Кіраўніцтва партыі БНФ атрымала яшчэ адно папярэджаньне жыльлёва-камунальных службаў Савецкага раёну Менску, што займанае памяшканьне на вуліцы Машэрава, 8 (былой Варвашэні) павінна быць вызваленае да 31 сакавіка.
У гэтыя тэрміны заканчваецца дамова арэнды, і прынятае канчатковае рашэньне, што новая дамова заключацца ня будзе. Дэмакратычныя актывісты заяўляюць, што гэта працяг "зачысткі" ўсёй беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Фармальнай падставай, каб адмовіць у праве на арэнду, улады называюць пратэрміноўку аплаты, якая здаралася мінулымі гадамі. Спрэчныя пытаньні даўно вырашаныя, аднак ніякіх перамоваў на тэму далейшага супрацоўніцтва чыноўнікі весьці ня хочуць,-- паведаміў "Свабодзе" намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
"Мы спрабавалі пісаць у Менгарвыканкам, але там нават не разглядалі наш зварот і перадалі яго на разгляд ЖРЭА. Зараз я буду спрабаваць патрапіць на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Ладуцькі, бо мяне да яго не запісваюць, адмаўляюць. Я быў толькі ў ягонага намесьніка Калтовіча, які паведаміў, што прынятае адназначнае рашэньне нас высяляць".
Памяшканьне на былой Варвашэні, 8 (цяпер праспэкце Машэрава) партыя БНФ арандуе амаль 20 гадоў. За працяглы тэрмін сядзіба сталася ня толькі партыйным офісам, але і цэнтрам нацыянальнай культуры. Таму страта сядзібы — удар па ўсім дэмакратычным асяродку Менску, кажа адна з заснавальніц партыі БНФ і грамадзкай арганізацыі "Адраджэньне" Людміла Белахвостава:
"Гэта знакавае месца, бо тут зьбіраліся ня толькі сябры партыі БНФ, але і
Страта менавіта гэтай сядзібы ў цэнтры Менску — гэта вялікая страта для ўсёй нашай інтэлігенцыі".
Сталыя традыцыі на сядзібе партыі БНФ — прэзэнтацыя кніг і кінафільмаў, літаратурныя і музычныя вечарыны, мастацкія выставы. Сябра творчай суполкі "Пагоня", мастак Аляксей Марачкін мяркуе, што ўлады на фармальных падставах праводзяць "зачыстку" апазыцыйнай супольнасьці:
"Гэта сапраўды найвялікшая страта, калі адбяруць гэтае памяшканьне. Гэта адзіная выспа свабоды, дзе можна было наладжваць непадцэнзурныя імпрэзы. Тыя карціны, якія з цэнзурных прычынаў могуць не прайсьці на юбілейнай выставе ў Палацы мастацтва, то мы пакажам у сядзібе партыі БНФ. Але калі ня будзе памяшканьня, то невядома, дзе і што паказваць. Усё гэта працуе на агульную палітыку афіцыйнай улады — весьці "зачыстку".
Кіраўніцтва партыі БНФ мае намер працягваць змаганьне за сядзібу партыі і заклікае далучыцца да сваіх намаганьняў усю дэмакратычную супольнасьць. Адначасна абмяркоўваюцца магчымасьці арэнды новага памяшканьня.