Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь віцебскага "Эўрапейскага клюбу" забралі аргтэхніку


Пасьля ператрусу ў доме № 5 па вуліцы 1-й Сеньненскай, які належыць віцебскаму актывісту Хрыстафору Жаляпаву, супрацоўнікі КДБ забралі два кампутары, больш за два дзясяткі дыскаў і дыскет, улёткі ды іншыя друкаваныя выданьні.

Спадар Жаляпаў
, давераная асоба Аляксея Міхалевіча і віцебскі каардынатар руху "За свабоду", прыехаў на ператрус разам з супрацоўнікамі КДБ. Напярэдадні яго праз тэлефон выклікалі нібыта на допыт у межах крымінальнай справы па факце масавых непарадкаў 19 сьнежня ў Менску. Аднак допыту не было: уласьніку дома, дзе віцебскія актывісты ладзяць сэмінары ды праводзяць сустрэчы, адразу паказалі пастанову на ператрус. Трое супрацоўнікаў КДБ павезьлі Хрыстафора Жаляпава ў "Эўрапейскі клюб", разам зь імі былі двое загадзя выкліканых панятых.

Ператрус праводзіўся ў прысутнасьці спадара Жаляпава, а таксама актывіста руху "За свабоду" Валерыя Пятрова. Калі супрацоўнікаў КДБ зацікавіла зьмесьціва сэйфа ў адным з пакояў, спадар Жаляпаў мусіў паехаць па ключы ў кватэру, дзе жыве, — але таксама ў суправаджэньні "чалавека ў цывільным".

Ператрус працягваўся крыху больш за дзьве гадзіны. І напрыканцы Хрыстафору Жаляпаву так і не паведамілі, ці выклічуць яго на сапраўдны допыт. А што да забранай аргтэхнікі, то супрацоўнікі КДБ сказалі, што вернуць яе цяпер ня хутка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG