Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакалечаная прадпрымальніца са Сьветлагорску зноў аказалася вінаватай


Сёньня Сьветлагорскі раённы суд другі раз асудзіў мясцовую прадпрымальніцу Лілію Лагуціну. Пакалечаную міліцыянтамі жанчыну зноў прызналі вінаватай у супраціве і гвалце над чатырма ахоўнікамі і пакаралі годам абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня.

Лагуціна: «Зусім не справядлівае рашэньне — адназначна. Мы будзем працягваць змагацца. Праваабаронцы дапамогуць мне напісаць у Гомель касацыйную скаргу. І надалей будзем працаваць, каб прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці тых, хто вінаваты ва ўсім гэтым».

Зусім не справядлівае рашэньне — адназначна. Мы будзем працягваць змагацца.
Крымінальную справу супраць спадарыні Лагуцінай завялі пасьля таго, як яна паскардзілася ў раённую пракуратуру, што міліцыянты пакалечылі ёй руку падчас затрыманьня мужа. Жанчына кажа, што махнула сумкай, каб міліцыянты адчапіліся. Адзін зь міліцыянтаў так закруціў ёй руку, што лекары потым канстатавалі ня толькі вывіх, але й пералом.

Міліцыянты, аднак, ня выклікалі «хуткую дапамогу», а павезьлі Лагуціну «разьбірацца» ў райаддзел міліцыі.

У справе фігуруюць дакумэнты, што пасьля інцыдэнту ў аднаго зь міліцыянтаў быў сіняк на твары. Раённая пракуратура зьвінаваціла Лілю Лагуціну ў супраціве й гвалце над чатырма супрацоўнікамі міліцыі і выставіла ёй абвінавачваньне паводле артыкулаў 363 і 364 Крымінальнага кодэксу.

Летась спадарыню Лагуціну Сьветлагорскі суд пакараў годам абмежаваньня волі. Аднак пракуратура прынесла пратэст на той вырак. Абласны суд адмяніў яго й накіраваў крымінальную справу назад у Сьветлагорскі суд на новы разгляд у іншым складзе. І сёньня судзьдзя Людміла Сапоненка вынесла аналягічнае пакараньне.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб кажа, што цяжка рабіць нейкія высновы, калі не вывучаў справу. Але ва ўсім сьвеце існуюць агульнапрынятыя падыходы:

«Калі супрацоўнікі праваахоўных органаў — міліцыі, паліцыі — прымаюць нейкія меры дзеля затрыманьня правапарушальніка, афіцыйна, назваўшы сябе, то людзі не павінны аказваць ім супраціў. За супраціў прадугледжана пакараньне ва ўсім сьвеце. Але трэба, каб былі выкананы пэўныя ўмовы — каб гэтыя людзі, якія аказвалі супраціў, ведалі, каб яны былі папярэджаны, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Каб яны былі папярэджаны, за што затрымліваюць блізкага чалавека — мужа, сына, бацьку. Каб гэта было зразумела».
Я ня думаю, што там было нейкае насільле. Магчыма, быў нейкі супраціў.

Што да аказаньня мэдычнай дапамогі затрыманаму — у нашым выпадку прадпрымальніцы Лагуцінай — то дапамогу міліцыянты павінны былі аказаць ёй у першую чаргу:

«Калі затрыманая, а яна ўжо стала затрыманай, заяўляе, што ў яе ёсьць пашкоджаньні — зламана рука ці нага, то такому чалавеку трэба аказаць мэдычную дапамогу, а пасьля ўжо разьбірацца зь іншымі правапарушэньнямі».

Нейкі гвалт жанчыны над чатырма міліцыянтамі генэрал Грыб усур’ёз не ўспрымае:

«Насільле — гэта прымус супрацоўнікаў міліцыі да тых дзеяньняў, якія хоча навязаць нападнік. Гэта гвалт над іх воляй, над іхнімі дзеяньнямі. Але я ня думаю, што там было нейкае насільле. Магчыма, быў нейкі супраціў.

Калі адна жанчына можа ўчыніць гвалт над чатырма супрацоўнікамі міліцыі, то каму патрэбна такая міліцыя?! Ну, насамрэч!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG