У выніку землятрусу і цунамі ў Японіі пашкоджаныя 11 з 18 атамных электрастанцый. Прэм’ер-міністар краіны Наота Кан у гэтым зьвязку заявіў, што сытуацыя на пацярпелых ад землятрусу атамных электрастанцыях застаецца цяжкой. Ці павінны ўлады Беларусі перагледзець пытаньне будаўніцтва АЭС у Беларусі ў зьвязку з падзеямі ў Японіі?
На АЭС «Фукусіма-1» здарыўся выбух, які разбурыў адно з памяшканьняў станцыі. З прычыны падвышанага ўзроўню радыяцыі з навакольля станцыі эвакуавана каля 200 тысяч чалавек. Аднак пытаньне пра перагляд рашэньня наконт будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі ў сьвятле гэтых падзей пакуль не стаіць, паведаміў старшыня камісіі па прамысловасьці і паліўна-энэргэтычным комплексе Палаты прадстаўнікоў Сяргей Сямашка:
«Давайце мы дачакаемся вынікаў таго, што адбываецца ў Японіі на сёньняшні дзень».
Карэспандэнтка: «Але і на сёньняшні дзень відавочна, што там вельмі небясьпечная сытуацыя».
«Ну, цяжка сказаць — я як старшыня камісіі на сёньня ніякіх зьвестак ня маю. А выбухі розныя бываюць — што тут можна абмяркоўваць. Я ж кажу: пакуль дакладных зьвестак ня будзе, пра нешта казаць рана».
Аварыя на АЭС у Японіі выкліканая моцным землятрусам, а выкід цэзію сьведчыць пра тое, што калі сапсавалася ахаладжальная сыстэма рэактара, то ядзернае паліва расплавілася. Паведамляецца, што радыяцыйны фон у раёне АЭС «Фукусіма-1» у дзясяткі разоў перавышае норму. У беларускім Міністэрстве надзвычайных сытуацый паведамляюць, што не ўплываюць на пытаньне перагляду рашэньня пра будаўніцтва АЭС, але падрыхтаваныя да любых надзвычайных сытуацый. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы Віталь Навіцкі:
«Вакол Беларусі разьмешчаныя чатыры АЭС, і зразумела, што ўлічваюцца магчымасьці аварый на гэтых электрастанцыях і распрацоўваюцца альгарытмы дзеяньняў. Зараз мы адпрацоўваем варыянт найгоршага разьвіцьця падзей у пытаньнях паводкі. Гэтак жа сама ёсьць плян дзеяньняў і ў іншых сытуацыях. Што тычыцца землятрусаў, то даўно пра ўсё вядома, і навукоўцы НАН ізноў усё патлумачылі і растлумачылі, што магчыма, а што не, што цунамі ніякім чынам да нашай тэрыторыі ня дойдзе. Таму ёсьць гатовасьць рэагаваньня на любыя надзвычайныя сытуацыі».
Праводзіць аналёгію з падзеямі ў Японіі наўпроставых падставаў сапраўды няшмат, аднак пытаньне пра будоўлю АЭС у Беларусі ад гэтага не становіцца менш спрэчным, мяркуе навуковец і палітык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Шушкевіч:
«Падабенства з тымі ўмовамі, якія ёсьць у Японіі, у нас няма. І рабіць перагляд пытаньня ў зьвязку з тым, што там адбылося, я падставаў ня бачу. Але ў нас дагэтуль няправільны быў падыход у пытаньні будаўніцтва: ня выслуханыя прафэсіяналы ў гэтым пытаньні. А калі ня выслуханыя прафэсіяналы, то ёсьць вялікае падазрэньне на тое, што зроблена гэта не найлепшым чынам».
Тым часам навукоўцы заяўляюць, што ў нетрах беларускай зямлі ёсьць некалькі разломаў, што ствараюць умовы для землятрусаў, якія здараюцца штогод. На адным з такіх месцаў, у Астравецкім раёне, мае быць збудаваная і першая ў краіне АЭС. Таму трываласьць станцыі павінна быць разьлічаная на землятрус не слабейшы за 7 балаў. А рашэньне разьмясьціць яе на Гарадзеншчыне — цалкам палітычнае, мяркуе вучоны-геоляг, акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі:
«Гістарычна ў нас былі і ёсьць землятрусы да 6-7 балаў, у тым ліку і па Ашмянскім разломе, ад якога недалёка і пляцоўка пад АЭС. Нашыя сэйсмолягі разьлічылі, што калі там будзе землятрус, у зьвязку з гэтым разломам, то магутнасьцю ня менш як 7 балаў. Таму, вядома, нашую будоўлю трэба праводзіць з разьлікам такога землятрусу. З гэтым трэба быць вельмі асьцярожным. Але выбралі чамусьці гэтую пляцоўку. У мяне яшчэ такое ўражаньне, што гэта палітычнае рашэньне — бліжэй да Літвы і Эўразьвязу».
Неабгрунтаваным рашэньнем, якое патрабуе перагляду, у прыватнасьці, і ў зьвязку з падзеямі ў Японіі, называе будаўніцтва АЭС у Беларусі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Васіль Якавенка:
«Пытаньне гэтага будаўніцтва варта было б перагледзець і бяз гэтай стыхіі ў Японіі. Тым больш, калі там разьлікі на будаўніцтве АЭС не апраўдаліся. А там жа цьвет атамісцкай ядзернай навукі, і лічылася, што ўсё гэта надзвычай надзейна і навечна. Не выпадкова ж навукоўцы-эколягі зьвярнуліся да прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева з просьбай перагледзець гэтае пытаньне, каб ён спыніў фінансаваньне будаўніцтва беларускай АЭС. Яны зьвяртаюць увагу на недапрацоўкі і хібы праекту, што робіцца гэта ў абыход грамадзкай думкі, па-валюнтарысцку. Альбо іншымі словамі ўсё гэта тлумачыцца, што прынятае палітычнае рашэньне. А палітычнае рашэньне прыняў кіраўнік дзяржавы».
Тым часам беларускія сэйсмолягі паведамляюць, што хвалі японскага землятрусу дакаціліся і да Беларусі і былі зафіксаваныя адмысловымі прыборамі.
На АЭС «Фукусіма-1» здарыўся выбух, які разбурыў адно з памяшканьняў станцыі. З прычыны падвышанага ўзроўню радыяцыі з навакольля станцыі эвакуавана каля 200 тысяч чалавек. Аднак пытаньне пра перагляд рашэньня наконт будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі ў сьвятле гэтых падзей пакуль не стаіць, паведаміў старшыня камісіі па прамысловасьці і паліўна-энэргэтычным комплексе Палаты прадстаўнікоў Сяргей Сямашка:
«Давайце мы дачакаемся вынікаў таго, што адбываецца ў Японіі на сёньняшні дзень».
Карэспандэнтка: «Але і на сёньняшні дзень відавочна, што там вельмі небясьпечная сытуацыя».
«Ну, цяжка сказаць — я як старшыня камісіі на сёньня ніякіх зьвестак ня маю. А выбухі розныя бываюць — што тут можна абмяркоўваць. Я ж кажу: пакуль дакладных зьвестак ня будзе, пра нешта казаць рана».
Аварыя на АЭС у Японіі выкліканая моцным землятрусам, а выкід цэзію сьведчыць пра тое, што калі сапсавалася ахаладжальная сыстэма рэактара, то ядзернае паліва расплавілася. Паведамляецца, што радыяцыйны фон у раёне АЭС «Фукусіма-1» у дзясяткі разоў перавышае норму. У беларускім Міністэрстве надзвычайных сытуацый паведамляюць, што не ўплываюць на пытаньне перагляду рашэньня пра будаўніцтва АЭС, але падрыхтаваныя да любых надзвычайных сытуацый. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы Віталь Навіцкі:
Вакол Беларусі разьмешчаныя чатыры АЭС, і зразумела, што ўлічваюцца магчымасьці аварый на гэтых электрастанцыях і распрацоўваюцца альгарытмы дзеяньняў.
Праводзіць аналёгію з падзеямі ў Японіі наўпроставых падставаў сапраўды няшмат, аднак пытаньне пра будоўлю АЭС у Беларусі ад гэтага не становіцца менш спрэчным, мяркуе навуковец і палітык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Шушкевіч:
«Падабенства з тымі ўмовамі, якія ёсьць у Японіі, у нас няма. І рабіць перагляд пытаньня ў зьвязку з тым, што там адбылося, я падставаў ня бачу. Але ў нас дагэтуль няправільны быў падыход у пытаньні будаўніцтва: ня выслуханыя прафэсіяналы ў гэтым пытаньні. А калі ня выслуханыя прафэсіяналы, то ёсьць вялікае падазрэньне на тое, што зроблена гэта не найлепшым чынам».
Тым часам навукоўцы заяўляюць, што ў нетрах беларускай зямлі ёсьць некалькі разломаў, што ствараюць умовы для землятрусаў, якія здараюцца штогод. На адным з такіх месцаў, у Астравецкім раёне, мае быць збудаваная і першая ў краіне АЭС. Таму трываласьць станцыі павінна быць разьлічаная на землятрус не слабейшы за 7 балаў. А рашэньне разьмясьціць яе на Гарадзеншчыне — цалкам палітычнае, мяркуе вучоны-геоляг, акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі:
Гістарычна ў нас былі і ёсьць землятрусы да 6-7 балаў.