Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская антыядзерная кампанія заклікае адмовіцца ад будаўніцтва АЭС


Пашкоджаны дах (зьлева) першага рэактара японскай АЭС "Фукусіма"
Пашкоджаны дах (зьлева) першага рэактара японскай АЭС "Фукусіма"
Беларуская антыядзерная кампанія заклікала ўрад Беларусі вынесьці ўрок з трагедыі, што разгортваецца ў Японіі, і адмовіцца ад плянаў будаўніцтва атамнай станцыі ў краіне. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай удзельнікамі ініцыятывы адкрытай заяве ў сувязі з радыяцыйнымі аварыямі на некалькіх японскіх АЭС, што адбыліся пасьля вельмі моцнага землятрусу.

Падпісанты патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласьці, на месцы якой у 1909 годзе адбыўся землятрус сілай 7 балаў — наймацнейшы ў Беларусі.

"Мы зьвяртаемся да кіраўніцтва Беларусі з просьбай адмовіцца ад плянаў будаўніцтва АЭС і шукаць інвэстыцыі на мадэрнізацыю традыцыйнай і разьвіцьцё аднаўляльнай энэргетыкі", — гаворыцца ў заяве.

Удзельнікі беларускай антыядзернай кампаніі заклікалі ўрад і грамадзян Беларусі вынесьці ўрок з таго, што здарылася ў Японіі, і прызнаць, што бясьпечных АЭС не існуе.

"Доўгі час японскія ўлады з падачы атамных карпарацый запэўнівалі жыхароў краіны ў тым, што АЭС бясьпечныя і што выхад радыяцыі за іх межы немагчымы, нават у выпадку самага цяжкага землятрусу. Гэтыя запэўніваньні працягваліся нават тады, калі адбыўся выбух на АЭС "Фукусіма". Аднак факты абверглі "гарантыі" японскай атамнай прамысловасьці, — гаворыцца ў заяве. — Беларускія атамныя лабісты таксама заяўляюць, што беларуская АЭС зможа вытрымаць землятрус, падзеньне самалёта і іншыя зьнешнія ўзьдзеяньні, але ня толькі. Яны мяркуюць, што беларуская АЭС будзе бясьпечная, хаця на яе праектна-вышукальныя работы выдзяляюць усяго паўгода, нягледзячы на тое, што на такія работы затрачваецца ад двух да чатырох гадоў. Мы хочам нагадаць пра тое, што паскораная распрацоўка праектнай дакумэнтацыі чарнобыльскіх блёкаў — гэта адна з прычын катастрофы".

"Цяпер ў Японіі ідзе эвакуацыя з 30-кілямэтровай зоны. Ці можна пасьля гэтага верыць сьцьвярджэньням беларуска-расейскага атамнага лобі, што пры любой аварыі на беларускай АЭС эвакуацыя насельніцтва не спатрэбіцца? Ці трэба чакаць, пакуль новыя трагічныя факты абвергуць гэтыя заявы?" — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

Пад заявай падпісаліся ўдзельнікі кампаніі, расейскія і беларускія грамадзкія арганізацыі і грамадзяне, у тым ліку, Грамадзкае аб'яднаньне "Экадом", расейская група "Экаабарона!", аргкамітэт стварэньня руху "Вучоныя за бязьядзерную Беларусь" ды іншыя.

У Японіі 11 сакавіка адбыўся землятрус магнітудай 8,9 бала, адзін з наймацнейшых з 1933 году. Ён выклікаў цунамі, а таксама сэрыю падземных штуршкоў сілай вышэй за 6 балаў. Прыродная катастрофа пацягнула аварыі на японскіх атамных электрастанцыях. На АЭС "Фукусіма-1" і "Фукусіма-2" пасьля землятрусу быў уведзены рэжым надзвычайных сытуацый з-за выхаду са строю сыстэмы ахаладжэньня. На "Фукусіме-1" 12 сакавіка адбыўся выбух, пацярпелі чатыры чалавекі. Паводле інфармацыі Агенцтва па ядзернай і прамысловай бясьпецы Японіі, радыеактыўнае забруджаньне распаўсюдзілася за межы станцыі. Улады аб'явілі эвакуацыю насельніцтва ў радыюсе прыкладна 20 кілямэтраў вакол АЭС "Фукусіма-1". З небясьпечнай зоны эвакуіравана больш як 80 тысяч чалавек.

13 сакавіка на брыфінгу генэральны сакратар кабінэту міністраў Японіі Юкіё Эдана паведаміў, што існуе пагроза новага выбуху на адным з блёкаў японскай АЭС "Фукусіма-1", аналягічнага таму, што адбыўся ў суботу.

Як паведамлялася раней, Беларусь і Расея падрыхтавалі рамачнае кантрактнае пагадненьне аб будаўніцтве АЭС. Дакумэнт плянуецца падпісаць у траўні, паведаміў кіраўнік расейскай дзяржаўнай атамнай карпарацыі "Расатам" Сяргей Кірыенка 25 студзеня на сустрэчы ў Мінску з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Сямашкам. Паводле яго слоў, не пазьней за чэрвень павінна быць падпісанае крэдытнае пагадненьне паміж міністэрствамі фінансаў дзьвюх краін. Беларусь просіць у Расеі на будаўніцтва АЭС дзяржаўны крэдыт у 9 млрд. даляраў ЗША тэрмінам на 25 гадоў.

Паводле слоў Кірыенкі, у верасьні 2011 году пачнецца будаўніцтва катлавану на пляцоўцы, дзе будзе ўзьведзена АЭС. Увод першага блёка беларускай АЭС заплянаваны ў 2017 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG