Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто галасоў у абарону управы БНФ


Сядзіба БНФ у Менску
Сядзіба БНФ у Менску
Сотня грамадзкіх лідэраў заклікаюць абараніць управу Партыі БНФ.

«Сядзіба на Машэрава, 8 — асаблівае месца ў найноўшай гісторыі Беларусі. Ад 1992 году яго арандуе Беларускі народны фронт, але так сталася, што цяпер гэты офіс мае значэньне не для асобнай партыі, а для цэлага грамадзтва. Пытаньне з офісам на Машэрава, 8 выходзіць за межы спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў. З высяленьнем офісу ЖРЭА ліквідуе своеасаблівы востраў беларускасьці, на якім ішла актыўная грамадзкая і культурная дзейнасьць… Гэта публічная прастора, дзе бытуе жывая беларуская мова. Гэта месца, дзе людзі натуральна набываюць вопыт гаварэньня па-беларуску — крытычна важны для захаваньня мовы. Адначасова, гэта месца, дзе фармуецца грамадзянская супольнасьць Беларусі… Без такога месца наша свабода і наша культура пацерпяць» — напісана ў звароце, копія якога накіраваная кіраўніку Менгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку і выканальніку абавязкаў начальніка ЖРЭА Савецкага раёну Менску Алегу Самуйліку.

«У свой час моладзь абараніла народны мэмарыял Курапаты ад апаганьваньня. Хто мае гонар грамадзяніна — далучайцеся гэтаксама да абароны ўправы», — заклікаюць падпісанты.

Яны таксама адзначаюць: «Офісных плошчаў хапае. Арандатар спраўна плаціў у бюджэт гораду. Просім пакінуць управу па ранейшым адрасе. Беспадстаўна скасаваць арэнду — гэта значыць нанесьці крыўду многім людзям, стварыць нагоду для грамадзкага пратэсту… Існаваньне беларусаў у сёньняшняй Беларусі — гэта няспынная здача пазіцый. Беларуская нацыя падышла да крытычных рубяжоў — як у дэмаграфіі, так і ў сытуацыі з мовай, культурай. І адзін з гэтых рубяжоў — управа».

Сярод падпісантаў:

Радзім Гарэцкі, геоляг, акадэмік Акадэміі навук Беларусі
Ніл Гілевіч, Народны паэт Беларусі
Лявон Вольскі, сьпявак
Уладзімер Арлоў, пісьменьнік
Зінаіда Бандарэнка, Народная артыстка Беларусі
Андрэй Хадановіч, паэт, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы
Алена Макоўская, кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
Арлен Кашкурэвіч, Народны мастак Беларусі

Поўны сьпіс падпісантаў — на сайце «Нашай нівы».

Раней Кіраўніцтва партыі БНФ абвясьціла бестэрміновую акцыю абароны сядзібы партыі на праспэкце Машэрава, 8. Ад 31 сакавіка чальцы партыі лядзяць у офісе кругласутачнае дзяжурства.

ПБНФ падала позву супраць дзеяньняў ЖРЭА Савецкага раёну. На меркаваньне кіраўніцтва партыі, камунальнікі незаконна адмаўляюць працягваць арэнду.

Наступнае паседжаньне па гэтай справе ў гаспадарчым судзе Менску заплянаванае на 4 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG