Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніцтва са спэцслужбамі ўзамен на рэгістрацыю ў Мін’юсьце


Кіраўнік Міжнароднага культурна-асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня "Цэнтр разьвіцьця валанцёрства" Мікалай Кванталіані заявіў, што КДБ схіляе яго да супрацоўніцтва.

У распаўсюджным лісьце "Гісторыя стварэньня падкантрольнага трэцяга сэктару ў Беларусі" Кванталіані паведамляе, што дакумэнты на рэгістрацыю Цэнтру былі пададзеныя 22 лютага.

5 сакавіка яму дадому патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся Віталём Мікалаевічам, і пакінуў нумар свайго мабільнага тэлефона. Ён заявіў, што тэлефануе з нагоды рэгістрацыі арганізацыі зь Міністэрства юстыцыі і ў інтарэсах заснавальнікаў зь ім зьвязацца. Сустрэча была прызначаная на 16 сакавіка ў холе Мін’юста.

На сустрэчы Віталь Мікалаевіч заявіў, што ён супрацоўнік спэцслужбаў, пры гэтым ніякіх дакумэнтаў не паказаў. Паводле яго слоў, заснавальнікі арганізацыі правераныя, прэтэнзій да іх няма, і пытаньне пра рэгістрацыю арганізацыі залежыць выключна ад згоды пра супрацоўніцтва.

"На маё пытаньне: "А што гэта азначае?" - Віталь Мікалаевіч растлумачыў, што яны гатовыя аказваць усялякае садзейнічаньне, у тым ліку і па рэгістрацыі замежных праектаў і грантаў, а таксама гатовыя пераключыць на нашу арганізацыю эўрапейскія праекты, якія знаходзяцца ўжо пад іх кантролем. Ён нават абмовіўся, што ня трэба будзе ажыцьцяўляць працу, а толькі атрымліваць грошы і даваць справаздачы. І людзі, якія зь імі ўжо працуюць, атрымліваюць 50.000-60.000 эўра ў год. Таксама ён гарантаваў поўную падтрымку і забесьпячэньне бясьпекі ў рабоце арганізацыі ", - піша Кванталіані.

Супрацоўнік спэслужбаў заявіў, што ў выпадку адмовы арганізацыя ня будзе зарэгістраваная, заснавальнікі трапяць у “чорны сьпіс” і ніколі ня змогуць зарэгістраваць іншую арганізацыю, а ў самога Кванталіані пачнуцца праблемы з выездам за мяжу.

"Віталь Мікалаевіч падсунуў мне паперу, у якой папрасіў падпісаць, што паміж намі зь ім адбылася гэтая сустрэча. Ад разгубленасьці я напісаў яму гэтую паперу. Віталь Мікалаевіч сказаў, будзе чакаць майго званка з пацьвярджэньнем на працягу 40 хвілінаў", - піша кіраўнік цэнтру.

Пасьля абмеркаваньня сытуацыі з калегамі было прынята рашэньне "не кантактаваць з гэтым чалавекам і чакаць вынікаў рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі". Тэрмін разгляду дакумэнтаў заканчваецца 22 сакавіка.

"Мы зьвязаліся з заснавальнікамі швайцарскага аддзяленьня і растлумачылі ім сытуацыю. Зь іх боку была атрымана адназначная рэакцыя, што для іх лепш нерэгістрацыя арганізацыі, чым праца са спэцслужбамі", - паведамляе Кванталіані.

На працягу "ўсіх наступных дзён" з нумара "Віталя Мікалаевіча" пастаянна паступалі тэлефанаваньні, але заснавальнік цэнтра трубку не здымаў. 19 сакавіка прыйшло смс-паведамленьне: "Я прыйду зь ператрусам". Пасьля гэтага Кванталіані вырашыў “распавесьці ўсю гэтую сітуацыю".

"Цяпер я разумею што іх намеры - працягваць прымушаць мяне да супрацоўніцтва ўжо з дапамогай пагрозаў, - піша кіраўнік цэнтру. - Я ніколі ня думаў, што тэма валанцёрства і дапамогі сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва зьяўляецца аб'ектам пільнай увагі з боку" камітэта добрых спраў".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG