Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілана Міхалевіч: «У нашага адваката адбіраюць працоўныя інструмэнты»


КДБ, Менск
КДБ, Менск
Навошта ў адваката Алеся Міхалевіча запатрабавалі ўсе ягоныя дакумэнты? Скаргі на парушэньні правоў вязьня «амэрыканкі» Паўла Севярынца далі плён, лічыць маці актывіста Тацяна. КДБ не адказвае на просьбу Ўладзімера Някляева аб сустрэчы з дачкой Евай.

10 лютага супрацоўнікі КДБ прыйшлі ў Ленінскую раённую юрыдычную кансультацыю і запатрабавалі выдачы ўсіх дакумэнтаў адваката Алега Агеева, які абараняе экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча. Ціскам на адваката лічыць такія дзеяньні жонка Алеся Міхалевіча Мілана:

«Тое, што рабілася адносна яго сёньня, — проста беспрэцэдэнтна. У адваката, па сутнасьці, забіраюць інструмэнты ягонай працы. Не выключаю, што гэта робіцца дзеля таго, каб прымусіць яго адмовіцца ад абароны Алеся. Гэта адвакат вельмі высокай кваліфікацыі, і, вядома, нам бы не хацелася мяняць яго на кагосьці іншага».

Алег Агееў сказаў «Свабодзе», што абураны гэтымі дзеяньнямі. Наконт таго, зь якой мэтай гэта робіцца, агучваць свае меркаваньні ня стаў. Паводле яго, супрацоўнікі КДБ тлумачаць свае дзеяньні пэўнай праверкай, а ці правяраюць толькі яго ці таксама іншых адвакатаў, яму невядома:

«Ня ведаю, мне нічога ня кажуць. Ці пагражае мне пазбаўленьне ліцэнзіі? На самым пачатку студзеня мне вынесьлі прадпісаньне аб магчымасьці прыпыненьня ліцэнзіі. Ужо атрымаў гэтае прадпісаньне. За крытыку сьледчага ізалятара КДБ. Але я працягваю працаваць. Адмовіцца ад абароны Міхалевіча я ня маю права, гэта мой прафэсійны абавязак».
Адмовіцца ад абароны Міхалевіча я ня маю права, гэта мой прафэсійны абавязак.


Карэспандэнт: «Дарэчы, калі вы апошні раз спрабавалі да яго прайсьці?»

«Учора. Цэлы дзень правёў у сьледчым ізалятары, дакладней, у бюро прапускоў КДБ, і зноў да яго ня трапіў».

На мінулым тыдні жонку яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, журналістку Ірыну Халіп, прымусілі адмовіцца ад першага адваката, Уладзімера Тоўсьціка, якому пагражалі тым, што забяруць ліцэнзію. Пра гэта паведамілі сваякі Ірыны Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам. Пасьля адмовілася ад абароны Халіп адвакат Тамара Гараева, зь якой ужо была заключана дамова. Адвакат спаслалася на занятасьць. На гэтым тыдні для жонкі Саньнікава знайшлі новага адваката — Ганну Бахціну, паведаміла маці Ірыны Люцына Халіп:

«Сёньня адвакат была ў Ірыны, зараз яна можа зь ёй працаваць. Былі праблемы, але зараз быццам бы вырашыліся».

Як і адвакату Алеся Міхалевіча, не ўдаецца дамагчыся спатканьня з падабароннымі адвакатам шмат якіх фігурантаў справы 19 сьнежня. Сваякі Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Атрошчанкава кажуць — зьвестак пра тое, што былі сьледчыя дзеяньні з удзелам адвакатаў, у іх няма. Што да ліставаньня, тут справы зрушыліся ў лепшы бок. Сёньня, 10 лютага, прыйшоў доўгачаканы ліст ад Сяргея Марцалева — гэта ўсяго толькі другі ліст ад актывіста штабу Статкевіча. Таксама другі ліст за амаль два месяца арышту атрымала жонка Зьмітра Бандарэнкі.
Лісты, як я заўважыў, цяпер прыходзяць праз 3-4 дні.
Сваякі некаторых вязьняў атрымліваюць адразу па некалькі лістоў, якія, відаць, назапасіла турэмная цэнзура. Уладзімер Палажанка таксама атрымаў днямі чарговы ліст ад дачкі Насты:

«Лісты, як я заўважыў, цяпер прыходзяць праз 3-4 дні. Нейкім чынам, мяркую, наладжваецца нармальная перапіска».

Маці Паўла Севярынца Тацяна, якая таксама атрымала ліст ад сына пасьля вялікага перапынку, перакананая: зьмены адбыліся ня самі па сабе:

«Мой кароткі камэнтар такі, што ўсе мае намаганьні — хаджэньне па інстанцыях, скаргі — усё гэта ўсё ж мае пэўны плён».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG