Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прычыны рэзкага зьмяншэньня заробку?


Міхал Залескі
Міхал Залескі

У Беларусі рэальны заробак (з улікам інфляцыі) зьнізіўся ў студзені на 12,9% у параўнаньні са сьнежнем мінулага году, паведамілі ў Белстаце. Намінальны сярэднемесячны заробак скараціўся на 186 тысяч рублёў. Ці можна гэта назваць часовай сэзоннай зьявай альбо гэта адлюстраваньне тэндэнцыяў у беларускай эканоміцы? Ці можна сказаць, што павялічэньне заробку, што адбывалася ў канцы мінулага году, было дасягнута ў тым ліку дзякуючы замежным крэдытам, а зараз гэтая магчымасьць рэзка паменшылася? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: Намінальны сярэднемесячны заробак склаў у студзені 2011 году 1.409.600 рублёў супраць 1.595.900 у сьнежні, скараціўшыся на 11,7%. Ці гэта сэзонная студзеньская зьява ці тут ужо працуе пэўная пасьлявыбарная тэндэнцыя?

Залескі: Так, працэнтаў на 8 гэта можна аднесьці на прэміі і выплаты, што былі ў канцы году. І працэнты на 2-3 — гэта ўжо складваецца тэндэнцыя ў эканоміцы.

Звычайна перад новым годам людзям выдаюць шмат грошай, пасьля новага году прадпрыемствы пачынаюць крэдытавацца. Тут яшчэ ёсьць нюанс, нібыта шмат сьвятаў прыпадае на студзень. Але люты мае яшчэ менш працоўных дзён, так што паглядзім, ці будуць заробкі ў лютым яшчэ меншыя.

У любым выпадку, такія ваганьні непажаданыя на рынку. І прадаўцы арыентуюцца на плацёжаздольны попыт, і спажыўцы арыентуюцца на пэўную стабільнасьць.

Цыганкоў: Эканамісты казалі, што ў канцы году ўлада наўмысна напампоўвала рост заробку ў выбарчых мэтах, і што працягваць гэтую тэндэнцыю будзе немагчыма. Ці пацьвярджаюць гэтыя перасьцярогі студзеньскія вынікі, ці можна сказаць, што цяпер няма аб’ектыўных прычынаў у эканоміцы для росту заробку?
Ва ўсім сьвеце асаблівасьць заробку ў тым, што ён зароблены.

Залескі: Ва ўсім сьвеце асаблівасьць заробку ў тым, што ён зароблены. У нас дзеля дэмагагічных папулісцкіх мэтаў у канцы году вялі кампанію — давайце забясьпечым 500 даляраў. Нібыта дасягнем гэтыя 500 даляраў і будзе ўсім шчасьце. Для «шчасьця» трэба людзям рукі разьвязаць. У нас жа ўсе «рэформы» зводзяцца да таго, што спачатку ўрад нешта ціха прапішчэў, а потым Лукашэнка на іх нагамі натупаў і сказаў, што ня будзе вам ані зямельнай рэформы, ані прыватызацыі.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што рост заробку ў 2010-м дасягаўся ў тым ліку і замежнымі крэдытамі? А зараз сытуацыя з крэдытамі зьмянілася, і па палітычных прычынах атрымаць іх будзе ня так проста.

Залескі: Нельга канцэнтравацца толькі на замежных крэдытах, хаця яны сваю ролю адыгралі. На сёньняшні дзень наша слаўная сельская гаспадарка вінаватая дзяржаве 18 трыльёнаў рублёў, гэта звыш 6 мільярдаў даляраў. Таму ўнутраныя крэдыты ня меншыя за зьнешнія. І сельская гаспадарка ў нас не адна галіна, што бярэ крэдыты. Хтосьці браў грошы ў банках пад абарот і павышаў заробкі, нехта пазычаў за мяжой і таксама павялічваў заробкі. У той час як ва ўсім сьвеце кожны гаспадар рупіцца пра падвышэньне прадукцыйнасьці працы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG