Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На апазыцыю міліцыянтаў хапае, на злачынцаў — не заўсёды


4 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень міліцыі. У Беларусі міліцыя займаецца ня толькі пошукам злачынцаў, але і перасьледам палітычных апанэнтаў улады. Падзеі апошніх некалькіх месяцаў далі шмат прыкладаў гэтага.

ВІЦЕБШЧЫНА


Графіці «Ганьба супрацоўнікам МУС» — на будынку Кастрычніцкага РАУС


Надпіс «Ганьба супрацоўнікам МУС» зьявіўся нядаўна на будынку Кастрычніцкага райааддзела міліцыі. Цяпер графіці зафарбаваныя, як і некалькі іншых надпісаў, якія адначасова зьявіліся ў цэнтры Віцебску.

Аляксандар Вышка
Пад падазрэньне міліцыянтаў трапілі двое непаўналетніх хлопцаў-адзінаццаціклясьнікаў. Адзін зь іх, 17-гадовы Іван, — сын вядомага віцебскага мастака Аляксандра Вышкі:

«Сын мне тэлефануе, кажа: «Тата, тут па мяне прыйшла міліцыя. А ў чым справа, я не разумею». Потым тэлефануе зноў: «Прыходзь у кабінэт № 18 Кастрычніцкага РАУС, я ўжо там». Прыходжу, мне сьледчы кажа: «Вось зьявіліся лёзунгі». Пытаюся: «Якія?» Кажа: «Жыве Беларусь!» Дык вы хіба супраць, каб жыла Беларусь? «Не, — адказвае, — я ня супраць, але нельга гэта пісаць на дамах, гэта — хуліганства».

Спадар Вышка прысутнічаў на допыце сына. А вось сынаваму сябру, якога затрымалі каля дома, калі ён вяртаўся са школы, нават не дазволілі папярэдзіць бацькоў. Тыя самі пачалі шукаць сына, які не вярнуўся своечасова дадому, і толькі тады даведаліся, што ён у міліцыі.

Аляксандру Вышку распавялі, што ў раёне праводзіцца акцыя па вышуку аўтараў графіці:

«Быў, значыцца, гэты надпіс. І яшчэ «Ганьба супрацоўнікам МУС». Я й сказаў: «Каб яны сябе паводзілі нармальна 19-га сьнежня, дык такіх надпісаў не было б!» Мне сказалі: «Ёсьць інфармацыя, што гэта зрабіў ваш сын. І ягоны сябар. Прычым сябар потым распавядаў, што ў міліцыі на яго адразу пачалі ціснуць: «Мы ўсё ведаем, гэта зрабіў ты! Не адпірайся!» Адным словам, поўны «наезд».

Палітычныя графіці тэрмінова зафарбавалі


«Нагадзілі і ў кватэры, і ў душу!»


2-га сакавіка, пасьля допыту сына, супрацоўнікі міліцыі правялі ў кватэры Аляксандра Вышкі ператрус:

«Гідка, калі залазяць у тваё жытло, ходзяць бруднымі нагамі… І нічога ж не знайшлі, нічога не забралі. Яны — закладнікі свайго лёсу, вымушаныя ўсё гэта рабіць, бо сыстэма дыктуе такія воўчыя ўмовы! Нагадзілі і ў кватэры, і ў душу! Затое ў іх цяпер усё добра: ура, ператрус яны зрабілі, галачку паставілі і жоўценькай фарбачкай зафарбавалі, калі нешта недзе было».

Хаця доказаў супраць падлеткаў не знайшлося, міліцыянты паведамілі пра інцыдэнт у гімназію, дзе вучацца хлопцы. Цяпер адміністрацыя лічыць іх «нядобранадзейнымі». «Нядобранадзейнасьць» сына палягае, мусіць, толькі ў тым, што ён таксама цікавіцца выяўленчым мастацтвам, вучыцца маляваць, — кажа бацька-мастак Аляксандар Вышка. Сам ён у Віцебску — досыць вядомая асоба, удзельнік шмат якіх мастацкіх праектаў і аўтар сымболікі фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску».

Колькі год таму, калі ў Віцебску былі выбухі з чалавечымі ахвярамі, міліцыянты затрымалі ў якасьці падазраваных братоў Мурашкаў. Адной з падставаў стала тое, што самаробныя выбуховыя прыстасаваньні былі «начыненыя» дэталямі гадзіньнікаў, а бацька затрыманых некалі быў гадзіньнікавым майстрам, і ў кватэры знайшлі шмат «калёсікаў і вінцікаў». Урэшце, сапраўдных вінаватых тады міліцыя так і не знайшла.

Цяпер, кажа спадар Вышка, падазрэньне ўпала на яго сына, бо той захапляецца маляваньнем, а ў бацькі-мастака, вядома ж, ёсьць фарбы. Да ўсяго, жывуць яны якраз у тым раёне, дзе зьявіліся пратэстныя графіці.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Міліцыянты — вінцікі сыстэмы


У Гомелі мясцовая міліцыя вызначылася тым, што напярэдадні 19 сьнежня пачала прэвэнтыўна затрымліваць кіраўнікоў выбарчых штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Хто аддаваў ім загады — невядома. Але выканаўцамі былі менавіта супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

Увечары 18 сьнежня па дарозе дадому быў схоплены Юры Клімовіч, кіраўнік выбарчага штабу ў рэгіёне Віталя Рымашэўскага. Ён вяртаўся з царквы, зайшоў у краму набыць гарбату — і яго затрымалі нібыта за лаянку і адвезьлі ў ізалятар. Праз двое сутак Клімовіча праз суд пакаралі 15 суткамі арышту за дробнае хуліганства.

«У нашым дадзеным выпадку гэта была самадзейнасьць гомельскіх сілавых структураў — КДБ і органаў унутраных спраў. Таму што такое адбылося толькі ў Гомельскай вобласьці — прэвэнтыўны захоп кіраўнікоў выбарчых штабоў напярэдадні асноўнага галасаваньня».

Раніцай 19 сьнежня, яшчэ да адкрыцьця выбарчых участкаў, спэцназаўцы затрымалі нібыта за лаянку Юрася Захаранку, рэгіянальнага кіраўніка выбарчага штабу Мікалая Статкевіча. Яшчэ вуліцы пустыя, грамадзкі транспарт ня ходзіць, а актывіст ужо нібыта лаяцца. Спадара Захаранку таксама пакаралі арыштам.

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка кажа, што гэтак рукамі міліцыі і ствараюцца супраць актывістаў палітычныя справы, хаця азначэньня такога ў Крымінальным кодэксе няма:

«Гэта ж чыстая палітычная справа! Калі міліцыя дасьледуе якую-кольвечы справу, не зьвязаную з палітыкай, яны, я лічу, працуюць больш-менш прафэсійна. Але, калі ім трапляе палітычная справа, тады яны становяцца глухімі, нямымі, сьляпымі і выконваюць тупа загады».

«У Швэцыі — 17 тысяч міліцыянтаў, у Беларусі — у разы больш».
Грамадзкі актывіст Яўген Якавенка, якога міліцыя ня раз затрымлівала, а пасьля выбараў, усьлед за КДБ, выклікала на размову з прычыны масавых беспарадкаў у Менску, зьдзіўляецца колькасьці беларускай міліцыі. У Швэцыі, напрыклад, на 9 мільёнаў насельніцтва паліцэйскі корпус налічвае каля 17 тысячаў чалавек. У Беларусі — у разы болей.

Якавенка: «Насамрэч, чым займаецца гэткая колькасьць міліцыі, сказаць цяжка. Каго яна ловіць — незразумела. Зразумела толькі, што пасьля выбараў міліцыя пачала больш увагі аддаваць грамадзкім актывістам і людзям, якія працавалі ў штабах кандыдатаў. Абтэлефанаваць дзясяткі тысяч людзей, чые тэлефоны апынуліся ў пэўны час у пэўным месцы, правесьці сотні ператрусаў, сотні допытаў — гэта вялікі кавалак працы. Робіцца гэта ўсё —такое ўражаньне — напэўна дзеля запалохваньня».

Неўласьцівыя функцыі міліцыя выконвае таму, што яна — частка сыстэмы. І вялікая колькасьць міліцыянтаў у ёй — проста вялікая колькасьць вінцікаў у сыстэме:

«Міліцыя перадусім — гэта частка сыстэмы, якая ў нас усталявалася. І кожны міліцыянт — гэта вінцік у „вэртыкалі“. Яны ня могуць не падпарадкоўвацца агульнай такой канцэпцыі. Які загад ім аддаюць, такі загад яны й выконваюць. Яны — людзі маленькія. Адпаведна, карані ўсіх праблемаў — на самым „версе“. На самым „версе“, сярод тых, хто аддае загады».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Міліцыянты чыняць перасьлед неабыякавых людзей


Перасьлед міліцыяй удзельнікаў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі — найбольш яскравы прыклад барацьбы з іншадумствам у Магілёве. Вось ужо амаль два месяцы міліцыянты ня спыняюцца вышукваць актывістаў і перадаваць у суд матэрыялы адміністрацыйных спраў на іх.

Акцыя салідарнасьці 16 студзеня на пешаходнай вуліцы Ленінскай адбылася безь міліцэйскага гвалту. Дзясятак міліцыянтаў без прыкметаў агрэсіі назіралі за дзевяцьцю яе ўдзельнікамі з плякатамі пра зьняволеных актывістаў. Перасьлед неабыякавых людзей пачаўся пазьней.

Шматдзетная маці Натальля Шкадун адна зь першых пазнаёмілася са стылем паводзінаў магілёўскай міліцыі. Участковы ў разгар працоўнага дня заявіўся да жанчыны ў кабінэт. «Пра яго візыт ведалі ўсе супрацоўнікі станцыі пераліваньня крыві, дзе я працую», — кажа спадарыня Шкадун.

«Калі ён сказаў, што мяне павінен апытаць, добра, што я сядзела тады, а то я б проста ўпала. Такія рэчы трэба рабіць не на працы. Я ў гэтым перакананая. Калі мне была выпісаная позва зьявіцца ў Ленінскі райаддзел, я вымушаная была паведаміць пра гэта ў адміністрацыю і паўдня яшчэ правесьці ў райаддзеле, каб на мяне там склалі пратакол».

Пра прапанову міліцыянта да непаўналетняй яе маці напісала скаргу


Ужо па вынясеньні Ленінскім судом папярэджаньня Натальлі Шкадун за акцыю салідарнасьці міліцыянты пачалі даймаць яе непаўналетнюю дачку Ганну, таксама ўдзельніцу акцыі. Аднойчы ў нядзелю дзяўчыне патэлефанаваў невядомы й прапанаваў сустрэцца, як сьцьвярджае спадарыня Шкадун, а 21-й гадзіне ў апорным пункце міліцыі. На такую прапанову дачцэ маці адказала скаргай на імя начальніка раённай міліцыі. Урэшце Ганну дапыталі аб акцыі, але ў прысутнасьці маці, якой, аднак, катэгарычна забаранілі ўмешвацца ў гутарку:

Псыхалягічна дзіцё было выматана цалкам. Яна сышла адтуль маральна прыгнечаная.
«Псыхалягічна дзіцё было выматана цалкам. Яна сышла адтуль маральна прыгнечаная. Пытаньні задавалі такія, што дзіця пастаянна блыталася. Казала тое, чаго ня варта. Дзіця не азнаёмілі з правамі. Падпісацца ў тым, што яна азнаёмленая, ёй прапанавалі толькі пасьля таго, як быў напісаны пратакол апытаньня».

Чаму міліцыя так зацята палюе на ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці і чым адметны гэты перасьлед? Адказвае праваабаронца Барыс Бухель:

«Каб запалохаць людзей і не дапусьціць правядзеньня іншых грамадзкіх акцыяў. У першую чаргу — 25 сакавіка. Міліцыя выкарыстала новую тактыку. Яна не папярэджвала пра незаконнасьць акцыі. Яна спэцыяльна падставіла людзей. Калі б яны папярэдзілі, што акцыя незаконная, людзі б проста разышліся й не было б нагоды караць».

З 9 удзельнікаў адной акцыі пакараныя ўжо 6


Зь дзевяці ўдзельнікаў акцыі пакараныя ўжо шасьцёра. Натальля Шкадун атрымала папярэджаньне, яе дачку Ганну дапыталі, фронтаўцы Сяргей Нягацін і Валянцін Лабачоў пабывалі пад адміністрацыйным арыштам. У бабруйскай турме знаходзіцца яшчэ адзін удзельнік акцыі — Яўген Васьковіч. Яго затрымалі на другі дзень пасьля акцыі. Максіма Анцыповіча пакаралі штрафам у 525 тысяч рублёў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Параўнайце — колькі пратаколаў штогод складаецца на крымінальнікаў і на апазыцыянэраў…»


Гарадзенскія праваабаронцы і апазыцыянэры лічаць, што цяперашні рэжым выкарыстоўвае беларускую міліцыю пераважна ў сваіх карысьлівых мэтах, так што яна зьдзяйсьняе функцыі палітычнага перасьледу апазыцыі і ў той самы час ігнаруе свае непасрэдныя канстытуцыйныя абавязкі — барацьбу са злачыннасьцю.

Віктар Сазонаў
Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў, які неаднойчы затрымліваўся міліцыянтамі падчас прэзыдэнцкіх кампаній, парлямэнцкіх выбараў і іншых палітычных падзеяў, кажа, што ў Беларусі міліцыянтаў настолькі шмат, што іх літаральна можна было б паставіць каля кожнага пад’езду.

І, з другога боку, ён задаецца пытаньнем — чаму ў нашай краіне так шмат злачыннасьці: забойстваў, крадзяжоў, рабункаў і г.д.?

Сазонаў: «Паводле статыстыкі, у Беларусі жыве столькі ж насельніцтва, як у адным з самых крымінагенных гарадоў ЗША — Нью-Ёрку, але забойстваў адбываецца ў нас болей, чым у Нью-Ёрку. Задумайцеся, у мэгаполісе меней забойстваў, чым у такой краіне, якая прапагандуецца як мірны аазіс».

І сам Сазонаў робіць выснову: міліцыя, якая павінна займацца непасрэдна прафіляктыкай крыміналу, раскрыцьцём злачынстваў, займаецца гэтым ня ў поўнай меры.

Віктар Сазонаў кажа, што калі б давялося калі-небудзь параўнаць колькасьць пратаколаў, складзеных міліцыянтамі на апазыцыянэраў і крымінальнікаў, то яўную большасьць склалі б пратаколы на іншадумцаў. Праваабаронца ўзгадвае прыклады перасьледу непасрэдна са свайго жыцьця.

Сазонаў: «Маю машыну спынілі, калі я ехаў зь Менску, і шукалі там фальшывыя грошы. Потым другі раз спынілі ў Горадні і завезьлі ў КДБ, дзе канфіскавалі літаратуру. Але ў гэты самы час нехта на трасе едзе нападпітку, перавышае хуткасьць, а супрацоўнік ДАІ займаецца палітычнай літаратурай».

Вадзім Саранчукоў
Кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў пералічвае мноства прыкладаў, калі апазыцыянэраў затрымлівалі пры выхадзе з кватэры, судзілі за нібыта нецэнзурную лаянку, ламаліся ў кватэры і офісы, рабілі ператрусы… На яго думку, сыстэма хоць і выглядае звонку ўзброенай і паслухмянай, знутры не такая ўжо і маналітная.

Саранчукоў: «Шмат маіх аднакурсьнікаў пайшлі працаваць у органы і зараз, калі сустракаюся зь імі, многія кажуць, што ішлі туды з мэтай змагацца са злачыннасьцю, але дзейсная сыстэма якраз гэтаму не спрыяе. Яна пакліканая максымальна зьбіць ініцыятыву міліцыянта і прымусіць выконваць любыя загады».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У рэгіёне міліцыянты раскрылі толькі 72% злачынстваў, затое дапыталі ўсіх тутэйшых удзельнікаў Плошчы


Паводле справаздачы УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, раскрывальнасьць злачынстваў у рэгіёне на пачатак сакавіка складала каля 72%. Тым ня менш супрацоўнікі сілавых органаў цягам апошніх двух месяцаў затрымалі і дапыталі ў вобласьці 37 прадстаўнікоў апазыцыі.

Сябра АГП з Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч, былы капітан міліцыі, кажа, што супрацоўнікі міліцыі патрацілі даволі шмат часу на яго і на яшчэ аднаго ўдзельніка Плошчы з Івацэвічаў — Уладзіслава Мікалайчыка. Свае высілкі івацэвіцкая міліцыя магла б накіраваць на раскрыцьцё зусім іншых справаў, якія мелі месца ў раёне:

«Некалі ў вёсцы Дабромысьль Івацэвіцкага раёну адбылася сэрыя забойстваў пэнсіянэраў. Быў затрыманы падазраваны па гэтай справе чалавек. Але лічу, што яго закатавалі ў камэры. Сталася так, што ён нібыта ўчыніў самазабойства: задушыўся анучай. У прыватнасьці, мэдыкі нібыта знайшлі ў горле астаткі гэтай анучы. Я ж шмат гадоў працаваў у міліцыі, таксама ведаю пра выпадкі самагубстваў, але ж толькі не такім чынам, што чалавек сабе запіхнуў анучу ў горла і з-за гэтага задыхнуўся».

У Берасьці супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі на вуліцы нават непаўналетніх. Сяржука Алексіенку, сябра «Маладых дэмакратаў», даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе ў яго знайшлі друкаваныя ўлёткі, а міліцыянты абражалі падлетка, распавядае Іван Стасюк:

«Затрымалі Сяржука Алексіенку і двух яго сяброў. Сябры нашай арганізацыі проста ішлі па вуліцы, калі да іх пад’ехалі міліцыянты і забралі з сабой у пастарунак. Там адбыўся ператрус. Прычым адбывалася ўсё без складаньня пратаколу. Увогуле паводзілі сябе міліцыянты даволі груба, запалохваюць маладзёнаў. Забралі з заплечніка ўлёткі».

Берасьцейскіх сябраў апазыцыйных партый і рухаў на допыт выклікалі нават супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Віктар Клімус, Юлія Пашко і яшчэ адна прадстаўніца партыі БНФ зь Берасьця былі на допыце ў гэтым упраўленьні. Віктар Клімус кажа, што супрацоўнік упраўленьня Сяргей Антанюк паводзіў сябе даволі агрэсіўна, шмат гучала пагрозаў:

«Ён казаў, што мяне накіруюць у Менск, дзе пасадзяць у турму папярэдняга ўтрыманьня. Пасьля ад мяне запатрабаваў гэты супрацоўнік правесьці вобшук. Калі я запатрабаваў скласьці пратакол, ад Сяргея Антанюка нават прагучалі пагрозы фізычнага ўздзеяньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG