Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: У заяве шасьці прэм'ераў няма нічога новага


Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных адказаў на пытаньне журналіста БелТА аб рэакцыі беларускага боку на заяву краін-удзельніц Вышаградзкай групы.

«Мы бачым у гэтай заяве ня больш чым паўтарэньне асобнымі краінамі-членамі Эўрапейскага зьвязу нядаўніх заключэньняў Рады ЭЗ.

Наша пазыцыя ў гэтым пытаньні, выкладзеная ў парадку рэакцыі на заключэньня ЭЗ, вядомая.

У сваю чаргу мы хацелі б яшчэ раз падкрэсьліць, што гэткія заявы супярэчаць духу партнэрства і добрасуседзтва, які традыцыйна характарызуе дачыненьні паміж нашай краінай і дзяржавамі Вышаградзкай групы», - заявіў А.Савіных.

15 лютага ў Браціславе прэм’еры краінаў Вышаградзкай чацьвёркі – Вугоршчыны – Віктар Орбан, Славаччыны – Івэта Радзічава, Польшчы – Дональд Туск, Чэхіі – Пэтр Нэчас, а таксама канцлеры Нямеччыны – Ангела Мэркель і Аўстрыі – Вэрнэр Файман – запатрабавалі ад Беларусі вызваліць палітвязьняў, зьняўшы зь іх усе абвінавачваньні і спыніць рэпрэсіі.

Краіны Эўропы самі перажылі рэпрэсіі камунізму і таму ўзялі на сябе асноўную ролю ў падтрымцы дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Заява прэм'ераў стала чарговым крокам салідарнасьці.

«Я маю асабістыя стасункі з тымі, хто сядзіць сёньня ў турме, многія зь мае сябры, - сказаў у Браціславе польскі прэм'ер Дональд Туск. - Для іх і для ўсіх грамадзянаў Беларусі важна, што мы пра іх не забываем».

Прэм'ер Славаччыны Івэта Радзічава заявіла: «Мы зьвяртаемся з рашучым заклікам да ўладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў і зьняць зь іх абвінавачаньні. Мы патрабуем спыніць усе палітычныя рэпрэсіі і цкаваньні апазыцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці».

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, ацэньваючы вынікі сустрэчы ў Браціславе, сказала: «Мы надзвычай задаволеныя прынятай намі сёньня заявай наконт Беларусі. Датрыманьне правоў чалавека, вядома ж, вельмі важнае для тых людзей у Беларусі, якія ўвечары ў дзень выбараў зазналі гвалт і арышты. Мы – разам з апазыцыяй, якая мусіць мець магчымасьць насамрэч рэалізаваць свае законныя правы, і мы будзем за гэтым вельмі ўважліва сачыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG