Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч


Нарадзіўся 15 траўня 1975 г. у Менску ў сям'і навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (тады Акадэміі навук БССР).

Вучыўся ў матэматычнай школе №19 г. Менску, Беларускім гуманітарным ліцэі.

У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці "палітоляг-юрыст". Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ўзначальваў Аб'яднаньне Беларускіх Студэнтаў – грамадзкую арганізацыю, якая абараняе правы навучэнцаў беларускіх ВНУ. Стажыраваўся ў Варшаўскім (Польшча) і Оксфардзкім (Англія) унівэрсытэтах.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў намесьнікам дырэктара, генэральным дырэктарам СП "Аркадыя", якое спэцыялізавалася на турыстычным бізнэсе. У сувязі з удзелам кіраўніка кампаніі ў парлямэнцкіх выбарах 2004 году сама кампанія стала аб’ектам шматлікіх праверак і інспэкцый. Сёмая праверка прывяла Алеся Міхалевіча да рашэньня пакінуць пост генэральнага дырэктара СП "Аркадыя".

З 2006 г. – антыкрызісны кіраўнік, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ.

У 2007 – 2008 гг. – юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане.

У 2008 – 2010 гг. – юрыст Беларускага незалежнага прафсаюза.

Алесь Міхалевіч з юнацтва захапляецца рок-музыкай (The Beatles, The Doors, Deep Purple; "ДДТ"; "Н.Р.М", "Крама", "Нейра Дзюбель") і гістарычнай літаратурай. Гуляе ў сквош і настольны тэніс. Акрамя родных беларускай і расейскай, таксама вольна валодае польскай і ангельскай мовамі, вывучае нямецкую мову.

Радавы запасу ЎС РБ (не праходзіў тэрміновую службу з прычыны блізарукасьці сярэдняй ступені).

Жанаты, бацька дзьвюх дочак. Жонка Мілана – настаўніца ангельскай мовы. Дочкі: Леся, 2000 года нараджэньня, і Алена, 2009 года нараджэньня.


У 2004 – 2008 гг. – намесьнік старшыні партыі БНФ.

Пасьля вылучэньня на пост старшыні партыі ў 2008 г. і прапановы праграмы па яе рэфармаваньні выключаны з арганізацыі за публічную крытыку кіраўніцтва.

З 2003 па 2007 гг. – дэпутат Пухавіцкага раённага савета Менскай вобласьці, каардынатар Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. У той жа час – выдавец газэты "Рэгіён" (г. Мар'іна Горка Менскай вобласьці), ініцыятар шэрагу рашэньняў па пашырэньні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіраваньня.

27 студзеня 2010 году публічна абвясьціў аб пачатку сваёй кампаніі па вылучэньні на пост прэзыдэнта Беларусі ў якасьці незалежнага кандыдата.
XS
SM
MD
LG