Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Някляева: Уладзімер хварэе, але адкладаць працэс ня хоча


Вольга Някляева
Вольга Някляева
Пагоршыўся стан здароўя экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Актывіст Сяргей Марцалеў сустрэне дзень народзінаў у СІЗА КДБ. Ліст ад Аляксандра Класкоўскага сьведчыць, што ў вязьня сумны настрой. Жонка Міколы Статкевіча мяркуе, што над ім рыхтуюць «паказальную расправу».

28 красавіка стала вядома пра прызначэньне даты апошніх судовых працэсаў над удзельнікамі падзей 19 сьнежня. Экс-кандыдатаў на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса яшчэ зь пяцьцю абвінавачанымі пачнуць судзіць 11 траўня ў Ленінскім судзе Менску. Іх абвінавачваюць у арганізацыі ды ўдзеле ў масавых беспарадках. У той жа дзень, 11 траўня, у Заводзкім судзе пачнуць судзіць журналістку Ірыну Халіп, Паўла Севярынца і Сяргея Марцалева паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак. Дарэчы, ў Сяргея Марцалева заўтра, 29 красавіка, дзень народзінаў. Былому кіраўніку перадвыбарчага штабу Статкевіча спадару Марцалеву спаўняецца 34 гады. Зоя Яўменава, бабуля вязьня, якая ім апякуецца, кажа, што ад яго апошнім часам няма лістоў:

«Заўтра буду яму пасылаць віншавальную тэлеграму. Зьбіраюся паслаць каляровую, але ня ведаю, ці прымуць. Што на 11-га суд прызначаны, вы, пэўна, ведаеце. А так больш нічога не вядома».

Марына Адамовіч, камэнтуючы прызначэньне дня суду над яе грамадзянскім мужам Мікалаем Статкевічам, адзначыла, што працэс будзе апошнім, і гэта, на яе думку, невыпадкова:

«Рыхтуецца расправа, як я разумею. Прычым, не чарговая расправа, а адна з самых паказальных».

Разам зь Мікалаем Статкевічам будуць судзіць былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага. За тое, што 19 сьнежня апрануў пад зімовую куртку міліцэйскі кіцель, яго абвінавачваюць яшчэ і ў прысваеньні ўлады. Паводле сястры вязьня Вольгі, апошні ліст ад Аляксандра быў «даволі сумным». Вольга Класкоўская разам з маці Людмілай Класкоўскай учора былі на працэсе над Андрэем Саньнікавым:

«Але мусілі сысьці раней, бо маці дрэнна пачувалася. Расхвалявалася, лекі прымала. Сустрэліся са сваякамі палітвязьняў, падтрымалі адзін аднаго. Гэта вельмі важна».

Я паднялася і сустрэлася з пракурорам позіркам. Здаецца, ён мяне пазнаў. Бо апусьціў галаву і адвёў вочы.
У судзе над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым ды яшчэ чатырма абвінавачанымі была і маці актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда Алена. Месяц таму Мікіту судзілі ў той жа судовай залі, — згадала Алена.

«У мяне аж сэрца перахапіла: тая ж заля, той жа пракурор. Я паднялася і сустрэлася з пракурорам позіркам. Здаецца, ён мяне пазнаў. Бо апусьціў галаву і адвёў вочы».

29 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе будзе разгледжаная касацыйная скарга Мікіты Ліхавіда.

Ці пачнецца суд над экс-кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым 5 траўня, як было прызначана? Сумненьні ў гэтым узьніклі сёньня, пасьля зьяўленьня зьвестак пра дрэнны стан здароў палітыка і паэта Някляева. Аднак жонка экс-кандыдата Вольга абвяргае інфармацыю, што абаронцы ўжо нібыта зьбіраюцца прасіць адкласьці працэс: «Што да здароўя — ўсё так. У яго абвастрыўся радыкуліт, і я непакоюся, як ён вытрымае працэс, бо пакуль у асноўным ляжыць. Кожную раніцу прыяжджае лекар з мэдсястрой з КДБ, ставяць яму два ўколы. Гэтак ужо 4 дні. Але да 5 траўня ў нас яшчэ ёсьць час. Сёньня ж толькі 28-га».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG