Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША ў Горадні?


Будучы прэзыдэнт ЗША спыняўся ў Горадні, калі гаварыць больш дакладна. Гэта даўно вядома гісторыкам. Дуайт Эйзэнхаўэр, у чыне маёра, у складзе вайсковай місіі наведаў горад, начаваў у гатэлі “Раяль”. Камяніца гэтая сёньня нагадвае руіну.

Зьнішчэньне


Улады бязьдзейнічаюць, хаця помнік архітэктуры добра відзён з вокнаў аблвыканкаму. Камяніцы больш за сто гадоў, выразна бачны стыль мадэрн. Гэта адзін з самых адметных у горадзе, прычым, моцна збудаваных дамоў. Гарадзенцы ходзяць міма і кусаюць локці ад бязраднасьці: помнік разбураецца, ну а потым зробяць, як звычайна, муляж, мяркуюць мінакі.

Калісьці гатэль “Раяль”, у савецкія часы рэстаран “Гродна” — да 1988 году, калі яму перадалі назву закрытага на рамонт рэстарана “Беласток” (яго “рамантуюць” 23 гады!). Словам, у сёньняшняй памяці гарадзенцаў гэта менавіта “Беласток”. Надзвычай папулярнае месца, самы стары грунтоўны рэстаран у гістарычнай забудове. Памятаю: у вялікай залі балявалі адначасова чатыры вясельлі, пятае — у асобнай. Па чарзе з розных бакоў крычалі “Горка!”, было сьмешна, але весела.

Дзе ахоўная шыльда?!


Дайшло да прафанацыі: навокал на звычайных дамках вы ўбачыце ахоўныя шыльды, спачатку іх рабілі чыгуннымі, цяпер — тандэтна-бляшанымі. На мадэрновым доме на вул. Гараднічанскай, 20, які выразна вылучаецца сярод астатніх, ніякай шыльды, аднак, няма. Улада яго не ахоўвае, яна скінула яго са сваіх плеч.

Як жа гэта здарылася? Неверагодна, але самы папулярны рэстаран прагарэў, бо належаў дзяржаве, у яго на шыі каменем цяжэў “трэст сталовых і рэстаранаў”, што разьмяшчаўся ў былых гатэльных нумарах “Раяля”. Ніхто не хацеў купляць рэстаран з вялікімі даўгамі, а з “Макдональдсам” улады самі не пажадалі размаўляць. Падазраю, што раскручаная амэрыканская фірма бяз цяжкасьці магла б загаспадарыць “Беласток”. Тым больш ён вымагаў рэальна грунтоўнага рамонту, звонку выглядаў як мае быць.

Замест гэтага ўлады некалькі гадоў спрабавалі праз аўкцыён навязаць хоць каму-небудзь каштоўны помнік гарадзенскай архітэктуры. Урэшце камусьці збылі яго, і пачаліся чорныя дні “Беластоку”, ніякіх рэстаўратараў ніхто не ўбачыў. Праўда, у былой гатэльнай частцы здымалі кіно пра вайну “Дняпроўскі рубеж” — пра абарону Магілёва ў 1941-м. Радасьць невялікая, але яшчэ адзін незвычайны запіс у каляндар камяніцы.

Улада ад часу да часу нясьмела ўспамінала пра бяльмо ў людным месцы, якім зрабіўся рэстаран “Беласток”. Ну што ж, новы гаспадар для адчэпнага прыслаў рабочых, якія разбурылі рэстаранную залю, і зноўку надоўга зрабілася ціха. Ажно пакуль нядаўна, у самыя сьнегапады, паявіліся рабочыя і дэмантавалі гмах. Гарадзенцы канстатавалі: камяніца пачне разбурацца яшчэ хутчэй.

Дуайт Эйзэнхаўэр


Канечне, для ўладальніка рэстарана гэта падарунак лёсу. Ня будзе лішнім узгадаць: будучы прэзыдэнт ЗША, напрыклад, удала правёў спачатку апэрацыю па разгрому фэльдмаршала Ромэля ў Афрыцы, затым кіраваў высадкай у Нармандыі і разгромам немцаў з заходняга боку. А яшчэ вось і ў Горадні быў калісьці. Аформіць рэстарацыю ў прэзыдэнцкім стылі, значыцца зрабіць яе, апроч іншага, турыстычным аб’ектам. А калі ўлічыць, што тут жа, як пішуць гісторыкі, спыняўся, напрыклад, кайзэр Вільгэльм ІІ або ўдзельнік ураду БНР Алесь Цьвікевіч, то “Беласток” павінны былі ўжо даўно адрамантаваць і зарабляць на ім грошы.

А той факт, што вокны рэстарацыі выходзяць на вуліцу, якая за польскім часам мела імя амэрыканскага прэзыдэнта Гувэра, ён займаўся гуманітарнай дапамогай напачатку 1920-х, у тым ліку і жыхарам Горадні?..

Мары-мары, гарадзенцы сёньня скептыкі, жыцьцё зрабіла. Нават калі “Беласток” не разбураць зусім, то могуць заказаць інтэр’ер выпадковаму дызайнэру і ён аформіць яго ў купецкім стылі, напрыклад. Дый Горадня, калі шчыра, так і ня вырвалася са сваёй савецкай правінцыйнасьці. Які там Эйзэнхаўэр?! Калі пасьля нядаўняга прыезду ў горад амэрыканскага дыплямата, афіцыйная газэта выступіла са зьездліва-пільным артыкульчыкам, не спадабалася органу ўлады, што госьць падараваў абласной бібліятэцы кнігі і фільмы пра Амэрыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG