Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як лічыць чужыя грошы


На інфармацыйных інтэрнэт-сайтах па выніках візыту Пуціна ў Менск зьявілася інфармацыя, нібыта Расея дае Беларусі $13 млрд. І робіцца выснова, што гэта сьведчыць пра пацяпленьне двухбаковых дачыненьняў, пералом у адносінах у лепшы бок.

Давайце разьбярэмся, адкуль узялася гэтая лічба.

Найперш пра крэдыты на будаўніцтва АЭС. Беларускі бок просіць $9 млрд., а Расея імкнецца выдзеліць толькі $6 млрд. Пакуль па гэтым пытаньні вядуцца дыскусіі. Дык вось, па-першае, хоць палітычнае рашэньне і прынятае, але крэдытнае пагадненьне пакуль не падпісанае, то бок юрыдычна зьдзелка не аформлена. І пакуль няма факту падпісанага пагадненьня, трэба пачакаць. Бо ў беларуска-расейскіх дачыненьнях часта бывала, што пасьля палітычнай дамовы ўсё спатыкалася аб працэдурныя дробязі, якія губілі ўвесь праект.

Па-другое, гэтыя $6 млрд., хутчэй за ўсё, у Беларусь і ня трапяць. Яны будуць пераведзеныя з рахунку Міністэрства фінансаў Расеі на рахунак расейскай кампаніі "Атомстройэкспорт", якая пачне будаваць беларускую АЭС.

Па-трэцяе, калі ўсё ж Расея выдзеліць усе $9 млрд., то дадатковыя $3 млрд. — гэта мэтавы крэдыт. То бок гэтымі грашыма беларускі ўрад ня зможа распараджацца на ўласнае жаданьне, яны пойдуць на будаўніцтва інфраструктуры АЭС.

Далей, Пуцін нагадаў, што дзякуючы бязмытным пастаўкам нафты ў 2011 годзе (21,6 мільёна тон) аб'ём субсыдыяваньня Расеяй Беларусі складзе $4,3 млрд. Расейскі прэм’ер ня першы раз узгадвае гэтую лічбу, але яна ўводзіць у зман. Па-першае, гэтая субсыдыя зьявілася не па выніках цяперашняга візыту Пуціна, а паводле нафтавых пагадненьняў у сьнежні мінулага году.

Па-другое, гэта сума стратаў расейскага бюджэту за год ад скасаваньня нафтавага мыта пры пастаўках нафты ў Беларусь. Але гэта ня значыць, што гэтая сума цалкам перайшла ў беларускі бюджэт. Бо каля $2 млрд. Беларусь павінна вярнуць Расеі ў выглядзе мыта на беларускія нафтапрадукты.

Па-трэцяе, расейскія кампаніі пры пастаўках нафты ў Беларусь раптам увялі "прэмію". У студзені яна склала $46 на кожную тону, а ў лютым, у зьвязку з ростам сусьветных цэнаў на нафту, павялічылася да $73. У выніку гэтага ў студзені беларускія НПЗ спрацавалі на мінус. Невыпадкова ў першым квартале расейскія нафтавыя кампаніі адмовіліся ад перапрацоўкі нафты па давальніцкай схеме, бо нявыгадна. І павышэньне цэнаў на бэнзін — гэта спроба беларускага ўраду атрымаць прыбытак ад нафтаперапрацоўкі.

Па-чацьвёртае, поўнасьцю субсыдыі Расеі па нафце Беларусь атрымае толькі пры ўмове, што выбера ўвесь заплянаваны аб’ём расейскіх паставак (21,6 мільёна тон). А гэта значыць, што давядзецца часткова адмовіцца ад вэнэсуэльскай (азэрбайджанскай) нафты, бо магутнасьцяў беларускіх НПЗ на ўсё можа не хапіць. А дамовы ж ужо падпісаныя, у тым ліку і з Украінай на транзыт нафты па нафтаправодзе.

Цяпер наконт наўпроставых крэдытаў. Беларусь зьвярнулася ў Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС з просьбай выдзеліць крэдыт у памеры $2 млрд., а "больш за паўгода назад" — да ўраду Расеі з просьбай аб $1 млрд.

Дык пытаньне ж яшчэ ня вырашанае, ідуць перамовы. Расея, якая кантралюе Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС, ставіць умовы. Зьвярніце ўвагу, Беларусь папрасіла крэдыт яшчэ паўгода таму, а пытаньне вісіць. Трэба адзначыць, што апошнія месяцы ў зьвязку з ростам сусьветных цэнаў на нафту Расея атрымлівае шмат нафтадаляраў. Яна вырашае, што зь імі рабіць. Але Беларусі не дае. Бо Менск не выконвае ўмовы.

Якія ўмовы? Вось, здаецца, адну зь іх беларускія ўлады, прыпёртыя да сьценкі дэфіцытам валюты, выконваюць. МАЗ давядзецца прадаваць расейскаму капіталу. А яшчэ была згода павысіць мыта на аўтамабілі з 1 ліпеня, каб абараніць расейскі аўтапрам.

Таму казаць пра шчодрасьць Расеі, якая раптам вярнулася да вялікіх субсыдый беларускаму рэжыму, не выпадае. Тым больш, гаворка ідзе ў асноўным пра крэдыты, якія трэба будзе неяк вяртаць.

Чужыя грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG