Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Стужынская: «У 20-я гады жанчыны выйшлі з кухняў і ўзначальвалі паўстанцкія атрады»


Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

Прынята лічыць, што войны і паўстаньні — гэта цалкам мужчынская гісторыя. Але ці так гэта насамрэч? Возьмем для прыкладу 20-я гады мінулага стагодзьдзя — час найбольш актыўнага антысавецкага супраціву на тэрыторыі Беларусі. Госьця «Вольнай студыі» — гісторык Ніна Стужынская, аўтарка кнігі «Беларусь мяцежная», што выйшла нядаўна другім выданьнем у сэрыі «Невядомая гісторыя».

Міхась Скобла: «Спадарыня Ніна, гісторыя беларускага антысавецкага супраціву адкрылася нам толькі ў 90-я гады. І, на жаль, не пасьпела трапіць у школьныя падручнікі. Ці заўважны ўсё ж жаночы ўдзел у антысавецкіх выступах 20-х гадоў?»

Ніна Стужынская: «Заўважны. Я не пагаджуся з распаўсюджанай думкай, што канфліктная, ваенная гісторыя мае выключна мужчынскі твар. Раней я нават і ня думала шукаць жаночыя постаці на гэтым фоне. Аказалася, крыніцы багата прэзэнтуюць і жаночыя твары ў гэтай, на першы погляд, мужчынскай гісторыі. Як і сёньня гавораць палітолягі, жанчына кіруецца ў жыцьці каханьнем — ідзе за каханым мужчынам (для Беларусі гэта абсалютна тыпова), ці прафэсіяй. І, вядома ж, жанчыну-выведніка, жанчыну з ружжом, рэдка можна бачыць у нашай гісторыі. Хоць, можа быць, нам так проста здаецца. Мы мала ведаем крыніцы. Жанчыны, якія зацікавілі мяне і трапілі на старонкі „Беларусі мяцежнай“, знайшліся пераважна побач з мужчынамі, не апошнімі ў гісторыі Беларусі, — з атаманамі. Амаль у кожным аддзеле была жанчына, амаль у кожнага атамана (а гэта былі пераважна маладыя людзі), была каханая жанчына. Самыя калярытныя постаці знайшліся на старонках крымінальных справаў. Напрыклад, у справе Ягора Моніча. Атаман Моніч пачаў дзейнічаць яшчэ ў 1919 годзе. Яго імя грымела па ўсёй Беларусі. Ён быў застрэлены бальшавікамі ў траўні 1925 году. А вось паплечніца атамана, яго каханая Хаўроньня Наўроцкая праходзіла як абвінавачаная на судовым працэсе і ўжо ў 1924 годзе была асуджаная на сьмяротнае пакараньне. Хаўроньня Наўроцкая некалькі разоў мяняла сваё імя, гэта тады было даволі тыповай зьявай. Яна шмат вандравала па сьвеце, а калі вярнулася на радзіму, наказала ўсім зваць яе Сонькай Рыбак. Рыбак — яе прозьвішча па першым мужу… Некалькі цікавых постацяў дае гісторыя Слуцкага паўстаньня. Мне, на жаль, не ўдалося ідэнтыфікаваць жанчынаў, якія вышылі сьцяг для паўстанцаў, але мне вядомыя жанчыны, якія прымалі самы актыўны ўдзел у паўстаньні. Гэта сёстры Стагановіч — Людміла і Марыя. Марыя потым стане жонкай вядомага нацыянальнага дзеяча Юркі Лістапада. Назаву яшчэ сувязную паўстанцаў Любоў Зяньковіч. Гэта жанчыны, якія мелі пэўныя палітычныя перакананьні, яны былі нацыянальна арыентаванымі».
А вось паплечніца атамана, яго каханая Хаўроньня Наўроцкая праходзіла як абвінавачаная на судовым працэсе і ўжо ў 1924 годзе была асуджаная на сьмяротнае пакараньне.
Скобла: «Гісторыя антысавецкага паўстанцкага руху ведае нямала і жаночых імёнаў. Скажам, ва Ўкраіне была папулярнай народная затупніца атаманша Маруся — Марыя Нікіфарава. А каго зь беларускіх жанчынаў можна паставіць у адзін шэраг зь ёй?»

Стужынская: «У арганізацыі „Зялёны дуб“ служыла Ганна Доўгірд. Вядома, што яна была нарачонай атамана Дзергача (Вячаслава Адамовіча). Але ў той жа час, па сьведчаньні начальніка штаба „Зялёнага дуба“ атамана Грача, яна была найлепшай выведніцай. І праўда, Ганна Доўгірд некалькі разоў хадзіла празь мяжу на савецкі бок і прыносіла вельмі каштоўную інфармацыю. І гэта ў 1921 годзе, калі рыхтавалася буйная палітычная акцыя — агульнае антысавецкае паўстаньне на тэрыторыі Беларусі. Ганна Доўгірд мела высокага кшталту знаёмствы з палітыкамі, вядомымі ў расейскай і эўрапейскай гісторыі. Маючы няпоўных 21 год, яна мела багаты паслужны сьпіс, яна ведала таго ж Махно, мела і баявы досьвед».

Скобла: «21 год — гэта фактычна сёньняшнія студэнткі».

Стужынская: «Я ўвесь час задумвалася над гэтым. Аказваецца толькі 13% насельніцтва пасьля Першай усясьветнай вайны ў былой Расейскай імпэрыі былі старэйшыя за 50 гадоў. Астатнія былі маладымі людзьмі. Уявіце сабе, усе сацыяльныя пераўтварэньні рабіліся вельмі маладымі людзьмі, як з боку рэвалюцыянераў, так і з боку контррэвалюцыянераў. Таму дзівіцца няма чаго. Калі паглядзець сьпісы баявых аддзелаў, сьпісы атаманаў, якім на той час было крыху за 20, то тут нічога дзіўнага няма. Менавіта маладыя людзі стваралі гісторыю на той момант».

Скобла: «Нядаўна мне трапіў на вочы невядомы верш Уладзімера Дубоўкі: „Не было такога здарэньня, каб на Беларусі ня плакалі. Абяцалі ўсе збавеньне, а цкавалі ўсе — сабакамі“. Якія былі асноўныя прычыны, якія прымушалі беларусаў і беларусак брацца за зброю?»

Стужынская: «Беларусь у палітычным сэнсе ў 20-я гады была даволі стракатай. Але я пішу пра тых, хто быў нацыянальна арыентаваны, хто абраў сабе за мэту пабудову эўрапейскай, дэмакратычнай, незалежнай Беларусі. Я пішу пра тых, хто са зброяй у руках абараняў ідэю Беларускай Народнай Рэспублікі. Хто пасьля сацыяльных катастрофаў, такіх, як Першая ўсясьветная вайна, расейская рэвалюцыя, абраў шлях да незалежнасьці. Па-сутнасьці, гэта былі і амбіцыі, і ўласныя пляны. Моладзь не хацела аддаваць бальшавікам ні тэрыторыю, ні мову, ні культуру. Яна хацела быць гаспадаром на сваёй зямлі. Калі пачытаць, напрыклад, нарысы атамана Дзергача, то гэта ідэя прасочваецца вельмі яскрава».

Скобла: «Ці ня першым беларускім дасьледчыкам, які распрацоўваў тэму антысавецкага супраціву, быў эміграцыйны пісьменьнік Юрка Віцьбіч. Яго часам папракалі (і свае, і чужыя) у тым, што ён сумысна надаваў ці ня ўсім паўстаньням на тэрыторыі Беларусі нацыянальны характар. Але ці так было насамрэч? Калі чытаеш у вашай кнізе пра тую ж Соньку Рыбак, то ствараецца ўражаньне, што сярод паўстанцаў было нямала і авантурыстаў».

Стужынская: «Тут я хачу абараніць Соньку. Гэта вельмі тыповы тагачасны вобраз. Традыцыйны лад жыцьця разбурыўся. Уявіце сабе звычайную сялянку. Яна імкнецца абараніць свой дом ад вайны, дзяцей — ад голаду, яна зацікаўленая, каб яе мужчына не загінуў у гэтых узброеных канфліктах… З другога боку, зьяўляліся асобы, якія выкарысталі гэтую палітычную калатнечу для ўласнай дзейнасьці, для ўласнай самарэалізацыі. Тая ж самая Сонька — з аднаго боку, яна вельмі кахае атамана Моніча. І ёсьць за што, ён — сьмелы, выбітны мужчына. А з другога боку, Сонька сама змагла арганізаваць свой ўласны атрад, які налічваў 12 чалавек».

Скобла: «Яна — нарачоная атамана, але і сама атаманша?»
Тагачасныя жанчыны як бы адышлі ад свайго спрадвечнага біялягічнага прызначэньня і прымерылі на сябе новыя ролі, якія ім падказаў час.
Стужынская: «Сама атаманша. Сонька Рыбак шмат зрабіла для атамана Моніча, але яна мае свае ўласныя інтарэсы. Сёньня б сказалі, што Сонька — прадпрымальніца. Яна вельмі актыўная. Яна выкарыстала сваю актыўнасьць, свае таленты, каб самарэалізавацца. Яна не захацела сядзець дома на кухні. Тагачасныя жанчыны як бы адышлі ад свайго спрадвечнага біялягічнага прызначэньня і прымерылі на сябе новыя ролі, якія ім падказаў час. Яны выйшлі з хатаў, яны выйшлі з кухняў, яны паказалі, на што яны здольныя. З аднаго боку, бальшавікі падштурхоўвалі да таго, каб жанчыны выходзілі ў публічную прастору, а з другога боку, учарашнія беларускія сялянкі выкарысталі зручны час для дасягненьня сваіх мэтаў».

Скобла: «Калі вы расказвалі пра Ганну Доўгірд, я міжволі згадаў Ірыну Халіп. Ганна Доўгірд — нарачоная атамана Дзергача і адважная выведніца. Ірына Халіп — жонка палітыка Андрэя Саньнікава і сьмелая, мужная журналістка».

Стужынская: «Паралелі паміж тым і нашым часам можна знаходзіць. Што тычыцца параўнаньня дзьвюх названых жанчынаў… Па-першае, Ганначка была вельмі маладая, ёй не было і 21-го. Яна яшчэ не была маці. А Ірына павінна думаць яшчэ і пра трохгадовага сына Даніка. Па другое, крый Божа, каб і далей іх лёс меў падабенствы. Па-трэцяе, я думаю, што можна параўноўваць 20-я гады мінулага стагодзьдзя і час сёньняшні. У часы, калі ідзе новая хваля змаганьня за дэмакратыю, за эўрапейскую Беларусь, і зьяўляюцца такія яркія постаці, як Ганна Доўгірд і Ірына Халіп.Вось тут падабенства ёсьць выразнае. Дай Бог Ірыне мужнасьці — я таксама пісала пра мужных жанчынаў. Дай Бог ёй здароўя выстаяць, абараніць сям’ю і свае інтарэсы і дайсьці да пастаўленай мэты. Ірына яе заслугоўвае — яна яркая, мужная жанчына».

Скобла: «У свой час за дасьледаваньне антысавецкага супраціву вас звольнілі з акадэмічнага Інстытуту гісторыі. Вы не шкадуеце, што абралі такую няўдзячную ў сёньняшняй Беларусі тэму?»

Стужынская: «Аніякага шкадаваньня няма. Я вельмі люблю сваю тэму. Я закаханая ў сваіх герояў — у мужчынаў і жанчынаў. І нават тое, што мне не дадуць у Беларусі абараніць доктарскую дысэртацыю, мяне ня вельмі засмучае. Справа не ў дысэртацыі. Кожны дзень мне прыносіць нейкія новыя адкрыцьці. Я шчасьлівая тым, што знайшла сваю тэму і магу самарэалізавацца».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG