Коктыш: Пакуль я б не сказаў, што з гэтага будзе вынікаць нешта надзвычайнае. Гэта звычайны ціск, які падкрэсьлівае праблемы хаўрусьніка па Мытным саюзе. Вядома, з гэтага ня будзе вынікаць нейкіх імгненных дзеяньняў. Але гэта можа стаць падмуркам для далейшай палітыкі, абапіраючыся на які, можна будзе фармуляваць больш ці менш жорсткую пазыцыю ў адносінах да беларускага кіраўніцтва.
Адначасова гэта падкрэсьлівае тыя праблемы, у якіх сёньня апынулася Беларусь. Бо відавочна, што такія захады прымаюцца не ад добрага жыцьця, і гэтае рашэньне Менску прывядзе да пагаршэньня замежнаэканамічнай каньюнктуры вакол Беларусі.
Цыганкоў: З аднаго боку, расейскія тавары, як увесь імпарт, падпадаюць пад адны правілы, зь іншага, як тавары з Мытнага саюзу, — пад іншыя правілы. Ці не здаецца гэтая супярэчнасьць нейкай невырашальнай?
Коктыш: Беларусь — невялікая краіна, і пакуль што магчыма заплюшчваць вочы на тое, што для некаторых існуюць асобныя правілы. Але калі Беларусь працягне ўводзіць прывілеі для ўласнай эканомікі, разьлічваючы, што Расея будзе заплюшчваць на гэта вочы, то надоўга гэтага ня хопіць. Неўзабаве гэтыя супярэчнасьці абвострацца.
Калі прысуд будзе дастаткова рэзкім, то магчымае ўзьняцьцё пытаньня, ці дарэчная прысутнасьць Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы.
Цыганкоў: 10 сакавіка ў Менску можа быць вынесена канчатковае рашэньне ў працэсе над двума расейскімі грамадзянамі Брэўсам і Гапонавым у справе 19 сьнежня. А 15 сакавіка ў Менск мяркуе прыехаць расейскі прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін. Ці рызыкняце вы прадказаць рашэньне суду ў справе Брэўса і Гапонава?
Коктыш: Рашэньне, вядома ж, будзе палітычным. Яно будзе паказваць, ці імкнецца зараз Беларусь сварыцца альбо сябраваць з Расеяй. Так ці іначай, гэта будзе асабісты выбар беларускага прэзыдэнта. Гледзячы на прысуд, мы будзем разумець, які курс ён зьбіраецца рэалізоўваць.
Калі прысуд будзе дастаткова рэзкім, то магчымае ўзьняцьцё пытаньня, ці дарэчная прысутнасьць Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы. Гэтае пытаньне празь некалькі месяцаў можа стаць на парадак дня і зрабіцца штуршком да поўнамаштабнай гандлёвай вайны.
Расея з шэрагу прычынаў ня можа займаць нэгатыўную палітычную пазыцыю да беларускага кіраўніцтва. Але эканамічна Расея актыўна выказвае свае адносіны да беларускага кіраўніцтва. І калі прысуд будзе рэзкі, то эканамічныя захады з расейскага боку (фармальна палітычна не матываваныя) будуць мець месца.