчых штабоў.

Андрэй Саньнікаў
Суд над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым пачаўся на мінулым тыдні і яшчэ не закончыўся — ідзе апытаньне сьведак з боку абвінавачаных. На кожным судовым паседжаньні прысутнічае маці палітыка, Ала Саньнікава. 3 траўня Ала Ўладзіміраўна расказала «Свабодзе» пра свае ўражаньні ад працэсу:

«Усё зразумела, што адбываецца. Як пра гэта нехта сказаў вельмі ўдала: закон мусіць дзейнічаць, а ў нас яго ужываюць».

Карэспандэнт: «У вашага сына новыя адвакаты. Вы задаволеныя тым, як яны працуюць на працэсе?»

«Так, задаволена. Яны робяць усё, што могуць. Але…Але…»

За час працэсу маці не атрымала ніводнага ліста ад сына. Ала Саньнікава не выключае, што лісты ад сына не прапускаюць з пэўных прычын. «Я кожны дзень бачу ягоныя вочы і ўсё зь іх разумею», — кажа яна.

Павал Вінаградаў
Падчас суду давялося мяняць адваката актывісту «Гавары праўду» Паўлу Вінаградаву, якога з 27 красавіка судзяць у Кастрычніцкім судзе Менску разам зь яшчэ з 4 удзельнікамі падзей 19 сьнежня. Павал Вінаградаў сваю віну не прызнае і адмаўляецца ўдзельнічаць ў працэсе. Юры Вінаградаў мяркуе, што ў апошнім слове ягоны сын усё ж выкажацца:

«Ягоная пазыцыя такая, што калі будуць выпускаць, то выпусьцяць усіх адразу. Незалежна ад таго, хто прызнаў сябе вінаватым, хто не і колькі атрымалі. Таму, кажа, не зьбіраецца гуляць з нашым правасудзьдзем ў паддаўкі, бо ад гэтага нічога не залежыць. Кажа, што яму даражэй ягоная рэпутацыя».

За час судовага працэсу Юры Вінаградаў лістоў ад сына не атрымліваў.

Эдуард Лобаў
10 чалавек ужо асуджаныя паводле непасрэдных падзей на плошчы і таго, што адбывалася напярэдадні. Сярод іх актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, якога асудзілі на 4 гады ўзмоцненага рэжыму нібыта за злоснае хуліганства за дзень да выбараў. Маці вязьня Марына Лобава кажа, што сын напярэдадні Плошчы ужо не выключаў, што апынецца ў турме:

«За некалькі дзён да выбараў сын казаў, што, магчыма, яго арыштуюць. Ня думаў, што гэта адбудзецца напярэдадні выбараў, што на Плошчу ён ня трапіць, але маральна быў падрыхтаваны».

З Івацэвіцкай калёніі, дзе Эдуард Лобаў адбывае пакараньне, ён даслаў ліст. «Піша, што тут добрае паветра. У параўнаньні з „Валадаркай“, дзе ў камэрах напалена, тут хоць дыхаецца лепш. А пра астатняе ня піша: яшчэ быў у карантыне», — паведаміла маці вязьня. Паводле Марыны Лобавай, днямі мусяць прызначыць дзень разгляду касацыйнай скаргі Эдуарда Лобава на прысуд.

Алесь Атрошчанкаў
У калёніі «Віцьба-3» адбывае свой тэрмін — таксама 4 гады ўзмоцненага рэжыму — прэсавы сакратар штабу Саньнікава Алесь Атрошчанкаў. «Алеся разьмеркавалі на ўчастак, дзе шыюць рукавіцы і пальчаткі. Пакуль ён ня вельмі задаволены сваімі працоўнымі дасягненьнямі,» — жартуе жонка вязьня Дар’я Корсак.

«Піша, што ня вельмі ў яго гэта атрымоўваецца, што наўрад ці ён будзе карысным працаўніком на гэтым участку. Нават пасьля таго, як ён пашыў гэтыя пальчаткі, яму захацелася схадзіць у царкву і папрасіць прабачэньня ў тых, хто іх будзе апранаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG